Дзякуй за працу. У мінулую пятніцу віншаванні адрасаваны камунальнікам і бытавікам

Работнікі гэтай службы забяспечваюць наяўнасць у нашых дамах цяпла, святла, вады, добраўпарадкуюць населеныя пункты. А яшчэ рамантуюць, будуюць, выязджаюць на ліквідацыю парываў, замяняюць камунікацыі, наводзяць марафет на вуліцах і дваровых тэрыторыях. Паралельна з імі бытавікі аказваюць паслугі па рамонце бытавой тэхнікі, хімчыстцы, пракаце прадметаў хатняга ўжытку. Як не ўзгадаць і запатрабаваныя ў насельніцтва паслугі цырульнікаў, майстроў па манікюры і педыкюры, швейных спраў. І ўсё гэта – работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія не толькі 22 сакавіка, непасрэдна ў дзень свайго прафесійнага свята, але і напрыканцы мінулага тыдня былі ў цэнтры ўрачыстых падзей. У мінулую пятніцу віншаванні і заслужаныя ўзнагароды прымаў калектыў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Павіншаваў з прафесійным святам, падзякаваў за добрасумленную і такую патрэбную працу камунальнікам і бытавікам старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі ўручае шзнагароду вадзіцелю Івану Бурбіцкаму
Дырэктар Ляхавіцкай ЖКГ Андрэй Чайкоўскі.


Лепшыя з лепшых атрымалі граматы, падзячныя пісьмы, падарункі. Ганаровай граматай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і плённую добрасумленную працу ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўзнагароджаны дырэктар Ляхавіцкай ЖКГ Андрэй Чайкоўскі. Ганаровыя граматы Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Упраўленне ЖКГ» уручаны майстру ўчастка «кацельная гаспадарка» Ніне Кіршэўскай, тынкоўшчыку ўчастка «жылфонд» Людміле Цісевіч. Падзячнае пісьмо Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў атрымаў майстар участка «кацельная гаспадарка» Іван Ходар, Грамату галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама – кравец участка «бытавое абслугоўванне» Святлана Татарыновіч. Больш за сотню работнікаў жылкамунгаса ўзнагароджаны граматамі і падзячнымі пісьмамі Ляха-віцкага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, галіновага прафсаюза і непасрэдна прадпрыемства. І літаральна кожны прэміраваны матэрыяльна.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.