Жніўнае поле з водарам баршчу. Як харчуюцца гэтым часам хлебаробы, пацікавіўся «ЛВ»

На палявой кухні ААТ «Жарабковічы» гаспадараць Тамара Молаш і Ядвіга Сковыш.

На жніўным полі пахне хлебам і… баршчом. Двойчы на дзень сталоўка пад адкрытым небам разгортваецца на палявых станах літаральна ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Добры работнік – накормлены работнік. Таму каларыйна, смачна і разнастайна пачаставаць удзельнікаў жніва – адна са стратэгічных задач на ўборачнай.
Як харчуюцца гэтым часам хлебаробы, пацікавіўся «ЛВ».

С трога па раскладзе пад’язджае на поле прыстасаваны для перавозкі ежы аўтамабіль (усяго на жніве ў ААТ «Жарабковічы» задзейнічана чатыры адзінкі такой тэхнікі). За рулём вось ужо пяты сезон Ядвіга Сковыш. Тамара Молаш раскладвае па талерках гарачыя пюрэ, катлеты, у якасці вітаміннай дабаўкі – свежыя агурочкі, на дэсерт – кампот. 16 гадзін, хлебаробы запрашаюцца на падвячорак.
– Малайцы, дзяўчаты. Гатуюць смачна, не горш, чым дома, –  лічы, у адзін голас сцвярджаюць механізатары.
15-20 хвілін – і зноў за штурвал камбайна ці за руль аўтамабіля, уборка не церпіць прамаруджвання.
На якім бы ўчастку ні шчыравалі тутэйшыя працаўнікі, абеды і падвячоркі сюды дастаўляюцца своечасова і гарачымі. Загадвае кухоннай гаспадаркай Ганна Барташэвіч. Яна разам з чатырма поварамі Святланай Мурочак, Вольгай Папко, Ірынай Грамак, Жаннай Славутай, кухоннымі рабочымі Валянцінай Ашмарынай, Галінай Малахвей, Нінай Мартыненка і Тамарай Молаш гатуюць штодня больш за 400 порцый: 260 абедаў і 170-180 падвячоркаў. Толькі месяц, як жарабковіцкая сталоўка пераехала з аграгарадка ў адрамантаваны за кошт сродкаў ААТ будынак былой школы-сада ў Канюхах. Абсталяванне, посуд – часткова абноўлены, работнікаў сталоўкі штодзённа сюды дастаўляюць спецрэйсам у 7.30 раніцы. Свежым мясам сталоўку забяспечвае гаспадарка. Агародніну закупляюць у фермера, мясныя паўфабрыкаты – на Бярозаўскім мясакансервавым камбінаце. Усё – за кошт сельгаспрадпрыемства. Тыя, хто харчуецца на полі, плацяць за два прыёмы ежы ў дзень сімвалічную суму – усяго 10 капеек.
Сёлетняе жніво – першае ў  кар’еры для повара сталоўкі   ЗАТ «Белпрампрыбор» Анастасіі Сельмановіч. Дзяўчына толькі нядаўна атрымала адпаведны дыплом. І цяпер з 7 гадзін раніцы пачынае гатаваць ежу для сваіх механізатараў. Ім з Аленай   Анціпенка штодня трэба   наварыць-насмажыць каля 20 абедаў і столькі ж падвячоркаў.
– Стараецца наша Насця, абеды ў яе – што трэба! Порцыі таксама добрыя, – адзначае камбайнер Міхаіл Зубік.
Абеды для работнікаў сельгаспрадпрыемства таксама амаль што бясплатныя.
Механізатары СВК «Ляхавіцкі» харчуюцца і на сяўбе, і на жніве не горш, чым у рэстаране. 23 гады пра разнастайнасць і якасць іх меню клапоціцца брыгадзір-повар сталовай райпо ў аграгарадку Русінавічы  Нэлі Жук. Сёлета штодня неабходна прыгатаваць 90 абедаў і 70-80 падвячоркаў.
– Капілка правераных рэцэптаў, безумоўна, ёсць. Але мы з поварам Таццянай Траяноўскай стараемся то іншую прыпраўку дабавіць, то кропу ці пятрушкі, і вось, лічы, новая страва атрымалася. У механізатараў цікавімся, што ім больш даспадобы. Яшчэ адзін важны сакрэт у прыгатаванні – добры настрой, –  гаворыць Нэлі Фёдараўна.
Дарэчы, тут гатуюць стравы не толькі для «Ляхавіцкага», але і для КСУП «Тальмінавічы» –  20-25 абедаў у дзень.
Па дагаворы паміж райпо і ДП «Нача» стравы для механізатараў гэтага прадпрыемства – па 30-35 абедаў і падвячоркаў – гатуе кафэ «Алеся». Што ж у камбайнера з «Начы» на абед?  Меню аднаго дня: гарохавы суп, шніцаль, макарона з маслам, салата «папараць-кветка», беляшы з мясам, кампот з фруктаў, хлеб.
Намеснік дырэктара ДП «Нача» Галіна Рамейка расказвае, што абеды з «Алесі» на палявым стане разыходзяцца на ўра. Наведвальнікі сталовай пад адкрытым небам плацяць за харчаванне  ўсяго 10 працэнтаў ад кошту, асноўныя траты бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства.
Гарачае харчаванне хлебаробаў арганізавана і ў іншых гаспадарках раёна.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *