Мара крынічная

 

Май дае магчымасць палюбавацца на гэту карціну: у некалькіх метрах ад моста праз Ведзьму ў чароце лебедзь-мама выседжвае лебедзянят. І днём, і ноччу, і пры любым надвор’і. Пяшчотны сюжэт, які абуджае светлыя думкі і добрыя пачуцці. Уяўляецца яго спрадвечнасць: так было і даўней, калі гэта месца аблюбавалі людзі і пасяліліся тут. Як бы між іншым мільгае пытанне, ці вінавата рачулка, што назвалі яе так «шматабяцальна»? Хаця ў даўнія часы вядуннямі-ведзьмамі называлі жанчын, якія мелі пэўныя веды, недаступныя іншым.
Дык што там наша маленькая геаграфічная адметнасць хавае ў сваёй памяці?..
Безумоўна, у тым ліку і той час, калі ў яе люстраной гладзі адбіваліся магутныя сцены вялікай фартэцыі, адной з самых моцных і трывалых на бліжэйшай і нават аддаленай тэрыторыях. А што яна прыгадвае пра крынічку, якая прымасцілася зусім побач ад берага і па ўсёй верагоднасці з’яўляецца блізкай сваячкай рачулкі з дзіўнай назвай? Мусіць, даўным-даўно тутэйшыя жыхары прыходзілі ў спякотны дзень да празрыстага струменьчыка, які б’е з-пад зямлі, каб набраць гаючай вадзіцы, спаталіць смагу, адчуць сілу радасную і ўгледзіцца ў крыштальную чысціню.
А сёння ляхавіцкая крынічка сумуе: парос мохам зацвілы дэкаратыўны калодзеж, у які яна «апранута», побач усё прысыпана смеццем, зніклі дзверцы, якімі быў прыкрыты яе домік.
Сумуе крынічка з-за нелюбві-раўнадушша да яе. Быццам бы і памечана яна нейкімі ўвагай і архітэктурным штрыхом, толькі невыразна і прэсна. «ЛВ» ужо звяртаўся да гэтай тэмы: чаму не зрабіць крынічнае месца адной з візітовак нашага райцэнтра? Не з намінальнай прысутнасцю, а з практычнай, якая стварала б прывабны ляхавіцкі імідж. Асабіста мне бачацца шыпшынавыя кусты ў некалькіх метрах ад гэтага калодзежа, магчыма, імправізаваны масток, праз які ў свой першы дарослы світанак праходзілі б выпускнікі, і на які ступала б пара – яна ў вэлюме і белай сукенцы, ён ва ўрачыстым шлюбным касцюме. А яшчэ побач з крынічкай у казачны цуд могуць увасобіць сваю творчую фантазію тутэйшыя мастакі-разьбяры па дрэве: і легенды прыгадаць, і нейкія гістарычныя факты, і мары свае выказаць у скульптурным сюжэце.
І гэта была б канкрэтная справа, у назоўніку якой любоў да сваёй малой радзімы, імкненне падкрэсліць яе прыгажосць, узмацніць адметнасць, расказаць пра яе і паказаць не толькі землякам, але і гасцям тутэйшых мясцін. Згадзіцеся, для гэтага трэба не так ужо і многа: жаданне і шчырая зацікаўленасць, а яшчэ асэнсаванае ўсведамленне ўласнага дачынення да жыцця-быцця свайго гарадка. Але для гэтага трэба не так і мала: зноў жа жаданне, зноў жа шчырая зацікаўленасць, зноў жа асэнсаванне і ўсведамленне, якія ў большасці выпадкаў мы перадаручаем камусьці, толькі не сабе.
Конкурс на лепшы двор, на самы дагледжаны пад’езд, на самую арыгінальную клумбу (няхай на ёй красуюць звычайныя браткі, але ярка, шыкоўна, а не рэдкімі кусцікамі з вялікімі пралысінамі паміж імі) – хіба гэта «вышэйшая матэматыка» дызайну?! І ці не ў тэму любві тэма адказнасці за любімае?
А давайце падумаем разам, пафантазіруем, абмяркуем, творча апрацуем разважанні на зададзеную тэму. Глядзіш – і крынічная мара спраўдзіцца. Не сама па сабе, а пры нашым хаценні, па нашым памкненні, па нашым дачыненні. «ЛВ» чакае вашых прапаноў, вашых ідэй, шаноўныя чытачы!

Вольга БАРАДЗІНА.

 

Мара крынічная: 1 комментарий

  • 29/05/2018 в 22:34
    Permalink

    Снова классная идея от районки! Если так посмотреть,мы , ляховичане, не все интересные местечки видим, используем и пытаемся их презентовать, сделать районным брендом. А надо бы. Есть же в Барановичах остров влюблённых, а мы чем хуже?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *