Чыталі. Чытаем. Будзем чытаць

Чытанне ўваходзіць у наша жыццё з дзяцінства. Яно не проста задавольвае цікавасць, пашырае кругагляд, а дапамагае фарміраваць характар, далучае да культуры, уплывае на зносіны з сябрамі і роднымі. Для многіх чытанне становіцца хобі.

Тым не менш, на жаль, даводзіцца канстатаваць: актыўных чытачоў сярод моладзі сёння не так і многа. І найперш таму, што ўсё большае месца ў нашым жыцці займаюць «някніжныя» каналы атрымання інфармацыі. Сярод галоўных «канкурэнтаў» кніг — тэлебачанне і інтэрнэт.

Каб высветліць, якой літаратуры — папяровай ці электроннай — аддаюць перавагу нашы маладыя землякі, райкам БРСМ прапанаваў навучэнцам Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа прыняць удзел у анкетаванні.

Так, напрыклад, апытанне паказала, што толькі 3 працэнты рэспандэнтаў лічаць, што сучасная моладзь наведвае бібліятэку «дастаткова часта». А вось 97 працэнтаў апытаных асноўнай крыніцай інфармацыі лічыць інтэрнэт. 60 працэнтаў удзельнікаў анкетавання выказала меркаванне, што з часам электронныя носьбіты інфармацыі ўсё ж змогуць выцесніць традыцыйныя. А вось пры адказе на пытанне «Чытанню на якіх носьбітах вы аддаяце перавагу?» меркаванні раздзяліліся пароўну: палова рабят пацвердзіла, што аддае перавагу чытанню на маніторы, другая палова — на паперы. І гэты факт яскрава сведчыць, што «спісваць» кнігу ў яе традыцыйным выглядзе вельмі рана.

У Год кнігі, аб’яўлены сёлета ў Беларусі, запланавана зрабіць многае, каб дапамагчы землякам (і не толькі моладзі) па-іншаму ўбачыць кнігу, абудзіць цікавасць да мастацкага слова. Хочацца спадзявацца, што напрыканцы 2012-га падобнае анкетаванне дасць іншыя вынікі, і на пытанне «Як часта сучасная моладзь наведвае бібліятэкі? » большасць нашых маладых суайчыннікаў адкажа: «Вельмі часта».

Ларыса ЮШКЕВІЧ,

першы сакратар райкама БРСМ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *