Траўныя спраўныя. Партрэтная галерэя касавіцы ў Ляхавіцкім раёне

Касавіца завяршаецца. Убраць травы застаецца пераважна на пойменных мясцінах. Па стане на пяты дзень чэрвеня з 10400 гектараў убраны практычна 8500. З ранку да вечара шчыруюць механізатары, вопытныя і маладыя, але ўсе з агульным усведамленнем: трэба ўкласціся ў аптымальныя тэрміны і забяспечыць выдатную якасць корманарыхтовак. А партрэтная галерэя касавіцы сведчыць, што настрой у яе ўдзельнікаў самы што ні на ёсць рабочы.

1

2

Механізатарскі стаж Уладзіміра Шкляніка з ДП «Нача» – 30 гадоў, яго калегі Віталія Васюкевіча – 20 гадоў (здымак 1). Такі салідны вопыт зрабіў іх сапраўднымі асамі-віртуозамі. У сёлетняй касавіцы адзін зграбае травы, другі – на прэспадборшчыку. І яны, і іх калега Віктар Кунцэвіч (здымак 2), які працуе на касілцы і за дзень скошвае 30-40 гектараў, – перадавікі на корманарыхтоўках.
Наогул, ДП «Нача» – раённы лідар гэтай кампаніі.Сёлета на ўмоўную галаву жывёлы назапашана 8,4 цэнтнера кармавых адзінак.

4

3

У СВК «Жарабковічы» пра Міхаіла Собаля (здымак 3) гавораць, што па вібрацыі рухавіка ён ставіць дыягназ трактару. Выдатны прафесіянал на сёлетняй касавіцы зграбае травы ў валкі – штодня з плошчы каля 40 гектараў. Выдатная работа, узорная. Узорная і для самага маладога касавічных спраў майстра Аляксандра Грыцука (здымак 4), які ў корманарыхтоўчай кампаніі заняты на трамбаванні сенажу ў траншэях.

6

5

Аляксандр Маслаў з ААТ «Шлях новы» (здымак 5) на корманарыхтоўках не навічок, больш таго – у рэспубліканскім спаборніцтве ён ужо займаў другое месца і лепшым прызнаваўся ў абласным. Сёлета адвозіць скошаную траву ў траншэі, а таксама на прэс-падборшчыку ўпакоўвае яе ў плёнку.
Яго калега 27-гадовы Міхаіл Дзядовіч (здымак 6) з дынастыі механізатараў, поплеч працуюць бацька і брат. І ўсе разам яны паказваюць узорныя адносіны да справы.

7

9

8

Літаральна кожны механізатар СВК «Ляхавіцкі» заслугоўвае вызначэння «высакакласны». І на касавіцы яны пацвярджаюць гэта. Валерый Ракашэвіч (здымак 7), які на «Ягуары-870» займаецца падборкай травы, Сяргей Асланян (здымак 8), які спачатку грабляваў, а зараз заняўся скручваннем травы ў рулоны, і Валерый Гаўрыльчык (здымак 9), які рулоны з поля адвозіць на ферму. Яны і іх калегі шчыруюць у гарачы корманарыхтоўчы час ад світання да змяркання.
СВК «Ляхавіцкі» рапартуе: на ўмоўную галаву жывёлы ўжо ёсць 6,52 цэнтнера кармавых адзінак.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *