«Шануйце шчасце, яно – у міры»

Ветэран вайны Іван Буцько прымае віншаванні ад старшыні раённага савета ветэранаў Мікалая Юруця.

…Зіма ў вёсцы – штосьці неверагоднае, казачнае, чароўнае. Па абодва бакі дарогі прыгожыя, жоўтыя, чырвоныя, зялёныя домікі, усё ў промнях лютаўскага сонца так і кліча прайсціся. Ля кожнай брамкі – лавачка, абавязковы элемент вясковага пейзажу, гарманічнага, спакойнага і такога ўтульнага. Нетаропка, няхай і з палачкай, але вельмі ўпэўнена, па-гаспадарску Іван Буцько крочыць ля сваёй хаты, прыпыняецца, прыглядаецца да родных мыслабажскіх мясцін.

Нечаканым гасцям Іван Трафімавіч вельмі абрадаваўся. Хоць зрок з гадамі і стаў яго падводзіць, але з першых прывітальных слоў адразу пазнаў старшыню раённага савета ветэранаў Мікалая Юруця і старшыню Начаўскага сельвыканкама Вячаслава Новіка. Нагода не проста заехаць і пацікавіцца справамі, як гэта бывае звычайна, а святочная, юбілейная, 95-гадовая.
Расчулены ад увагі, віншавальных прыемнасцяў, напэўна, і ад успамінаў пра вайну, што пры-звала яго на абарону Радзімы ў далёкім 1944-м, Іван Буцько сёння ледзь стрымлівае слёзы. Паказвае пасведчанні да медалёў і ордэнаў, уздыхае:
– У дваццаць адзін я трапіў у армію. Вучыўся ў аўтаматнай роце ў Жытоміры, пасля накіравалі ў Эстонію, была і Польшча, затым – Германія. Жыццё выпрабоўвала на трываласць. Вайна скончылася, але мая ваенная гісторыя працягнулася да 1947-га, да Сахаліна, адкуль я дэмабілізаваўся. Прыехаў сюды, у родную Мыслабаж, будаваць жыццё з маёй Нінай…
Іван Буцько даўно стаў удаўцом, але не адчувае сябе адзінокім: наведваюць дзеці, унукі і праўнукі. Кожны дзень прыязджае дачка Галіна: і печку напаліць, і нагатуе, і прыбярэцца. А ў двары, жартуе ветэран, у яго надзейны сябра і вартаўнік Барс.
Іван Трафімавіч задаволены, што старшыня сельвыканкама заўсёды на сувязі. Прызнаецца, што вельмі рады, калі ў госці прыходзяць актывісты БРСМ і калі з ветэранскай арганізацыі раёна заглядаюць пацікавіцца справамі.
– Такая ўвага бясцэнная. Галоўнае, што сёння мірна. Мне давялося ўбачыць сапраўдную вайну, таму калі гавару пра мір, ведаю кошт гэтага шчасця. Шануйце кожнае яго імгненне, – на развітанне пажадаў Іван Буцько.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

One thought on “«Шануйце шчасце, яно – у міры»

  • 22/02/2018 в 22:26
    Permalink

    Сапраўды, шчасце — у міры. Галоўнае зараз паспець занатаваць для нашчадкаў расказы ветэранаў. Так важна ведаць мінулае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *