«А давайце будаваць дом!». Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей «ЛВ» гасцяваў у Начаўскім дзіцячым садку /фота/

Буду, як тата, трактарыстам, гаворыць шасцігадовы Данік Каралёў і аргументуе: работа важная – сеяць хлеб. Руку цягне Жэнечка Барташэвіч: а я – балерынай, яна прыгожа танцуе. У планах Назара Карпея стаць мастаком, а яго брат Стасік і Дзіма Голя бачаць сябе аграномамі. Змена падрастае і ў праваахоўнікаў: Арсеній Янушкевіч выказвае цвёрды намер стаць міліцыянерам –  «ахоўваць парадак і сачыць, каб ніхто хутка не ездзіў». Такія шчырыя разважанні пра розныя прафесіі пачуў карэспандэнт «ЛВ» ад выхаванцаў Начаўскага дзіцячага садка.
Групы «Сонейкі» і «Званочкі» – гэта 39 гарэзлівых і непасрэдных хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць садок. Дарэчы, дашкалят з суседніх вёсак сюды кожную раніцу дастаўляе транспарт мясцовай школы.
З цеплынёй гаворыць пра сваіх маленькіх падапечных загадчыца дзіцячага сада Алена Валах. За больш як тры дзесяцігоддзі работы яна разам з калегамі выхавала не адно пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак, якія даўно сталі дарослымі. І сёння яе колішнія садаўцы з задавальненнем вядуць сюды ўжо сваіх дзяцей.
Свет начаўскага дзяцінства ўтульны, рознакаляровы і камфортны. Здаецца, што трапіў у вялікую мнагадзетную сям’ю, дзе пануюць узаемаразуменне і згода. На тварах хлопчыкаў і дзяўчынак адкрытыя ўсмешкі, вакол мноства цацак, гульняў, кніг, кветак, ёсць нават акварыум з рыбкамі. Побач з рабятамі заўсёды іх выхавальнікі Юлія Кобель, Алена Кулік, Вольга Ігнацьева – прафесіяналы, знаўцы дзіцячых інтарэсаў. А смачныя катлеты-запяканкі, якія гатуе повар Вікторыя Мазоль, малышы просяць бацькоў зрабіць дома.
… З адчыненых дзвярэй даносіцца звонкі хор – у старэйшай групе рыхтуюцца да выпускнога. Развучваюць песні, вершы, танцы. Дома дашкаляты часам дазваляюць сабе быць непаслухмянымі і свавольнікамі , у садку – узорныя чамучкі. Праз гульню навучаюцца і выхоўваюцца, даведваюцца пра новае і незвычайнае. Нават сур’ёзныя дарослыя тэмы – энергазберажэнне, паасобны збор адходаў, правілы дарожнага руху і іншыя – выхавальнікі абмяркоўваюць з рабятамі даступнай і цікавай мовай. Выхаванка старэйшай групы Люба Лініч даследавала (так-так!) сваю радаслоўную разам з мамай, бабулямі і выхавальніцай Юліяй Кобель. У выніку – трэцяе месца ў раёным конкурсе даследчых работ! Нядаўна дзіцячы сад прызнаны адным з лепшых у раёне ў конкурсе на лепшы фізкультурны куток.
… «А давайце будаваць дом!» – радасна кліча сяброў Антон, да яго далучаюцца ўсе хлопчыкі, дзяўчынкі тым часам «працуюць» мадэльерамі, лечаць пацыентаў і г.д. У Начаўскім садку ніхто не сумуе. Тут ведаюць сакрэт дзіцячых мараў і жаданняў і працуюць дзеля таго, каб усе яны ажыццявіліся.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

У ТЭМУ

18 дашкольных устаноў раёна наведваюць 892 хлопчыкі і дзяўчынкі дашкольнага ўзросту. Дашкольнай адукацыяй у раёне ахоплены 97 працэнтаў рабят, падрыхтоўкай да школы – 100. За мінулы год на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячых садоў з раённага бюджэту было выдзелена каля 150 тысяч рублёў. У садках №2 і № 4 працуе «мацярынская школа» па падтрымцы дзяцей (ад нараджэння да трох гадоў) і іх бацькоў.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *