Умелы спартыўны баец – ва ўсім маладзец

У пятніцу  ў СДЮШАР Ляхавіцкага раёна скакалі, бегалі і дэманстравалі спартыўную паходку. Усё – у гонар абаронцаў, як прысвячэнне да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, мужнага свята, якое мы адзначым праз тыдзень. Спаборніцтвы з’яўляюцца ляхавіцкай «знаходкай» і праводзяцца ў нас ужо далёка не першы год.

У традыцыі гаспадароў – запрашаць да стартаў юных (2005 года нараджэння і малодшых) лёгкаатлетаў з гарадоў і раёнаў вобласці. На гэты раз паспаборнічаць у бегу на 30, 600, 1000 метраў, бар’ерным бегу на 40, спартыўнай хадзьбе на кіламетр, змешанай эстафеце, скачках з месца ў Ляхавічы прыязджалі каманды з Пінскага, Столінскага і Ганцавіцкага раёнаў. Такім чынам агульны фармат спаборніцтваў вызначаўся прыкладна сотняй удзельнікаў. Рамонт, які ў «старой» частцы спартшколы ўсё яшчэ працягваецца, прымусіў арганізатараў некалькі падкарэкціраваць праграму мерапрыемства. Тыя ж скачкі з месца, напрыклад, цалкам вымушаная мера – хоць нейкая ды альтэрнатыва такой лёгкаатлетычнай дысцыпліне як скачкі ў даўжыню.
Расклад дня атрымаўся вельмі насычаным, а сярод пераможцаў і прызёраў турніру значацца прозвішчы прадстаўнікоў кожнай з чатырох каманд-удзельніц. Адны паказалі лепшую падрыхтоўку ў бегу на кароткія адрэзкі, другія былі больш паспяховымі ў скачках, трэція – у эстафеце. Камандны рэйтынг спаборніцтваў не вызначаўся.
Іван КАВАЛЕНКА.

Выкарыстана ілюстрацыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *