Праз «Фільтр». Каго ў Ляхавіцкім раёне правяраў «Фільтр»

У нашым райцэнтры 2 мая з 7 да 10 гадзін раніцы праходзіла рэспубліканская прафілактычная акцыя «Фільтр», мэта якой – выяўленне парушэнняў правілаў дарожнага руху. Асаблівая ўвага звярталася на нецвярозых вадзіцеляў, тых, хто сеў за руль без вадзіцельскіх правоў ці ехаў на аўтамабілі, які не прайшоў тэхагляд. Літаральна ўвесь асабовы склад РАУС удзельнічаў у акцыі на васьмі дарожных кропках райцэнтра. На адной з іх разам з міліцыянерамі дзяжурылі «веснікаўцы» – на выездзе з Ляхавічаў у напрамку аграгарадка Русінавічы.
– Добрай раніцы, праводзіцца аперацыя «Фільтр». Калі ласка, пакажыце вашы дакументы, – звяртаецца да вадзіцеля «Аўдзі» старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Аляксандр Анікевіч і, уважліва паглядзеўшы, вяртае іх гаспадару.
– Усё ў парадку, шчаслівага шляху.
На жаль, не ўсе на дарозе адказныя і дысцыплінаваныя. Дзеля прыкладу: раніцай 30 красавіка і 1 мая спынены два вадзіцелі, якія нецвярозымі селі за руль, узровень алкаголю ў крыві кожнага з іх перавышаў 1,2 праміле. Выяўлены за два дні і адзін бяспраўнік.
Тым часам Аляксандр Анікевіч спыняе чарговую іншамарку. Пакуль правярае дакументы, размаўляем з вадзіцелем Дзмітрыем Балкунцом, які ўпэўнены:
– Акцыя патрэбная. Ніякіх праблем для вадзіцеляў не бачу. Бяспека – гэта вельмі важна і неабходна, таму лепш перастрахавацца. І ўвогуле, правілы дарожнага руху для таго і распрацаваны, каб іх выконваць. На жаль, гэта  разумеюць не ўсе. Атрымаў правы ў 1996 годзе, імкнуся не парушаць ПДД, заўсёды своечасова афармляю страхоўку, прахожу тэхправяраўагляд аўто.
Па стане на 2 мая сёлета ў раёне зарэгістравана 1668 парушэнняў правілаў дарожнага руху вадзіцелямі і пешаходамі. Хапае і так званых пастаянных п’яных парушальнікаў. 23-гадовы ляхавічанін адзін з іх. Штогод супрацоўнікі ДАІ «ловяць» яго нецвярозым за рулём. Але ні пазбаўленне вадзіцельскіх правоў (такое пакаранне прадугледжана Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення), ні штрафы (ад 50 да 100 базавых велічынь) пакуль не ўтаймавалі гора-вадзіцеля. Аляксандр Анікевіч удакладняе, што і бацька маладога чалавека таксама дазваляе сабе сесці за руль у нецвярозым стане, за што пазбаўляўся правоў, штрафаваўся…
Тым часам спыняецца чарговае аўто, на гэты раз «Рэно». Вось і парушэнне –  тэхагляд пратэрмінаваны. Вадзіцель тлумачыць сітуацыю банальным «не паспеў прайсці». На першы раз яму давядзецца заплаціць штраф у памеры базавай велічыні. Паўторна за такое парушэнне сума штрафу павялічыцца ўдвая. Але самае галоўнае – не фінансавыя выдаткі, а бяспека ўдзельнікаў руху. Наўрад не ведаюць вадзіцелі, да якой трагедыі на дарозе можа прывесці нават самая нязначная непаладка ў аўтамабілі. Прыкладаў, калі менавіта няспраўнасці вядуць да аварый, шмат. Так што тэхагляд – зусім не фармальнасць, а жыццёва важная неабходнасць.
Усяго за тры гадзіны ў другі дзень мая да адміністрацыйнай адказнасці   прыцягнуты 11 вадзіцеляў. Няпройдзены тэхагляд, перавозка дзяцей без спецыяльных аўтакрэслаў, непрышпіленыя рамянямі бяспекі вадзіцелі і пасажыры – асноўныя парушэнні правілаў дарожнага руху.
Галіна КАНЬКО.

Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *