Скажы наркотыкам не! 1 сакавіка – Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам

Бяда, тупік, трагедыя – гэта пра наркаманію, і гэта не перабольшанне. «Скажы наркотыкам не!» – так называецца інфармацыйна-адукацыйная акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня барацьбы з наркотыкамі, якая праводзіцца ў нашым раёне з 26 лютага па 2 сакавіка.
Яна прадугледжвае тэматычныя сустрэчы медыкаў, педагогаў, супрацоўнікаў міліцыі з навучэнцамі школ і ЛДАКа, працоўнымі калектывамі, работу гарачых тэлефонных ліній і кансультаванне па пытаннях лячэння наркатычнай залежнасці, аказання меддапамогі асобам, залежным ад наркатычных сродкаў, а таксама трэнінг-прагляд і абмеркаванне фільмаў і ролікаў па гэтай тэме і многае іншае. У тым ліку – і круглы стол «ЛВ», у якім пра праблему разважаюць кампетэнтныя суразмоўцы: урач-нарколаг райбальніцы Вікторыя ДзярАчыц, псіхолаг райЦГіЭ Ганна Клімовіч, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Андрэй Чаранкевіч, намеснік дырэктара ЛДАКа па выхаваўчай рабоце Таццяна Траццяк.

Вікторыя ДЗЯРАЧЫЦ:
– Праблема наркаманіі з’яўляецца адной з найбольш актуальных як для ўстаноў аховы здароўя, так і для грамадства ў цэлым. Гэта абумоўлена цяжкімі медыцынскімі і сацыяльнымі наступствамі злоўжывання псіхаактыўнымі рэчывамі. Па стане на   1 студзеня гэтага года, агульная колькасць зарэгістраваных наркалагічнай службай хворых наркаманіяй, таксікаманіяй і іншых спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў у Брэсцкай вобласці склала 1303 чалавекі (у 2016 годзе – 1486), з іх 798 хранічных наркаманаў. Большасць зарэгістраваных наркаманаў – людзі ва ўзросце ад 21 да 40 гадоў (73,2 працэнта), у тым ліку маладыя людзі ва ўзросце 19-20 гадоў – 54 чалавекі.
Наркотыкі згубна ўплываюць не толькі на псіхіку, але і на ўсе органы і сістэмы арганізма. У першую чаргу разбураюцца печань, мозг, ныркі, сэрца, рэпрадуктыўныя органы. Перадазіроўка наркотыкаў можа стаць прычынай смерці, прывесці да заражэння інфекцыйнымі хваробамі, такімі, як ВІЧ ці гепатыт C. Толькі ўявіце, што сярэдняя працягласць жыцця наркамана пры пастаянным ужыванні наркотыкаў унутрывенна – прыкладна 6-8 гадоў, потым проста не вытрымлівае печань або сэрца. Увогуле працягласць жыцця наркамана не болей за 36 гадоў. Нярэдка людзі гінуць ад няшчасных выпадкаў менавіта ў стане наркатычнага ап’янення, канчаюць жыццё самагубствам або паміраюць ад перадазіроўкі. Страшна, што часцей за ўсё мэта ў жыцці наркамана адна – дастаць дозу.
– Па стане на 1 студзеня ў Ляхавіцкім раёне зарэгістравана на ўсіх відах уліку сем аматараў наркотыкаў, з іх пяць знаходзяцца на дыспансерным уліку як хранічныя наркаманы, таксікаманы, тыя, хто спалучае ўжыванне таксічных рэчываў і алкаголь. У мінулым годзе на ўліку райбальніцы стаялі 11 чалавек з рознай залежнасцю. У параўнанні з іншымі раёнамі Брэсцкай вобласці наш знаходзіцца на 15 месцы па колькасці залежных ад наркотыкаў, сёння нават назіраецца тэндэнцыя да зніжэння. Гэта пацвярджае, што вядзецца эфектыўная прафілактычная работа з боку ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, РАУС.

Ганна КЛІМОВІЧ:
– Можна выдзеліць некаторыя групы сацыяльных і псіхалагічных фактараў, якія вызначаюць распаўсюджванне наркаманіі сярод моладзі.
Фактар вуліцы. Далучэнне да наркотыкаў адбываецца часцей за ўсё падчас сацыяльных кантактаў, якія маладыя людзі знаходзяць у нефармальным асяроддзі вулічнага акружэння, менавіта яно аказвае найбольш моцнае ўздзеянне на рашэнне падлеткаў прымаць наркотыкі. Чалавек можа быць здаровай і разумнай асобай, але, трапіўшы пад уплыў дрэннай кампаніі, не ў стане супраціўляцца. Часта менавіта новыя так званыя «сябры» дапамагаюць нармальнаму чалавеку ператварыцца ў наркамана.

Фактар інтарэсу. Часта матывацыяй да першай пробы наркотыкаў становіцца цікаўнасць перад новымі адчуваннямі. Прычым, узнікнуць яна можа як самастойна, так і ад чужога ўздзеяння. Чалавек, які ўпершыню прыняў наркотык, думае, што нічога страшнага не адбудзецца, калі зрабіць гэта толькі адзін раз. І памыляецца.

Геданічны фактар. Вядучай прычынай ўжывання наркотыкаў з’яўляецца атрыманне задавальнення, дасягненне эйфарыі. Часам чалавеку недастаткова проста дасягнуць задавальнення і падняць сабе настрой. Жаданне эйфарыі – гэта патрэба ў змяненні ладу жыцця, уцёкі ад праблем.

Фактар моды. У пэўных колах мала-дзёжнага асяроддзя ўжыванне наркотыкаў з’яўляецца модным. Некаторыя маладыя людзі лічаць, што гэта можа дапамагчы ім расслабіцца, забыць пра праблемы, стаць больш упэўненымі і атрымаць задавальненне. І гэта таксама памылка.

Фактар самасцвярджэння. Імкненне чалавека да самасцвярджэння з’яўляецца ў раннім падлеткавым узросце. Калі сітуацыя ў акружэнні дзіцяці спрыяльная, то яно як асоба развіваецца гарманічна, а яго патрэба да самасцвярджэння рэалізуецца ў добрай вучобе, ва ўдасканаленні фізічнага і псіхічнага развіцця, імкненні дасягнуць поспеху ў якой-небудзь дзейнасці.
У неспрыяльнай абстаноўцы патрэба да самасцвярджэння можа выяўляцца пратэстам, упартасцю і негатывізмам. Падлетак выкарыстоўвае нецэнзурную лексіку, пачынае курыць, ужываць алкаголь і наркатычныя рэчывы. Вынік – сумны.

Андрэй ЧАРАНКЕВІЧ:
– У адносінах да асоб, якія стаяць на ўліку ва ўрача-нарколага па катэгорыі «наркаман», вядзецца аператыўная работа, накіраваная на прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў. Выяўляем і тых грамадзян, хто мае дачыненне да распаўсюджвання курыцельных сумесей – «спайсаў» – у маладзёжным асяроддзі. Распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па ўстанаўленні і спыненні дзейнасці віртуальных гандлёвых інтэрнэт-пляцовак, дзе ў якасці рэлаксацыі прапануюцца разнастайныя псіхаактыўныя рэчывы.
Шмат увагі надаецца рабоце па выяўленні грамадзян, якія вырошчваюць і распаўсюджваюць насенне маку. Штогод з 1 чэрвеня па 15 верасня ў Ляхавіцкім раёне праводзіцца спецыяльная аперацыя «Мак». Летась выяўлены 21 факт незаконнага пасеву гэтай культуры і 4 – канапель. Знішчана 182 кілаграмы маку, 112 кілаграмаў канапель на плошчы адпаведна звыш 625 і 209 квадратных метраў. Вінаватыя асобы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за незаконнае вырошчванне гэтых раслін.
Па-ранейшаму выяўляюцца факты захоўвання небяспечных рэчываў. У мінулым годзе знойдзена і знішчана 350 грамаў опіуму.
Ад наркаэйфарыі да злачынства крок. У 2017 годзе ўзбуджаны 2 крымінальныя справы па частцы 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса па лініі незаконнага абароту наркотыкаў.
Міліцыя звяртаецца з просьбай да ўсіх неабыякавых грамадзян: калі вам што-небудзь вядома пра вырошчванне, выраб ці распаўсюджванне наркаўтрымліваючых рэчываў, або калі вы сутыкнуліся з праб-лемай ужывання наркотыкаў, у тым ліку і сярод моладзі, – паведаміце ў міліцыю па нумарах 102, 2-48-37 ці асабіста оперупаўнаважанаму 8033-605-63-98. Таксама можна звярнуцца да ўчастковага міліцыянера. Гарантуем канфідэнцыяльнасць прадастаўленых звестак. Наркотыкі здольны разбурыць жыццё любога чалавека. Наша агульная задача – не дапусціць гэтага.

Вікторыя ДЗЯРАЧЫЦ:
Вельмі важна на ранняй стадыі выяўляць людзей з наркатычнай залежнасцю, каб паменшыць як медыцынскія, так і сацыяльныя наступствы ўжывання наркотыкаў, не дапусціць далейшага іх ужывання.
Тэматычныя лекцыі, круглыя сталы, паказ відэафільмаў, выступленні на бацькоўскіх сходах і іншая прафілактычная работа сярод школьнікаў дазваляе дзецям зразумець увесь жах ужывання наркотыкаў. Дарэчы, на ўліку ў райбальніцы падлеткі не знаходзяцца.

Таццяна  ТРАЦЦЯК:
– Бясспрэчна, сустрэчы з псіхолагамі, медыкамі неабходныя, важныя і актуальныя. Аднак, калі юнакі і дзяўчаты чуюць рэальныя гісторыі, як гаворыцца з першых вуснаў, – гэта зусім іншы эфект уздзеяння. Менавіта такая сустрэча была арганізавана ў каледжы ў лютым… з былым наркаманам. Ягоная споведзь павучальная, у тым сэнсе, як проста трапіць у багну наркаманіі. А пачалося ўсё з цыгарэты, першай чаркі спіртнога. А потым –  наркотыкі, у тым ліку, здавалася б, лёгкія – спайсы. А яшчэ – штодзённая барацьба з самім сабой. Чалавек пазбавіўся сям’і, сяброў, але ўсё ж знайшоў у сабе сілы і з дапамогай медыкаў перамог смяротную залежнасць. І цяпер ён актыўна дапамагае іншым, хто трапіў у падобную бяду. Не стамляецца паўтараць моладзі: лепш не спрабаваць, не пачынаць такое сяброўства.
Мы праводзім тэматычныя трэнінгі, прагляды відэафільмаў, інтэлектуальныя брэйн-рынгі, інтэрактыўныя методыкі. Сумесна з выкладчыкамі навучэнцы распрацоўваюць анкеты, ствараюць буклеты, арганізоўваюць дыялогі-сустрэчы. На адну з апошніх запрасілі ўрача-нарколага абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын» Міхаіла Каральчука, які расказваў пра розныя віды залежнасці. Галоўны вынік такой сумеснай работы: у ЛДАКу не выяўлена ніводнага выпадку ўжывання наркотыкаў.

Прыкметы, якія патрабуюць увагі ў выпадку падазрэння ва ўжыванні наркотыкаў:
✓ Змяненне пітнога рэжыму: чалавек выпівае ў 2-3 разы больш вадкасці, чым у норме. Гэта звязана з тым, што многія віды наркотыкаў валодаюць мачагонным эфектам.
✓ Змяненне харчовага рэжыму (не есць наогул нічога ці есць вельмі шмат). Справа ў тым, што на час дзеяння наркатычнага рэчыва апетыт прытупляецца, а ў выпадку выхаду наркотыка з арганізма адчуванне голаду аднаўляецца.
✓ Мяняецца памер зрэнак (расшыраюцца ці звужваюцца).
✓ З’яўленне на руках слядоў ад уколаў, нашэнне адзення з доўгімі рукавамі і ў цёплы час года.
✓Адчуванне незвычайнага паху ад адзенне (травы, ацэтону, чаромхі).
✓Мяняецца стан слізістай носа: атрафія слізістай, чалавек пастаянна шмыгае носам.
✓Знаходжанне рэчаў на стале, у пакоі, у кішэнях: кроплі для вачэй (сасуда-звужвальныя, таму што ўжыванне наркотыкаў выклікае пачырваненне вачэй), лыжачкі, скруткі, травяныя сумесі, трубкі для курэння, таблеткі незвычайнага знешняга выгляду без фабрычнай упакоўкі, загорнутыя ў поліэтыленавы пакет, паперу, каробачкі, шпрыцы, вата, колбачкі.
✓Узнікненне недаверных адносін у сям’і, пазбяганне стасункаў, імкненне бегчы з дому, не начаваць, выкрутлівасць, хлусня.
✓Частая змена настрою, эмацыянальная нястрыманасць, няўменне кантраляваць свой афект пры раней нармальных стасунках.
✓З’яўленне ў мове невядомых для вас словаў, так званы «наркатычны слэнг» з ухілам на ўжываемыя рэчывы.
✓Змена кампаніі, стасункі не з равеснікамі.

УВАГА

Своечасовы зварот за дапамогай да спецыяліста можа папярэдзіць хваробу ці спыніць яе далейшае развіццё. У паліклініцы райбальніцы можна атрымаць кансультацыю, пры неабходнасці –
лячэнне, у тым ліку – ананімна. З 27 лютага па 1 сакавіка гэтага года будзе працаваць тэлефон гарачай лініі. Пазваніць можна па нумары 2-46-43 з 9.00 да 16.00.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *