Першая красавіцкая. На апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама разглядалася пытанне аптымізацыі сеткі лазняў на тэрыторыі раёна

Пытанне аб аптымізацыі сеткі лазняў на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ўжо не ўпершыню было прапанавана для разгляду ў фармаце апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама. І зноў канчатковае рашэнне па ім пастаўлена на паўзу. Было вырашана вярнуцца да яго яшчэ раз – разгледзець на старце другога паўгоддзя 2018-га. Ужо з улікам магчымых новых абставін і вынікаў работы гэтых гігіенічных устаноў за адзначаны перыяд.
– Мала наведвальнікаў, стратныя. Але галоўнае людзі: ні адзін чалавек не павінен застацца без увагі, – канстатаваў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.
Красавік – месяц вялікага прыбірання. Аб тым, што ў накірунку азначанай тэмы ўжо зроблена на тэрыторыі Конькаўскага сельсавета, якія планы і задачы па добраўпарадкаванні на перспектыву, дакладаў старшыня сельвыканкама Дзмітрый Багушэвіч. «Яго» тэрыторыя – гэта 13 населеных пунктаў, дзе пражывае 1683 чалавекі. Для іх – дзіцячыя сады-школы, бібліятэкі, ФАП і ўрачэбная амбулаторыя, аддзяленні сувязі, сетка магазінаў спажывецкай кааперацыі, сельскія Дамы культуры, іншыя аб’екты сацбытінфраструктуры. І ААТ «Шлях новы» ў якасці асноўнага працадаўцы для мясцовых жыхароў.
Навядзенне парадку на тэрыторыях з’яўляецца адным з асноўных накірункаў работы Конькаўскага сельвыканкама, адзначыў яго старшыня. Пры гэтым – асаблівая і самая пільная ўвага ў плане добраўпарадкавання надаецца размешчаным у перыметры адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі брацкім магілам і воінскім пахаванням.
Стыхійныя сметнікі, несанкцыя-наваныя месцы размяшчэння бытавых адходаў з’яўляюцца дастаткова гарачай тэмай для сельсавета. Найбольш вострае яе праяўленне, па словах дакладчыка, назіраецца ў ваколіцах вёсак Зарэчча, Чвыры, асобных кропках аграгарадка Дарава. Работа па папярэджанні ўзнікнення на тэрыторыях брудных язваў вядзецца рэгулярна і рознымі спосабамі. Прафілактыка ўздзейнічае не на ўсіх, даводзіцца падкасваць рукавы: за мінулы і з пачатку бягучага года сельвыканкам прыняў меры па ўборцы 8 сметнікаў і 7 несанкцыянаваных месцаў размяшчэння адходаў.
Цэнтралізаваным зборам бытавых адходаў ахоплены 10 з 13 населеных пунктаў сельсавета. Дагавор на аказанне гэтага віду камунальнай паслугі маюць 74,4 працэнта домаўладанняў. Якім чынам утылізуюць бытавыя адходы жыхары астатніх домаўладанняў? Адказ можна прачытаць абзацам вышэй –
з вялікай доляй верагоднасці.
У чатырох населеных пунктах сельсавета – аграгарадках Конькі і Дарава, вёсках Літва і Федзюкі – камунгас устанавіў кантэйнеры для паасобнага збору ЦБА.
Не спыняецца добраўпарадкаванне могілак. У мінулым годзе, для прыкладу, на каталіцкіх могілках ў Дараве было ўстаноўлена 200 метраў агароджы, даабсталявана кантэйнерная пляцоўка для часовага захоўвання адходаў. Выканана нямала работ і ў іншых месцах. У тым ліку, што тычыцца ўтрымання дарог і вуліц, стан якіх немагчыма назваць добрым.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *