Першы год адказны самы. Працуе на льнозаводзе ў Ляхавіцкім раёне малады спецыяліст

Для леташняга выпускніка Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Антона Маслоўскага малaя радзіма – Альхоўцы, дзе жыў з бацькамі і братам, вучыўся ў мясцовай школе, і, канешне, Задвор’е. Яшчэ студэнтам на канікулах працаваў на мясцовым ільнозаводзе на льноўборачным камбайне. А з мінулага ліпеня тут яго першае працоўнае месца. Антон – майстар па рамонце і абслугоўванні электратэхнічнага абсталявання. Кіраўніцтва прадпрыемства не пабаялася даверыць маладому спецыялісту новы цэх.
Першы год самастойнай працы стаў выпрабаваннем на трываласць ведаў, атрыманых падчас вучобы, і ўменне выкарыстоўваць іх на практыцы. Зламалася абсталяванне, спыніўся тэхналагічны працэс перапрацоўкі сыравіны. Раздумваць не было калі, як і чакаць замежных спецыялістаў-рамонтнікаў. За справу ўзяліся вядучы энергетык Васілій Тумараў і майстар Антон Маслоўскі.
– На працягу трох сутак разбіраліся ў схемах. Праглядвалі кожную дэталь механізма. Нялёгка было. Для нас было справай гонару знайсці слабае звяно, – расказвае Антон Маслоўскі.
І ў іх атрымалася, працэс запусцілі.
Дарэчы, Антон – прадаўжальнік ільнозаводскай дынастыі Маслоўскіх. Яго бацька працуе тут механізатарам, маці загадвае гандлёвым аб’ектам. Да дэкрэтнага водпуску праграмістам была яго жонка Марына.
– Вельмі рады, што працуе на мясцовым льнозаводзе. Тут сучаснае абсталяванне, выдатныя ўмовы, добры калектыў. Стараюся апраўдаць давер, – разважае Антон.
Маладая сям’я Маслоўскіх нядаўна справіла наваселле – купілі дом у вёсцы. А бацька змайстраваў новую печку, каб цёпла было.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *