“Вясёлкавы настрой” у горадзе дзяцінства

У мінулую нядзелю чаговы, 26-ы па ліку, аздараўленчы сезон адкрыў любімы ляхавіцкімі рабятамі аздараўленчы лагер «Чайка». Сёлета першая змена асаблівая — замест 90 адпачываючых (як планавалася) летнік прыняў 106 хлопчыкаў і дзяўчынак (18 з іх выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях). Яшчэ адна адметнасць — усе выхавальнікі, важатыя, музыкальныя і спартыўныя работнікі (за выключэннем інструктара па фізкультурна-аздараўленчай рабоце) не практыканты, а педагогі школ і пазашкольных устаноў раёна.

Па традыцыі «Чайка» сустрэла чарговую аздараўленчую кампанію абноўленай, добраўпарадкаванай, з уласцівай толькі ёй гасціннасцю і шчырасцю.  Як   адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, зроблена нямала для яшчэ больш бяспечнага адпачынку дзяцей: ва ўсіх лагерных карпусах устаноўлена пажарная сігналізацыя, на што пайшло больш    за  60 мільёнаў рублёў.

Абноўлены інтэр’ер сталовай, набыты новы спартыўны інвентар і камп’ютар і,  канечне, наведзены парадак на ўсёй прылягаючай тэрыторыі, падфарбаваны карпусы і абсталяванне, абноўлены клумбы. Па-ранейшаму галоўным застаецца пытанне ўмацавання здароўя дзяцей. Пра гэта клапоцяцца вопытныя і ўмелыя медыкі на чале з добразычлівым педыятрам Генадзіем Сокалам і повары.

Як расказала педагог-арганізатар Таццяна Абражэвіч, першая змена ў летніку мае назву «Вясёлкавы настрой». Пасля напружанага навучальнага года рабяты атрымліваюць тут добры зарад бадзёрасці, цудоўны настрой і мноства станоўчых эмоцый. Побач з хлопчыкамі і дзяўчынкамі таленавітыя і творчыя дарослыя-педагогі на чале з начальнікам лагера Надзеяй Патапчык. А колькі новых цікавых, крэатыўных задумак у старшага выхавальніка Марыны Асіповіч! Ды і ініцыятыўнасці астатніх выхавальнікаў можна па-добраму пазайздросціць. Таму рабятам з шасці атрадаў («Сонейка», «Усмешка», «Кеды», «МНС», «Аранжавы настрой», «Начны дазор») з першых дзён тут здорава. Што і пацвердзіла ўрачыстае адкрыццё  змены.

Пачалося яно з незвычайнай легенды, якая прагучала на традыцыйнай лінейцы. Кожны з адпачываючых прайшоў праз чароўныя імправізаваныя вароты і задумаў самае патаемнае жаданне, якое абавязкова збудзецца! Добрага адпачынку рабятам пажадалі Святлана Юрлевіч, Надзея Патапчык, выконваючы абавязкі начальніка аддзела адукацыі Мікалай Прыхач.

А потым усіх захапіў святочны канцэрт. Такога па-сапраўднаму вясёлкава-сонечнага дзейства даўно не даводзілася бачыць. Гэтаму спрыяла ўсё: цёплае надвор’е, яскравае шоу, змястоўныя нумары, вясёлы   настрой, еднасць дарослых і дзяцей, іх радасці.

Колькі бацькоў прыехала раздзяліць з рабятамі свята і ўпэўніцца, што іх дзецям тут утульна, добра і цікава! Адным словам, ад-крыццё прайшло на славу. Наперадзе ў хлопчыкаў і дзяўчынак нямала запамінальных і хвалюючых момантаў. Педагогі падрыхтавалі насычаную праграму з конкурсамі, віктарынамі, паходамі, нават сваімі алімпійскімі гульнямі.

І яшчэ адзін прыгожы і незвычайны штрых да партрэта «Чайкі». Побач з лагерам з’явіліся незвычайныя навасёлы — лебядзіная сям’я: тата Гоша, мама Маргоша і 6 маленькіх дзетак-лебедзянят. Сямейства пярнатых важна праплывае па Шчары каля летніка на радасць дзецям і дарослым, а галава лебядзінай сям’і нават з задавальненнем прымае ежу з рук, праўда, толькі тых, каго добра ведае. А лебедзі, як вядома, прыносяць шчасце.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *