Кацін баль. Свой выпускны баль ляхавічанка Кацярына Салодкая запомніць назаўсёды

Навіны ў той чэрвеньскі вечар былі як ніколі яркія і натхняльныя: у тэлеэфіры – кадры з Рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі. Шчаслівыя юнакі і дзяўчаты дзяліліся планамі і марамі, успаміналі дні вучобы, якія прамчалі імгненнем – незабыўным і цудоўным. У кадры была і наша зямлячка – ляхавічанка Кацярына Салодкая.

Каця – выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, цяпер ужо дыпламаваны эканаміст-праграміст. Запрашальным білетам на баль для яе стала выдатная вучоба: сярэдні бал 9,8 – вельмі красамоўны паказчык, як і дыплом з адзнакай.
У сваёй групе на інжынерна-эканаміч-ным факультэце Каця была адзінай прадстаўніцай прыгожай паловы. Але палёгку ёй ніхто не рабіў. І за гады вучобы дзяўчына даказала, што абаяльнасць і маладосць – не перашкода для сур’ёзнай работы ў ІТ-сферы. Яшчэ падчас вучобы вытрымала жорсткі адбор і з пяцісот жадаючых трапіла ў лік 18, хто стаў часткай калектыву міжнароднай кампаніі «EPAM».
– Уменне вучыцца і вучыць мне заклалі бацькі і педагогі гімназіі, падтрымлівае і дапамагае брат Дзмітрый. У БДУІР паступіла, можна сказаць, дзякуючы яму, таксама выпускніку гэтай ВНУ. Вельмі ўдзячна за ўрокі, настаўленні і парады Святлане Ігараўне Ушко, Валянціне Міхайлаўне Русакевіч, Людміле Пятроўне Раманенка, Любові Аляксееўне Каваленка, Уладзіміру Мікалаевічу Туркіну, Ніне Казіміраўне Касміной і многім іншым настаўнікам.
Ва ўніверсітэце Каця не абмяжоўвалася лекцыямі і практычнымі заняткамі, шмат часу аддавала самаадукацыі, вывучала тэхнічную літаратуру. Пры ўсёй агульнай занятасці ўмела цікава, нават экстрэмальна адпачываць: займалася роуп-джампінгам – скакала з 50-метровай вышыні, захаплялася баскетболам, конным спортам.
…Кветкі да стэлы «Мінск – горад- герой», чырвоная дарожка, вядомыя артысты – гэта ўсё было на Рэспубліканскім балі. Але самае хвалюючае пачуццё, незабыўныя імгненні, сцвярджае Каця, тыя, калі выпускнікоў віншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
– Усё было, як у казцы. Нават не верылася, што гэта адбываецца са мной. Прэзідэнт пажадаў нам быць моцнымі, верыць у сябе. Асабліва запалі ў сэрца такія словы: «чалавек, які жыве без мэты, нічога не дасягне – ні поспехаў у кар’еры, ні матэрыяльнага становішча». Кіраўнік дзяржавы пажадаў маладым ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты, рабіць усё ў час. Рабіць адказна, ідучы да сваёй мэты і дасягаючы яе. Гэты наказ, упэўнена, для маіх равеснікаў стане раскладам на заўтра, тым компасам, што ўказвае верны шлях. Гэта было так урачыста, так ганарова і ў той жа час вельмі шчыра. Магутная матывацыя да руху наперад, каб кожны з нас не спыняўся і паказаў, на што здольны, – дзеліцца выпускніца БДУІР.
Сёння Кацярына Салодкая паступіла ў магістратуру, мае месца працы ў IT-кампаніі і марыць сумяшчаць праграмаванне з выкладчыцкай дзейнасцю. З яе талентам, арганізаванасцю і ўменнем даводзіць пачатае да лагічнага завяршэння ўсё атрымаецца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта БДУІРа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *