З адценнем свята. Ляхавічане — пра суботнік

21 красавіка ляхавічане дружна працавалі на суботніку. Уражванні землякоў  пра суботнік

Юрый ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня  Крывошынскага сельвыканкама:
– Працую на добраўпарадкаванні Рэпіхаўскага парка. У гэтых мясцінах прайшло маё дзяцінства, юнацтва. Не першы год тут наводзім парадак разам.
Работы шмат, папярэдне вызначылі ўчасткі, размеркавалі людзей – усё выдатна.
Вакол цудоўныя мясціны з багатай гісторыяй. Вельмі хочацца, каб як мага больш турыстаў пабывалі ў Рэпіхаўскім парку, дзе любіў гуляць хлопчык Янка –  будучы беларускі і польскі паэт і фалькларыст Ян Чачот. Не павінны зарастаць пустазеллем так званыя «мілыя дарожкі», алеі, па якіх прагульваліся і прагульваюцца закаханыя. Гэта – наша малая радзіма.

Валянціна ЮРЛЕВІЧ, галоўны  бухгалтар упраўлення па працы,  занятасці і сацыяльнай абароне:
– Дзень суботніка для мяне з адценнем свята. З добрым настроем, у дружнай кампаніі, у рабочай атмасферы хочацца пашчыраваць на карысць нашага горада. Гэта рэальны ўклад кожнага ў агульную справу. І вынік мы атрымалі адпаведны: утульней наш горад, у якім жыць нам і нашым дзецям.

Аляксей Паляшчук,  оперупаўнаважаны аддзялення  крымінальнага вышуку:
– Для маладога спецыяліста рэспубліканскі суботнік і ўдзел у ім, без перабольшання, падзея яркая. Разам  з калегамі наводзіў парадак у зоне  адпачынку ракі Ведзьма. Што ні кажы, а парадак – адна з умоў бяспекі нашых землякоў. І пачынаецца ён з самага простага, у тым ліку і з клопатаў пра чысціню.

Вольга САВАСЦЮК, галоўны  бухгалтар аддзела адукацыі,  спорту і турызму:
– «Суботнічаю» заўжды з радасцю. І гэта магу з упэўненасцю сказаць пра кожнага са сваіх калег. Калектыўная работа – чарговае пацвярджэнне, што мы адна каманда. Традыцыйна працуем на тэрыторыі «Чайкі». Дакладна ведаем што, як і дзе трэба зрабіць. Усё дзеля таго, каб дзецям на адпачынку было тут утульна і бяспечна. Мой сын таксама штогод адпачывае ў гэтым летніку – стараюся і для яго, і для ўсіх адпачываючых тут. Прысутнічае і «службовы інтарэс»: гэта добраўпарадкаванне дабрачыннае, значыць эканомяцца бюджэтныя грошы, якія пойдуць на набыццё гульнёвага і спартыўнага інвентару для хлопчыкаў і дзяўчынак.

Ігар ЖАНКЕВІЧ, майстар  Востраўскага ўчастка РЭС:
– Суботнік – гэта, да ўсяго іншага, напамін пра юнацтва. Стараюся заўжды актыўна ў ім удзельнічаць.
А як жа інакш?! Лічу гэта сваім грамадзянскім абавязкам.

Максім Сезік, навучэнец ЛДАКа:
– Гэтымі днямі, здаецца, на добраўпарадкаванні тэрыторыі працавалі ўсе. Каляджане таксама былі ў справе: бялілі дрэвы, абразалі сад, навялі парадак у сваіх «апартаментах». А яшчэ каля нашага каледжа знаходзіцца памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам. І ў дзень суботніка мы там шчыравалі. Прыемна ўсведамляць, што разам робім такую важную справу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *