Час маладых

Ляхавічане і госці  райцэнтра спяшаліся на плошчу Леніна, дзе днём распачалася асноўная частка ўрачыстасцей, прымеркаваных да цудоўнага, заўсёды юнага свята — Дня моладзі.

І гэта сапраўды здорава, што традыцыя адкрываць святкаванне Дня моладзі ў Ляхавічах непасрэдна ў цэнтры горада аднавілася. На карысць гэтага сведчыла мноства не толькі юнакоў і дзяўчат, але і сталых людзей, якія, нягледзячы на ўзрост, адчуваюць сябе маладымі, поўнымі ідэй, задумак, і прыйшлі, каб адпачываць і весяліцца разам.

Святочны настрой разам з галоўнымі віноўнікамі ўрачыстасцей (усяго на Ляхавіччыне больш за 6800 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 31 года) раздзялілі старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі аддзелаў, кіраўнікі ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў горада і раёна, старшыні сельвыканкамаў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў БРСМ, «Белая Русь», валанцёры.

Пранікнёна, аптымістычна вітала са святам усіх прысутных намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна назвала шэраг прозвішчаў маладых людзей, якія шчыруюць у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, дасягаюць поспехаў у вучобе, праяўляюць шматлікія таленты ў творчасці, паказваюць высокія спартыўныя вынікі. Падзячнымі пісьмамі і падарункамі ўзнагароджаны лепшыя з лепшых,  сярод якіх — міліцыянеры, педагогі,  працаўнікі СВК «Шлях новы», ТАА «Трансэлектракамплект» і іншых арганізацый.

Пад апладысменты і захопленыя позіркі па ўсыпанай пялёсткамі ружаў дарожцы прайшла шчаслівая і закаханая новая сямейная пара — Святлана і Сяргей Бібікі. Для маладажонаў, якія ўзялі шлюб напярэдадні Дня моладзі, гучалі шчырыя віншаванні начальніка аддзела загса Людмілы Палтарак і начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Алега Траццяка, пажаданні шчаслівага сямейнага жыцця, традыцыйнае «горка».

З цеплынёй і павагай ушаноўвалі маладых бацькоў Наталлю і Яўгенія Ракуцяў, у якіх зусім нядаўна нарадзіўся першынец — дачушка Валерыя.

Своеасаблівай кульмінацыяй святкавання стала конкурсная праграма маладых выканаўцаў «Рытмы маладосці». Акрамя таленавітых творчых юнакоў і дзяўчат Ляхавіччыны ў ёй прынялі ўдзел і самадзейныя артысты Баранавіцкага раёна. Як паведамляў «ЛВ», 25 мая быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж Ляхавіцкім, Баранавіцкім і Ганцавіцкім раёнамі. І ўдзел вакалістаў Баранавіцкага раёна ў адкрытым песенным конкурсе, які праводзіўся ў Ляхавічах, — адзін з аспектаў такога супрацоўніцтва ў галіне культуры. Ад імя старшыні Баранавіцкага райвыканкама Мікалая Язубца павіншаваў моладзь Ляхавіччыны са святам начальнік аддзела па справах моладзі Баранавіцкага райвыканкама Аляксандр Літвіновіч. І загучалі над горадам прыгожыя песенныя кампазіцыі ў выкананні таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія сваёй творчасцю і вакальнымі данымі пакарылі не толькі журы, але і шматлікіх гледачоў.

У гэты дзень на плошчы Леніна можна было паспытаць свае сілы, праявіць спрытнасць у разнастайных гульнях і конкурсах, паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі, падсілкавацца ўсялякай смакатой,  прыгатаванай ляхавіцкімі кулінарамі, і прадукцыяй птушкафабрыкі «Дружба» Баранавіцкага раёна. Папулярнасцю карысталіся міні-кафэ пад адкрытым небам і дзіцячыя атракцыёны. А вечарам у гарадскі парк культуры і адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча запрасіла танцавальна-забаўляльная праграма «Танцуй, пакуль малады!».

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *