Статак у цяпле – малако на стале

Пры тым, што слова цяпло ў даным выпадку   азначае не толькі тэмпературу. Высокім плюсам павінен характарызавацца вытворчы патэнцыял самой жывёлы, умовы яе ўтрымання і кармлення, адносіны работнікаў да сваіх гадаванцаў і працоўных абавязкаў. Як і ўвесь іншы антураж таго, што называецца сістэмай жывёлагадоўлі.

Лепшы аператар  машыннага даення СВК «Ляхавіцкі» Галіна Красоўская  (на здымку) ад кожнай каровы сваёй  групы летась   надаіла па 8686 кілаграмаў малака.   А гэты паказчык  па гаспадарцы   практычна дасягнуў 8300. Цудоўны вынік.

Вялікае малако

Здаецца, у «Ляхавіцкім» іменна так, як і анансавана. У супрацьлеглым выпадку, адкуль быць вялікаму малаку? Лічбавая карціна вельмі красамоўна гаворыць пра тое, хто ёсць хто ў малочнай жывёлагадоўлі раёна. За 2017 год ад кожнай каровы гаспадарка ў сярэднім надаіла 8294 кілаграмы малака. Каб зразумець глыбіню (ці шырыню) русінавіцкай малочнай ракі, гэту лічбу трэба памножыць на 952. На колькасць кароў, якія ўтрымліваюцца сёння на фермах сельгаскааператыва. Малочных фермаў тут тры – МТФ «Русінавічы», «Рачканы» і МТК «Русінавічы». Першая ў гэтым пераліку вытворчасць стала першай і па паказчыку ўдойнасці: кожная з 378 яе рагуль дала летась 8634 кілаграмы малака.
Здавалася б, куды больш? Але сёлета «Ляхавіцкі» дэманструе станоўчую дынаміку: для кожнай сярэдняй каровы гаспадаркі гэты студзень аказаўся на   47 кілаграмаў больш удойным, чым мінулагодні.
Колькасць, памножаная на якасць – гэта пра «Ляхавіцкі». Летась 97,8 працэнта малака рэалізавана гатункам экстра, тлустасць сырадою склала  3,7 працэнта. Таварнасць – 92,4.
Шлях да васьмітысячных вяршынь не быў лёгкім і кароткім. Крочылі хоць і па крыху, аднак толькі наперад: з 4177 кілаграмаў малака «на галаву» ў 1997 годзе, да – яшчэ раз палюбуемся на грасмайстарскую лічбу – 8294 кілаграмаў у 2017-м.

Каровы

Як ад таполі не дачакацца груш, так і ад патэнцыяльна нізкапрадукцыйнай каровы не атрымаць высокіх надояў. У намесніка старшыні СВК па жывёлагадоўлі Уладзіміра Ксёнжыка ёсць для гэтага адмысловы выраз – поўная галштынізацыя статка. Гэта азначае, што ў «Ляхавіцкім» працуюць толькі з «галштынамі» – пародай буйной рагатай жывёлы малочнага накірунку. Вызначаецца высокай прадукцыйнасцю і, па некаторых даных, з’яўляецца ці не самай распаўсюджанай у свеце. «Недахопам» пароды лічыцца яе патрабавальнасць. Да ўмоў утрымання – не пераносіць антысанітарыю, кармлення – толькі якасны корм ёй падавай, негатыўна рэагуе на стрэсавыя сітуацыі. Уся гэта спецыфіка разважанняў не для таго, каб прадставіць партрэт жывёлы. Мэта іншая – яшчэ раз падкрэсліць ашчадную гаспадарлівасць жывёлаводаў і не толькі «Ляхавіцкага», якія ўсе прыведзеныя вышэй патрабаванні выконваюць з дакладнасцю.
Пры гэтым бесперапынная і, у самым лепшым значэнні слова, настойлівая селекцыя – паляпшэнне асноўнага статка за кошт папаўнення яго найбольш перспектыўным у плане здароўя і прадукцыйнасці маладняку.
Пабудаваны каля сямі гадоў назад у адпаведнасці з апошнімі стандартамі малочнатаварны комплекс «Русінавічы» стаў у нейкім сэнсе яшчэ і каталізатарам актыўнага развіцця сучасных тэхналогій. Старыя МТФ пачалі больш актыўна «падганяць» пад новыя лякалы. Так і на Русінавіцкай, і на Рачканскай МТФ з’явіліся цэхі сухастою і раздою. Першы з названых – своеасаблівы прафілакторый, куды жывёлы адпраўляюцца за 2 месяцы да ацёлу. Адпачываюць, набіраюцца сіл перад адказным момантам. Наяўнасць такога памяшкання, як адзначылі ў гаспадарцы, гарантуе і лепшую захаванасць цялят.
Цяляты ў «Ляхавіцкім» таксама ўтрымліваюцца ў адпаведных іх узросту ўмовах. Адзін з новых цёплых цялятнікаў, напрыклад, здадзены пад «засяленне» параўнальна нядаўна.

Кармы

Яшчэ адзін абавязковы складнік высокіх удояў. Тут таксама распараджальнікамі балю ўсё больш з’яўляюцца новыя тэхналогіі і метады іх выкарыстання ў раслінаводстве, якое з’яўляецца корманарыхтоўчай базай увогуле і кормавытворчасці ў прыватнасці. «Шыкоўная рэч» –  такі камплімент у дачыненні запакаванага ў поліэтыленавую плёнку сенажу зрабіў падчас размовы адзін са спецыялістаў гаспадаркі. Магутныя рады «шыкоўных рэчаў» вы знойдзеце пры кожным жывёлагадоўчым аб’екце «Ляхавіцкага». Гэта відавочны і дастаткова відовішчны плён намаганняў усяго аграцэха гаспадаркі, вынік вясенне-летніх клопатаў яе корманарыхтоўшчыкаў. Але не толькі поліэтылен. Павінен быць здаровы баланс, перакананы тут. У тым ліку і здаровы эканамічна, паколькі закладка травы ў плёнку –  спосаб не самы танны: пакупка абсталявання, расходнікаў, іншае. Траншэйны сянаж-сілас, канешне, таксама прысутнічае. Галоўнае – што і як закладваць у траншэю. Правільная работа ад пачатку да канца, выкананне ўсіх нормаў і патрабаванняў гарантуе якасць. А якасць – колькасць гатовага прадукту.
Дыферэнцыраванае кармленне – гучыць таксама па-русіна-віцку. І азначае, што рацыён рагуль мае прывязку да іх фактычнай прадукцыйнасці. Схемы распісвае галоўны жывёлавод, а іх практычнае ўвасабленне з’яўляецца абавязкам работнікаў звяна па кармленні жывёлы. Колькі і якога інгрэдыента загрузіць у канкрэтны кормараздатчык-змешвальнік, апошнія добра ведаюць і працуюць у адпаведнасці.
Пашы? Высакаякасныя, шматкампанентныя, як правіла, значная доля ў іх прыходзіцца на травы з высокім утрыманнем бялковага кампанента.
– У нас заўсёды ёсць пераходны запас кармоў. Факт, які дабаўляе стабільнасці, – адзначае Уладзімір Ксёнжык.

Кадры

Іменна работнікі з’яўляюцца галоўным складнікам любога поспеху. І ніжэйзгаданыя, і абсалютная большасць іншых працаўнікоў «Ляхавіцкага» – людзі на сваім месцы. Не толькі жывёлаводы, на галіну працуюць паляводы і механізатары, спецыялісты, кіраўнікі. Умелая арганізацыя – першая справа ў любой справе. Аляксандр Вітко толькі год, як са старшыні СВК перайшоў на пасаду яго намесніка. А да гэтага былі доўгія дзесяцігоддзі на вяршыні гаспадарчай адказнасці. Пералічыць яго заслугі перад СВК немагчыма. Іван Вітко – кіраўнік, канешне, малады, аднак вопытны і граматны спецыяліст-аграрый. Раіса Вітко доўгі час служыла на ніве жывёлагадоўлі «Ляхавіцкага» заатэхнікам-селекцыянерам, асобныя яе напрацоўкі і зараз працягваюць служыць на карысць гаспадаркі. Напрыклад, іменна Раіса Іванаўна пачала распрацоўку і ўкараненне ў межах гаспадаркі сістэмы камп’ютарызаванага ўліку жывёлы. Працавала разам з Надзеяй Баўтрукевіч – такім жа заслужаным і паважаным ветэранам прадпрыемства. Заатэхнік-селекцыянер «Ляхавіцкага» Галіна Ксёнжык паспяхова прадаўжае і развівае справу старэйшых калег.
Аператары машыннага даення Галіна Красоўская, Людміла Новік, Таццяна Радомская, Зоя Сяцько, Людміла Казакевіч, загадчыкі малочнатаварных фермаў «Русінавічы» Эдуард Шэпет, «Рачканы» – Анатолій Слаута складаюць каманду, што працуе на вынік, які, найчасцей, пераможны. Прафілактыка здароўя статка, лячэнне ў выпадку неабходнасці знаходзіцца ў руках ветэрынарнай службы сельгаскааператыва, узначальвае якую Дзмітрый Козел. Многа пазітыву і добрых слоў атрымалася пачуць у адрас тэхніка-асемянатара Івана Патаповіча.
Ну і намеснік старшыні СВК па жывёлагадоўлі Уладзімір Ксёнжык. Гэту надзвычай адказную і ў роўнай ступені клапатлівую пасаду займае больш за тры дзясяткі гадоў. Яму асаблівы рэспект: пра пераважную большасць таго, што напісана ў гэтым матэрыяле, аўтар даведаўся дзякуючы Уладзіміру Пятровічу.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Даглядчыкі БРЖ Валянціна Чарняўская і Алена Стасевіч.

Загадчык самай высокаўдойнай фермы Эдуард Шэпет.

Тэхнік-асемянатар  Іван Патаповіч.

Слесар па абслугоўванні даільных установак Сяргей Асланян.

Намеснік старшыні па жывёлагадоўлі Уладзімір Ксёнжык (злева) з механізатарамі-корманарыхтоўшчыкамі Аляксандрам Буйкевічам і Міхаілам Жарскім.

Заатэхнік-селекцыянер  Галіна Ксёнжык.

Статак у цяпле – малако на стале: 1 комментарий

  • 14/02/2018 в 22:07
    Permalink

    Зноў «Ляхавіцкі», можа хтосьці сказаць. А вось так. Малайцы землякі! Люблю чытаць пра іх дасягненні. ПРаўда, дастаюцца яны адданай працай, аде затое маюць і хлеб, і , як кажуць, масла.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *