Пад гул камбайнаў. ААТ «Жарабковічы» – адно з самых вялікіх сельгаспрадпрыемстваў раёна

Камбайнеры Андрэй Дзянішчык і Іван Мацюшэнка.

ААТ «Жарабковічы» – адно з самых вялікіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Сёлета на жніве тут задзейнічана 16 камбайнаў і 14 аўтамабіляў на адвозцы зерня, тры зернесушыльныя комплексы. Першую закладку ў скарбонку сёлетняга ўраджаю тутэйшыя аграрыі ўжо зрабілі: поўнасцю ўбраны рапс з плошчы 650 гектараў, ураджайнасць – 31,5 цэнтнера на круг. Цяпер задача – хуткімі тэмпамі пры належнай якасці справіцца з 1500 гектарамі азімай і 295 яравой пшаніцы, 795 гектарамі ячменю (у тым ліку 400 піваварнага).

На палях каля Канюхоў камбайны загулі яшчэ напрыканцы мінулага тыдня. Свой адзінаццаты жніўны сезон старшы камбайнер Іван Байчык сустрэў за штурвалам «Палесся», побач нязменны напарнік Сяргей Каралёў.
Падчас хвіліннага перапынку паспяваюць расказаць, што ўборку сёлета пачыналі не ў «Жарабковічах», дзе ўраджай паспявае крыху пазней, а ў «Тальмінавічах» – дапамагалі малаціць рапс. На гэты раз пад жатку пайшла канюхоўская пшаніца.
– Памяняць бы ліпеньскае надвор’е з майскім, то ўраджай атрымалі б на парадак вышэйшы, у тым ліку і на гэтых палях. Летась тут мелі па 45 цэнтнераў на круг, сёлета толькі 37,6, – скардзіцца намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» па раслінаводстве Сяргей Каляда. Між іншым, другія ўчасткі аказаліся больш ураджайнымі: збіраюць і па 61-62 цэнтнера з гектара.
Жарабковіцкія механізатары старанна падрыхтавалі тэхніку  да выхаду ў поле, пры неабходнасці самі акажуць ёй «першую дапамогу». Як, напрыклад, экіпаж Дзмітрыя Лук’янчыка і Дзмітрыя Дыдышкі. Нечаканая паломка не выбіла іх з каляіны.
Крыху «пачаравалі», і камбайн зноў паплыў па полі.   Побач нязменны спадарожнік ўборачнай, дзяжурны па бяспецы, ён жа вадзіцель пажарнай машыны Іван Сергіеня. На сваім важным пасту ён вось ужо 27 гадоў. Успамінае, што даводзілася тушыць салому, якая загарэлася, і нават трактар.
Не адводзіць позірку ад кузава аўтамабіля вадзіцель Аляксандр Страмавус: уважліва сочыць за «перасяленнем» збожжа з бункера камбайна ў машыну. А потым імчыць на зерняток (дарэчы, вось ужо 33-ці сезон) –
хутка, але акуратна, каб не рассыпаць хлеб, які сёлета і сапраўды на вагу золата.
Не толькі вопытныя хлебаробы задзейнічаны на жніве ў «Жарабковічах», давяраюць тут і маладым. Экіпаж у складзе Паўла Куцко і Сяргея Падымава – адзін з маладзёжных камбайнерскіх дуэтаў – гэта на жніве, а па-за ім – механізатары. У юнакоў усё атрымліваецца. А спатрэбіцца дапамога, вопытныя камбайнеры не адмовяць: падкажуць, параяць, падтрымаюць.
Маладому вадзіцелю Яўгенію Баўтрукевічу (для выпускніка Мінскага аўтамабільнага каледжа сёлетняя ўборачная другая па ліку), як і яго калегам не да прастояў у гарачую пару.
Жніво працягваецца, і сваё важкае слова ў ім «Жарабковічы» яшчэ скажуць.

ФАКТ

Жарабковіцкія рупліўцы хлебнай нівы намалочваюць 48,7 цэнтнера збожжа з гектара – больш за іншых у раёне. Пакуль у гас-падарцы ўбрана каля 41 працэнта жніўных плошчаў.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Для экіпажа ў складзе Івана Байчыка і Сяргея Каралёва сёлетні сезон трэці.

Маладыя камбайнеры Павел Куцко і Сяргей Падымаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *