Слова пра справу. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Меркаванні «веснікаўцаў»

 

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка правёў сустрэчу з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. У тэлестудыі прысутнічалі больш за 130 журналістаў, якія прадстаўляюць Белтэлерадыёкампанію, Другі нацыянальны канал, Сталічнае тэлебачанне, інфармагенцтва БЕЛТА, рэдакцыю газеты «Советская Белоруссия», выдавецкі дом «Звязда» і нацыянальны філіял міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «МІР».

Сваімі  меркаваннямі  наконт  вялікай размовы   падзяліліся «веснікаўцы»

Вольга БАРАДЗІНА, галоўны рэдактар «Ляхавіцкага весніка»:
– Шчаслівая быць вучаніцай на выдатным адкрытым уроку, таму што менавіта так успрыняла гэту глыбокую аналітыку і філасофію ў дачыненні СМІ і іх ролі ў грамадстве, гэту шчырую размову пра агульную справу.
Слова ў барацьбе за розумы і душы. Слова на службе міру. Слова, якое пачута і кліча да стваральнасці. Прэзідэнт гаварыў з журналістамі пра жыццёва важнае, пра тую высокую адказнасць перад грамадствам, якая вынікае з прафесійнага раскладу газетчыка, супрацоўніка радыё, тэлебачання, інтэрнэт-рэсурсаў.
Грамадзянін абавязаны быць патрыётам. Прыналежнасць да журналістыкі яшчэ больш узмацняе гэту канстанту асобы. Рэпартаж з месца падзеі (а падзея – жыццё) журналісты вядуць у рэжыме анлайн. З любоўю да Радзімы, з пашанай да чалавека, з жаданнем увасобіць слова ў справу на карысць таго, што любіць і шануе, – краіны і чалавека. Такое вось прызнанне ў высокіх пачуццях, якое выказваем нарысам, замалёўкай, інфармацыяй, эсэ, аналітычным артыкулам і нават крытычным, у якім крытыка канструктыўная, аб’ектыўная і ні ў якім разе не крытыканства.
Сёлета нашай раёнцы спаўняецца 75 гадоў. Народжаная ў партызанскім атрадзе, названая тады «Совецкім патрыётам», яна патрыётам застаецца заўсёды. Сённяшнія «веснікаўцы» працягваюць лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў, ствараюць новыя, удасканальваюць прафесіяналізм, заўсёды ў творчым пошуку і ў цеснай сувязі з землякамі.

Галіна КАНЬКО, загадчыца аддзела радыёінфармацыі і навін:
– Глядзела і слухала рэпартаж з сустрэчы ў Белтэлерадыёкампаніі, чытала ў інтэрнэце і нібы сама была ўдзельніцай гэтага важнага для кожнага журналіста мерапрыемства. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на актуальных для сродкаў масавай інфармацыі тэмах. Цяпер ідзе абмеркаванне новага закона аб СМІ. Як падкрэсліў Прэзідэнт, ён павінен абараніць людзей ад неправеранай, ілжывай, дэструктыўнай інфармацыі. У дакуменце ёсць нормы аб развіцці айчыннага тэлевізійнага кантэнту. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта стане магутным стымулам да стварэння праграм, дзе расказваецца пра ўсе дасягненні Беларусі за гады незалежнасці.
Тэма актуальная і для друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. У нашай раёнцы нямала цікавых праектаў, у якіх расказваем пра землякоў, хто сваімі справамі ўслаўляе раён, вобласць, краіну. У Год малой радзімы гэта, лічу, надзвычай важна, змястоўна, пераканаўча.
Журналісты абавязаны зацікавіць чытачоў, слухачоў, гледачоў, карыстальнікаў інтэрнэту творчымі праектамі, аналітычнымі публікацыямі, падштурхнуць да роздуму.
Пазітыўная ацэнка работы СМІ, якую даў Кіраўнік дзяржавы, – пэўны крэдыт даверу, своеасаблівая матывацыя для нашай далейшай працы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА, загадчыца аддзела сацыяльных пытанняў:
– Галоўнае, што кіруе мною і маімі калегамі, – аб’ектыўнасць, справядлівасць, дакладнасць падачы інфармацыі. Разумеем, што «добранькімі» словамі, фэйкавымі навінамі павагі чытачоў не дасягнеш. Граматны чалавек давярае праверанай, надзейнай крыніцы інфармацыі. Гэта падкрэсліваў Прэзідэнт падчас вялікай размовы з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых сродкаў масавай інфармацыі.
Што датычыць змяненняў у закон аб СМІ, то лічу іх своечасовымі і вельмі патрэбнымі. Справядліва, што ўладальнікі інтэрнэт-парталаў, сайтаў нараўне з журналістамі друкаваных выданняў павінны несці сацыяльную адказнасць за праўдзівасць інфармацыі. Колькі ў краіне стваральнага: будуецца жыллё, узводзяцца школы-дзіцячыя сады, бальніцы, спартыўныя аб’екты, развіваецца навука, працягваецца мадэрнізацыя вытворчасці… Трэба быць аб’ектыўным, трэба бачыць пазітыўнае і светлае, тым больш, што яго хапае!
Сумленнасць, адказнасць, прафесійная этыка – добрыя спадарожнікі на шляху да сэрца чытача.

Маргарыта КУХТА, карэспандэнт аддзела сацыяльных пытанняў:
– Жыццяздольная сіла працоўнага калектыву – яго кадры. Журналістыка – тым больш не выключэнне, тут надзвычай важны прафесіяналізм. Невыпадкова тэма падрыхтоўкі кадраў для сродкаў масавай інфармацыі неаднаразова ўзнімалася падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых дзяржаўных СМІ краіны.
Для мяне, нядаўняй выпускніцы Інстытута журналістыкі, а сёння маладога спецыяліста, яна асабліва блізкая. На сваім вопыце пераканалася, што знаёмства з творчай прафесіяй трэба пачынаць яшчэ ў школе. Выпуск школьных газет, удзел у творчых конкурсах, сяброўства з раёнкай, парады ад газетчыкаў – а ў выніку зроблены асэнсаваны выбар, і я па мэтавым накіраванні раёнкі закончыла Інстытут журналістыкі.
Яшчэ адна немалаважная акалічнасць, якая датычыць не толькі будучых газетчыкаў, – сур’ёзныя і адказныя адносіны да практыкі. І гэтыя сур’ёзнасць і адказнасць павінны быць двухбаковымі. Калі праходзіла першую вучэбна-азнаямляльную практыку ў «Ляхавіцкім весніку», у мяне спыталі, ці гатова я працаваць, развівацца, вучыцца? Сцвярджальны адказ, імкненне стаць адной з «веснікаўцаў» і, што вельмі важна, зацікаўленасць кіраўніцтва ў практычнай дапамозе – неверагодны стымул у рабоце, жаданне не падвесці людзей, якія шчыра дзеляцца сваімі прафесійнымі сакрэтамі, парадамі, вопытам.
Назаўсёды ў памяці, як мой куратар у раёнцы чытаў мой першы студэнцкі матэрыял: увага да кожнага слова, кожнага сказа. Кожная памылка – дэталёвае тлумачэнне, прапанова, як зрабіць лепш. Такая падтрымка пачынаючаму журналісту дарагога вартая, з ёй не страшна рабіць крокі ў невядомае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *