Па закону

Сёлета беларуская пракуратура адзначае 90-годдзе. За час існавання, нягледзячы на шматлікія рэарганізацыі, яе асноўныя задачы не змяніліся. Сёння пракуратура — орган вышэйшага нагляду за дакладным і аднолькавым выкананнем законаў і іншых нарматыўных прававых актаў. Яе дзейнасць накіравана на ўмацаванне законнасці і правапарадку, ахову правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

Пракуратура ажыццяўляе нагляд за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных і грамадзянскіх справах, падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачванне ў судзе па крымінальных справах. Толькі за мінулы год з удзелам пракурорскіх работнікаў разгледжана 186 крымінальных спраў і 98 грамадзянскіх.

Сярод прыярытэтных накірункаў работы — каардынацыя дзейнасці ўсіх праваахоўных органаў раёна ў барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю. Пракурор раёна з’яўляецца старшынёй каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

Пад увагай пракуратуры пастаянна знаходзіцца работа са зваротамі  грамадзян і юрыдычных асоб. Трэба адзначыць, што ў цэлым у дзяржорганах і іншых арганізацыях нашага раёна яна пастаўлена на належным узроўні. Тым не менш, падчас планавых праверак выяўляецца нямала розных парушэнняў заканадаўства па рабоце са зваротамі. А, напрыклад, падчас нядаўняй праверкі райветстанцыі высветлілася, што адзін з матэрыялаў РАУС па парушэнні грамадзянінам ветэрынарных правілаў быў наогул пакінуты без рэагавання, і вінаваты такім чынам пазбегнуў адміністрацыйнага пакарання.

Між іншым, пракуратура і сама разглядае звароты. За мінулы год, напрыклад, іх ад грамадзян і юрыдычных асоб паступіла 128, большасць (98) была вырашана пракурорскімі работнікамі. У асноўным звароты ў пракуратуру датычылі пытанняў следства і   дазнання.

Пракурор, намеснік і памочнік пракурора па зацверджаным графіку праводзяць асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Акрамя таго, штомесяц арганізуюцца выязныя прыёмы грамадзян па месцы жыхарства і работы — у сельсаветах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Часцей за ўсё падчас такіх прыёмаў людзі звяртаюцца за растлумачэннем працоўнага і грамадзянскага заканадаўства.

Яшчэ адзін накірунак дзейнасці — нагляд за захаваннем правоў непаўналетніх. Прадстаўнік пракуратуры ўваходзіць у камісію па справах непаўналетніх пры райвыканкаме (такія камісіі, дарэчы, дзейнічаюць і пры кожным сельвыканкаме). Іх асноўная задача — не пакаранне, а прафілактыка правапарушэнняў непаўналетніх і абарона ад пасягальніцтва на іх правы і інтарэсы. КСН прызнае, што дзеці ў той ці іншай сям’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, зацвярджае план работы з сям’ёй. Усё гэта робіцца з адной мэтай — змяніць сітуацыю ў сем’ях да лепшага, папярэдзіць адабранне дзяцей. На жаль, не заўсёды гэта атрымліваецца, і колькасць падобных спраў у судах год ад году павялічваецца. Толькі летась у судзе раёна разгледжана 18 спраў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. У кожным выпадку ў характарыстыцы гора-бацькоў фігурыравала схільнасць да злоўжывання алкаголем.

Наогул, калі тэндэнцыя да змяншэння больш як на 30 працэнтаў (са 125 да 86) агульнай колькасці злачынстваў, што намецілася па выніках 5 месяцаў года, абнадзейвае, то іншая статыстыка выклікае трывогу. Практычна трэцяя частка злачынстваў учынена асобамі ў стане алкагольнага ап’янення. Алкаголь вельмі часта падштурхоўвае да крадзяжоў, становіцца прычынай крывавых разборак. Сёлета павялічылася колькасць наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Сцэнарый у многіх выпадках надзвычай падобны: знаёмыя разам выпівалі, потым нешта не па-дзялілі, пасварыліся з-за дробязі, хтосьці ўзяўся за нож… У лепшым выпадку такая аргументацыя сваёй праваты можа каштаваць да 10 гадоў пазбаўлення волі, калі ж траўмы, нанесеныя «апаненту» стануць смяротнымі, судом можа быць назначана пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Яшчэ адзін фактар, што актыўна правакуе да ўчынення злачынстваў, — нядбайнасць і неасцярожнасць грамадзян. Многіх крадзяжоў, угонаў транспарту можна было б пазбегнуць пры выкананні элементарных правілаў бяспекі.

Як, дарэчы, і гібелі людзей пры пажарах. Гэтая тэма апошнім часам — сярод набалелых. На пачатку года пракуратура праводзіла праверку, якая паказала: не ў кожным сельсавеце праводзіцца належная работа па прафілактыцы пажараў. Напрыклад, у кастрычніку і снежні мінулага года два пажары са смяротным зыходам адбыліся на тэрыторыі Востраўскага сельсавета. Абодва загінуўшыя курылі ў ложку ў нецвярозым стане. Так, назіральная камісія сельвыканкама неаднойчы бывала ў іх дамах. Аднак, на ўліку ў сельвыканкаме як схільныя да сістэматычнага п’янства гэтыя людзі не стаялі, як, дарэчы, і на ўліку ў РАНС. Дамы, у якіх адбыліся пажары, не былі абсталяваны аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Не прымяняліся прафілактычныя меры да 55-гадовай жанчыны, якая пасля смерці сужыцеля заняла яго дом у вёсцы Альхоўцы і ўжо двойчы ледзь не спаліла ў п’яным чадзе. Прыклады можна прыводзіць і далей.

Пасля правядзення пракуратурай праверак і прыняцця мер пракурорскага рэагавання сельвыканкамы актывізавалі работу камісій па барацьбе з п’янствам. У тым ліку, напрыклад, былі ўстаноўлены стэнды для размяшчэння інфармацыі РАУС аб асобах, якія парушаюць грамадскі парадак і антыалкагольнае заканадаўства. Пракуратура сумесна з БРСМ, РАНС, інспекцыяй па справах непаўналетніх РАУС, урачом-нарколагам на працягу года наведалі ўсе школы з прафілактычнамі лекцыямі. Прафілактыка злачынстваў, правапарушэнняў, гібелі людзей — яшчэ адзін важны ўчастак работы пракуратуры, якая, акрамя іншага, аналізуе эфектыўнасць прафілактычнай работы — агульнай і ў прыватнасці.

Сёння калектыў пракуратуры Ляхавіцкага раёна — адзін з самых нешматлікіх у вобласці. Але ў яго гісторыі пакінулі свой след дзясяткі дастойных людзей. У свой час кіравалі пракуратурай Мікалай Гапеенка, Уладзімір Здановіч, Валерый Сухараў, Мечыслаў Курыловіч, Аляксандр Смаль, Анатолій Грушэвіч. На жаль, прыгадаць усіх, хто ствараў у раёне і краіне ўмовы для вяршэнства закона, у некалькіх газетных радках проста немагчыма. Тым не менш, усім калегам, нашым ветэранам — віншаванні са святам і пажаданні прафесійнага росту, поспехаў ва ўсіх пачынаннях і сямейнага дабрабыту. Бо, нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць і адказнасць работы, усе мы застаемся простымі людзьмі, якім неабходны разуменне, падтрымка блізкіх і цяпло дамашняга ачага.

Аляксандр ЯРАШЭВІЧ,
пракурор Ляхавіцкага раёна, саветнік юстыцыі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *