Здароўем дыхала ўсё. У СШ №1 г.Ляхавічы прайшла кансультатыўна-адукацыйная акцыя «Планета здароўя»

На мінулым тыдні навучэнцы і настаўнікі СШ № 1 яшчэ раз пацвердзілі, што, як гаворыцца, абедзвюма рукамі за здаровы лад жыцця – не толькі самі жывуць згодна «здаровых» правілаў, але і прапагандуюць іншым. Іх актыўнасці, знаходлівасці, зацікаўленасці ў кансультатыўна-адукацыйнай акцыі «Планета здароўя», якая праводзілася напачатку сакавіка ў рамках рэалізацыі праектаў, накіраваных на прафілактыку неінфекцыйных захворванняў, можна не толькі пазайздросціць, але і павучыцца.

Звычайныя школьныя перапынкі яны здолелі ператварыць у карысныя хвілінкі, адпачыць ў іншым фармаце. Запрасілі да сябе медыкаў з райбальніцы і райЦГіЭ – вымяралі артэрыяльны ціск, разлічвалі індэкс масы цела, вызначалі мышачную сілу рук. Выклікалі цікавасць кансультацыі ўрачоў псіхатэрапеўта і псіхіятра. Аказваецца, калі выканаць некалькі простых заданняў, прайсці спецыяльныя псіхалагічныя тэсты, можна вызначыць асобасныя асаблівасці чалавека, яго характар, тып узаемаадносін з іншымі, дыягнаставаць эмацыйны фон і г.д. Дарэчы, атрымаць кансультацыю ўрача маглі ўсе жадаючыя – і школьнікі, і настаўнікі, і бацькі, якія таксама далучыліся да дня здароўя.
Пра тое, што стравы школьнага меню не толькі карысныя, багатыя вітамінамі, але і вельмі смачныя, упэўніліся галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў і  начальнік аддзела   адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская. Пацвердзілі гэта сваім апетытам і школьнікі, якія са смакам за абедзве шчакі ўпляталі катлеты, булачкі з маслам, тварожную запяканку, вінегрэт і вітамінны салацік, садавіну і многае іншае. А яшчэ развучвалі комплекс практыкаванняў ранішняй гімнастыкі, выказвалі свае аргументы на карысць жыцця, гулялі на свежым паветры, разгадвалі крыжаванкі «Азбука здароўя», выконвалі літаратурныя заданні «Здароўе –  гэта здорава». Адным словам, на месцы не сядзелі, а гэта і ёсць вызначальная характарыстыка ладу жыцця, што завецца здаровым.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

One thought on “Здароўем дыхала ўсё. У СШ №1 г.Ляхавічы прайшла кансультатыўна-адукацыйная акцыя «Планета здароўя»

  • 13/03/2018 в 10:02
    Permalink

    Гэта так здорава, што настаўнікі з дзяцінства закладваюць у рабят асновы здаровага ладу жыцця. Прычым выкладаюць не толькі тэорыю, але і рэцэпты прапаноўваюць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *