Актуальна і без панікі. «ЛВ» прааналізаваў, як у Ляхавічах займаюцца прафілактыкай распаўсюджвання віруса COVID-19

Каранавірус… Пра яго не гаворыць толькі гультай. Грамадства раздзялілася на некалькі груп. Адны прытрымліваюцца прынцыпу: асабліва страшнага нічога няма, проста чарговы від віруснай інфекцыі з катэгорыі грыпу – перажывалі і не такое. Іншыя ўпэўнены: мая хата з краю, ніякі COVID-19 мне не страшны, бо маю выдатны імунітэт. Асаблівыя смельчакі кідаюць выклік «вірусу-навічку»: забываюцца пра ўсялякія меры перасцярогі. Ёсць і такія, хто, наглядзеўшыся шок-навін па тэлевізары, начытаўшыся ў інтэрнэце ці паддаўшыся слыхам, кінуўся скупляць крупы, соль, цукар і іншыя прадукты, спадзеючыся, што перасядзіць каранавірус у закрытай прасторы. Кожны выбірае свой шлях. Але, як адзначаецца паўсюдна, панікёрства горш любога віруса. Аднак нельга забываць пра звычайную прафілактыку. Асцярожнасць лішняй не будзе і ў барацьбе з каранавірусам. Тут важную ролю мае знакамітае: папярэджаны, значыць узброены.

Першымі, як і належыць па спецыфіцы прафесіі, усеўзброенасць прадэманстравалі медыкі. Яшчэ напачатку сакавіка з сезонным усплескам захворвання ВРВІ ва ўстановах аховы здароўя раёна быў уведзены масачны рэжым. Змяніўся і графік, і парадак наведвання хворых.

Віталій ЦІХАНАЎ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна:

– Сітуацыя ў нашым раёне падкантрольная. Працягваем атрымліваць звесткі пра грамадзян, якія прыехалі на Ляхавіччыну з краін з неспрыяльнай эпідэмсітуацыяй па каранавірусе, – цяпер такіх дзевяць. Санслужба сумесна з лячэбнымі ўстановамі вядзе медыцынскае назіранне за такімі пацыентамі. Таксама прадпрыемствы і арганізацыі інфармуюць райЦГіЭ пра асобы, якія прыехалі з замежных камандзіровак.

Яшчэ адзін накірунак прафілактычных мерапрыемстваў – устаноўка і размяшчэнне ў аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання, месцах масавага знаходжання людзей разнастайных дэзынфіцыруючых сродкаў. Хутка на такую прапанову адрэагавалі на чыгуначнай станцыі, аўтастанцыі, многія магазіны. Акрамя таго, абмежавана правядзенне масавых мерапрыемстваў. Навучальныя ўстановы рэгулярна падаюць інфармацыю аб колькасці захварэўшых. Дадатковыя прафілактычныя меры ўведзены ў дашкольных установах. Кожную раніцу праводзяцца медагляд выхаванцаў і міні-апытанне бацькоў наконт самаадчування.

Георгій ХЛЯБОВІЧ, галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ»:

– Медыкі ўстаноў аховы здароўя раёна прымаюць усе неабходныя меры па недапушчэнні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. У паліклініцы дзейнічае прынцып раздзялення патокаў наведвальнікаў, арганізаваны як для дарослых, так і дзяцей па два ўваходы: для пацыентаў з нармальнай і павышанай тэмпературай цела. Таксама ўстаноўлены дазатары з антысептыкамі ў паліклініцы і райбальніцы. Зменшылася колькасць грамадзян, якіх запрашаюць прайсці дыспансерызацыю, змяніліся тэрміны праходжання планавых медаглядаў. Разам з тым, калі грамадзяніну неабходна прайсці камісію, напрыклад, для праца-ўладкавання на працу –усё па звычайным раскладзе.

Пашыраны магчымасці для арганізацыі выклікаў урача на дом – акрамя непасрэдна ўрачоў выязджаюць і памочнікі ўрача, медыкі не толькі аглядаюць пацыента, выпісваюць рэцэпты, але і выпрацоўваюць далейшы індывідуальны алгарытм лячэння. Для паляпшэння якасці мед-дапамогі на даму выдзелена яшчэ адна адзінка аўтатранспарту. На выпадак значнага патоку пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй ва ўстановах аховы здароўя зарэзерваваны дадатковыя ложка-месцы.

У дастатковай колькасці ў разліку на насельніцтва раёна ёсць апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. Прадаўжаюцца разнастайныя абмежавальныя мерапрыемствы: спынены планавыя шпіталізацыі, наведванне хворых у стацыянарах. На выклік да верагоднага носьбіта COVID-19 брыгада хуткай дапамогі выязджае ў спецыяльных касцюмах, імі райбальніца ўкамплектавана поўнасцю.

У такой сітуацыі прыемна, што многія нашы грамадзяне з разуменнем аднесліся да рэкамендацыі самаізалявацца. У панядзелак у паліклініцы і ў клініка-дыягнастычнай лабараторыі было куды менш наведвальнікаў, чым тыдзень раней.

Уводзіцца ў практыку сістэма атрымання электроннага рэцэпта дыстанцыйна. Праўда, пакуль такое новаўвядзенне не датычыцца льготных рэцэптаў. Алгарытм просты. Дастаткова толькі патэлефанаваць урачу, на ўліку ў каго па хранічным захворванні пацыент знаходзіцца, запрасіць патрэбны рэцэпт. Ён будзе выпісаны і дастаўлены медработнікамі. Абавязковая ўмова – пацыент
павінен быць агледжаны медыкамі на працягу апошніх шасці месяцаў.

Электронны рэцэпт дзейнічае ва ўсіх дзяржаўных аптэках краіны. Дарэчы, для больш якаснай работы ў гэтым накірунку ў рэгістратуры пачала працаваць дадаткова яшчэ адна медсястра, якая па тэлефоне адкажа на пытанні, патлумачыць як правільна дзейнічаць.

Як урач, хачу параіць пажылым грамадзянам мінімізаваць наведванне месцаў масавага знаходжання людзей. А ўсім раю захоўваць меры гігіены і рэспіраторнага этыкету.

У многіх магазінах і гандлёвых кропках пры ўваходзе стаяць дэзынфіцыруючыя сродкі: кожны жадаючы можа апрацаваць рукі. І сабе бяспека, і іншым наведвальнікам магазіна такая перасцярога лішняй не будзе.

Прафілактычныя меры ўзмоцнены і ў іншых прадпрыемствах і арганізацыях Ляхавіцкага раёна. Закуплены антысептычныя сродкі, праводзіцца дэзынфекцыя, у першую чаргу, увага звяртаецца на неабходнасць часцей мыць рукі з мылам.

Андрэй Чайкоўскі, дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»:

– Пакуль не бачым неабходнасці, каб нашы работнікі, напрыклад, тыя, хто займаецца добраўпарадкаваннем вуліц ці ліквідуе камунальныя аварыі, адзявалі маскі. Аднак, разнастайную растлумачальную работу сярод сваіх работнікаў у камунгасе правялі. Акрамя таго, не так маштабна, як у папярэднія гады, адзначалі і сваё прафесійнае свята. Антыбактэрыяльныя сродкі ёсць і ў адміністрацыйным будынку камунгаса, і ў гасцініцы, і на кожным участку.

Каранавірус унёс пэўныя карэктывы і ў культурнае жыццё Ляхавіччыны.

Ніна Прыхач, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

– Бясспрэчна, галоўнае – здароўе людзей, таму па максімуму абмяжоўваем колькасць масавых мерапрыемстваў у горадзе і сельскай мясцовасці, у тым ліку адмянілі сеансы і ў кінатэатры «Кастрычнік».

Вольга Богдан, намеснік дырэктара ТЦСАН:

– Сацыяльная служба Ляхавіцкага раёна гатова аказаць паслугі адзінокім пажылым грамадзянам і інвалідам па дастаўцы прадуктаў харчавання і лякарстваў. Такую дапамогу будуць прадастаўляць сацыяльныя работнікі і валанцёры. За дапамогай трэба звяртацца ў ТЦСАН па тэлефоне 6-09-17 штодзённа з 9.00 да 18.00.

Наталля Кулак, дырэктар СШ № 1:

– У нашай школе ёсць усё неабходнае для прафілактыкі. Антысептыкі знаходзяцца на першым паверсе на вахце, у настаўніцкай і каля ўвахода ў сталоўку. Чатыры разы на дзень тэхперсанал апрацоўвае дэзынфіцыруючымі сродкамі дзвярныя ручкі, падаконнікі, іншыя паверхні, мые падлогу. Масачны рэжым не ўводзіўся, лічу, для гэтага няма падстаў. Ніякай панікі сярод бацькоў няма.

Дарэчы, у аптэках нашага горада пастаянна абнаўляецца запас і медыцынскіх павязак, і антысептыкаў. Прафілактыка прафілактыкай, але ўсё ж нельга не закрануць тэму свя-домасці людзей, элементарнай культуры гігіенічных паводзін. Ёсць пэўныя сімптомы рэспіраторнай інфекцыі: павышаная тэмпература, кашаль, слабасць – звярніцеся за меддапамогай. Калі сімптомы не ярка акрэслены – самаізалюйцеся. Дык не, знаходзяцца такія смельчакі ці грамадзяне без сумлення, якія спакойна ідуць на работу ці вучобу, па магазінах і тым самым заражаюць іншых.

Ірына Паплаўская:

– Не ведаю як хто, я лепш падстрахуюся, чым потым буду шкадаваць пра тое, што не знайшла дзясятак секунд, каб скарыстацца антысептычным сродкам. Добра, што адміністрацыя магазіна «Усходні» ўвяла такую прафілактычную меру. Дарэчы, суседка гаварыла, што бачыла такі і ў «Верасе».

Ігар:

– Стараюся, як раяць медыкі, вытрымліваць адлегласць у паўтара метра. Я вучуся ў Мінску, у Ляхавічы прыязджаю на выхадныя. Гавораць, што ў маладых гэта інфекцыя працякае ў больш лёгкай форме, чым у сталым узросце і ў людзей з хранічнымі хваробамі. Але ўсё ж лепш увогуле не хварэць.

Кацярына Коктыш:

– Важную ролю адыгрывае дэзынфекцыя. Як мага часцей мыю рукі, калі няма такой магчымасці – выкарыстоўваю вільготныя антыбактэрыяльныя сурвэткі ці гелі.

Аляксей Пятровіч:

– Жонка мне і дзецям выдала па флакончыку антысептычнага геля і нагадала, што трэба пастаянна апрацоўваць рукі. Карыстаемся і вільготнымі сурвэткамі. Маскі медыцынскія таксама дома ёсць, але імі пакуль не карысталіся. Чуў, што іх неабходна насіць хворым, а не здаровым.

Святлана Аляксееўна:

– Давяраю медыкам. Статыстыка сведчыць: дзеці менш хварэюць на каранавірус. У нашай сям’і два школьнікі, прастуда для іх – справа звычайная. Зараз умацоўваем імунітэт, больш налягаем на натуральныя вітаміны – лімоны, яблыкі. Разам з дзецьмі стараемся часцей гуляць на свежым паветры.

Валянціна Іосіфаўна:

– Каранавіруса баюся. Нават за рэцэптам у паліклініку не хадзіла. Дачка патэлефанавала нашаму ўчастковаму ўрачу, які выпісаў таблеткі ад гіпертаніі, рэцэпт забрала дачка. У магазіны таксама не хаджу – усё прыносяць унукі.

Як бачна, нашы землякі без панікёрства і ажыятажу жывуць, працуюць, вучацца. Бясспрэчна, каранавірусная інфекцыя небяспечная, таму перш за ўсё важна займацца прафілактыкай, прытрымлівацца элементарных санітарна-эпідэміялагічных правілаў, культуры паводзін.

Матэрыялы падрыхтавала Галіна КАНЬКО.