Шчасце брыльянтавае. Жыхары вёскі Гайнін Ляхавіцкага раёна Пётр і Соф’я Салаўёвы адзначылі 60-годдзе сумеснага жыця

Яна з беларускай вёскі, ён з расійскай, а кропкай іх сустрэчы стаў Данбас. Жыхары вёскі Гайнін Пётр і Соф’я Салаўёвы, аднойчы заўважыўшы адзін аднаго, больш не расставаліся.

Дзень нараджэння адзін на дваіх

Адметна, што і нарадзіліся яны ў адзін дзень – 10 ліпеня 1936 года.
…Дзяўчына працавала афіцыянткай, поварам у сталовай, юнак – праходчыкам у шахце. Соф’я прыехала на Данбас з сяброўкай, каб падзарабіць грошай і дапамагчы бацькам – у сям’і гадавалася дзевяць дзяцей. Пеця адслужыў у арміі і разам з іншымі хлопцамі таксама адправіўся на чужыну за рублём. Пад зямлёй кіркай працаваць – здабываць вугаль – не кожнаму па сілах. Але ён дужы – спраўляўся. Пасля змены, нягледзячы на стомленасць, спяшаўся ўбачыцца са сваёй Соняй. Сімпатыя перарасла ў каханне. Распісаліся ў загсе без пярсцёнкаў.
– Вяселля шумнага не рабілі – пасядзелі з сябрамі, адзначылі ў вузкім коле. І за справу: трэба было працаваць, – успамінае Пётр Салаўёў.

Жыццё данбаскае і хутарское

Шэсць гадоў пражылі на Данбасе. Там нарадзіліся дочкі Галя і Таня. Калі прыязджалі ў водпуск да бацькоў у Гайнін, заўважалі, што людзі тут жывуць лепш, чым на Данбасе.
Вырашылі пераехаць у Беларусь назаўсёды. Уладкаваліся ў бацькоўскім доме. І хоць ён быў невялікі, але вельмі ўтульны. Месца хапала ўсім. Нешта перарабілі, падбудавалі, дрэвы падмаладзілі-пасадзілі.
Каб трапіць на хутар, дзе жылі Салаўёвы і яшчэ з дзясятак сем’яў, трэба было прайсці праз лясны калідор. Паселішча нібы схавалася ў кіламетры ад Гайніна сярод дрэў. Хто на чым дабіраўся да вёскі – адныя пешшу, іншыя веласіпедам. А там працаўнікоў забіраў транспарт сельгасарганізацый.
…У першы клас мясцовай школы пайшла Галя. Салаўёвы сталі бацькамі трэці раз – нарадзіўся сын Святаслаў. Жыццё не спынялася. Соня больш за два дзесяцігоддзі адпрацавала поварам у Савейкаўскім санаторыі: гатавала смачныя баршчы адпачываючым, выпякала піражкі і іншыя стравы. Пётр спачатку ўладкаваўся ў лясгас, пасля больш за два дзесяцігоддзі будаваў у ПМК-24. І сёння з гонарам адзначае, што Ляхавіччына стала для яго другой радзімай. Не пералічыць, колькі дамоў у райцэнтры, вёсках і аграгарадках узведзена з яго ўдзелам. Гаспадарку з жонкай трымалі немалую: парасяты, карова, цяляты, куры-гусі.

Адлегласць – не перашкода

Побач жыў брат Соф’і – Іван Алёхнік. Дарэчы, Іван Іванавіч быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. З жонкай Соняй гадаваў пецярых дзяцей. Сем’і брата і сястры дружылі, разам ладзілі святы, дапамагалі адзін аднаму, дзяліліся паміж сабой апошнім.
І зараз стрыечныя сёстры Валя і Марыя – першыя дарадцы. Успамінаюць, як засольвалі на зіму агуркі, грыбы, мачылі яблыкі, квасілі капусту. У лесе грыбоў-ягадаў было: не лянуйся – збірай. Агуркі засольвалі ў драўляным цэбрыку, у які ўмяшчалася капа (60 агуркоў).
Вучобу пасля пачатковай школы працягвалі ў Тальмінавіцкай. Адлег-ласць у шэсць кіламетраў вясной ці восенню праб-лемай не была. Зімой бацькі праводзілі дзяцей у школу з факеламі. Снегу было па пояс, але вучобу не прагульвалі.
Электрычнасць правялі на хутар толькі ў 1989 годзе. Да гэтага нават вяселлі гулялі пры газавых лямпах – іх развешвалі па ўсёй палатцы.

Знайсці свайго чалавека

Так у згодзе і ладзе прабеглі шэсць шчаслівых дзесяцігоддзяў, напоў-неных клопатам і паўсядзённай працай. У студзені іх трое дзяцей, шасцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў віншавалі з брыльянтавым вяселлем – шасцідзесяцігоддзем сумеснага жыцця.
– Хапала і радасці, і сумных момантаў, але разам было ўтульна і спадручна, – адзначае Соф’я. – Даводзілася ўставаць гадзіны ў чатыры, уходжвацца па гаспадарцы і ісці чатыры кіламетры на работу ў Савейкі. Дзеці, дзякуй Богу, выраслі добрымі людзьмі. Апорай ва ўсім быў Пётр, не дзяліў працу на мужчынскую і жаночую.
І сёння, праз 60 гадоў, яны берагуць адзін аднаго, паглядаюць з пяшчотай. Соф’я Іванаўна лічыла дні, пакуль Пётр Міхайлавіч ляжаў у бальніцы…
На пытанне, у чым сакрэт сямейнага шчасця, адказваюць, што саступаць трэба, разумець і давяраць. А яшчэ яны вераць, што заўтра будзе добрым.
Дзеці, унукі і праўнукі вельмі любяць бабулю з дзядуляй і даказваюць гэта справамі. Юбіляры і самі не сядзяць склаўшы рукі. Мінулай восенню пад лапату амаль усю бульбу выкапалі. А ў доме якая чысціня і ўтульнасць!
Тут і тут дачка Галя з сям’ёй. Аўталаўка хоць і даязджае да хутара, але ж бацькам і іншая дапамога патрэбна. На хутары яны адзіныя жыхары. А дабрацца туды, асабліва вясной, калі дарога расплываецца, вельмі цяжка.
…Так важна ў жыцці сустрэць свайго спадарожніка, з якім і ў шторм, і ў буру не страшна. Таму прыклад – нашы землякі Соф’я Іванаўна і Пётр Міхайлавіч Салаўёвы. Доўгажыхарства вам, паважаныя!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.