Аграномаў трэба шукаць у сельскіх школах

Ляхавіччына ў параўнанні з многімі іншымі рэгіёнамі знаходзіцца ў больш выгадным становішчы ў плане забеспячэння кадрамі АПК: тут ёсць свая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы спецыялістаў сярэдняга звяна – заатэхнікаў, аграномаў, ветэрынарных фельчараў, плодаагароднікаў.

Кожны год дзясяткі выпускнікоў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа раз’язджаюцца па сельгаспрадпрыемствах рэспублікі (а вось з мясцовых гаспадарак заявак чамусьці мала), каб пачаць сваю працоўную дзейнасць у якасці дыпламаваных спецыялістаў.

У кожнага з іх планы і задумкі, якія, на жаль, часта разбіваюцца аб паўсядзённыя цяжкасці вясковага жыцця. Часам маладым людзям даводзіцца крута мяняць свае ўяўленні, некаторыя наогул развітваюцца з атрыманай прафесіяй, ідуць туды, дзе прапаноўваюцць лепшыя бонусы, зарплату. Праўда, 2 гады, якія па закону патрэбна адпрацаваць па размеркаванні пасля заканчэння навучальнай установы, адпрацоўваюць.

Дарэчы, гэта датычыць не толькі выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Напрыклад, у 2010 годзе ў сельгаспрадпрыемствы раёна былі размеркаваны 10 выпускнікоў ВНУ, 23 маладыя спецыялісты з дыпломамі аб заканчэнні ССНУ. Пасля двух гадоў працоўнай дзейнасці “прыжыліся” 5 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 10 – з сярэдняй спецыяльнай. У 2011 годзе з 9 выпускнікоў ВНУ застаўся працаваць толькі 1, а з 17 спецыялістаў з дыпломам сельскагаспадарчага каледжа – 8.

Спачатку пра тых, у каго збыліся ці збываюцца мары. Аляксандр Новік закончыў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову па спецыяльнасці “агранамія”, атрымаў размеркаванне ў СВК “Жарабковічы”. 2 “абавязковыя” гады атрымліваў даплату да зарплаты ў размеры 2 ставак першага тарыфнага разраду за кошт гаспадаркі. Пасля таго, як прыняў рашэнне працаваць далей, даплаты ўзраслі да 3 ставак – ужо за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

На такіх жа ўмовах уладкоўваліся на працу бухгалтар Таццяна Пронька, загадчык майстэрняў Георгій Жук, бухгалтар і аграном Вікторыя і Яўгеній Цярпіцкія – усе яны атрымалі добраўпарадкаванае жыллё, як і механізатар Дзяніс Буката. Старшыня сельгаскааператыва Віталій Бусько сцвярджае, што добрыя спецыялісты ў іх цэняцца:

— Абавязкова выплачваем “пад’ёмныя”, даём магчымасць узяць беспрацэнтную пазыку. Многія забяспечваюцца для работы транспартам, з аграгарадка людзі дастаўляюцца на работу ў іншыя вытворчыя падраздзяленні. Большасць працаўнікоў такія падыходы задавальняюць. А калі ўзнікаюць пытанні, то яны абавязкова вырашаюцца. Што асабліва важна, дзеці многіх нашых працаўнікоў вучацца ў ВНУ і ССНУ, а пасля вяртаюцца дамоў дыпламаванымі спецыялістамі. І гэта адзін з удалых варыянтаў замацавання кадраў. Няма праблемы ў нас і з радавымі работнікамі. Прымаем на конкурснай аснове. Калі работнік праявіў сябе з лепшага боку – карыстаецца ўсімі дабротамі як паўнапраўны член СВК.

Не існуе кадравай праблемы ў ДП “Нача”. Гарантаваны сацпакет, жыллё, увесь набор устаноў сацкультбыту, раздолле, якое па душы вясковаму чалавеку. Юлія Дабравольская прыехала ў сельгаспрадпрыемства па размеркаванні 3 гады назад і засталася. Яе сям’я атрымала катэдж, абжылася. А летась сям’я Дабравольскіх трапіла ў фінал абласнога конкурсу “Уладар сяла”. Да зарплаты штомесяц дабаўляецца сума, роўная тром стаўкам першага разраду, з рэспубліканскага бюджэту, – чаго яшчэ жадаць?

Ужо даўно забыліся, што такое цякучасць кадраў, у СВК “Шлях новы”. Толькі ў апошнія гады тут трывала замацаваліся 5 спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. З задавальненнем застаюцца маладыя ў СВК “Ляхавіцкі”. Тут няма праблемы з кадрамі спецыялістаў, а таксама механізатараў, даярак, іншых рабочых спецыяльнасцяў.

На пачатак 2014 года з рэспубліканскага бюджэту налічваюцца даплаты (3 тарыфныя стаўкі першага разраду) 18 спецыялістам сельскагаспадарчай вытворчасці раёна, якія адпрацавалі вызначаны час пасля заканчэння навучальных устаноў і засталіся на сваіх пасадах.

Тым не менш, многія маладыя спецыялісты пакідаюць сельгаспрадпрыемствы ў пошуках лепшага жыцця. Як адзначыла намеснік начальніка райсельгасхарчу Ірына Страмавус, не “прыжываюцца” кадры ў СВК “Востраў-Агра”, “Ліпнянка”, “Тальмінавічы”, патрабуюцца – у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. На думку Ірыны Страмавус, прычын таму шмат:

— Іншы раз мы не ўлічваем той факт, што ў вёску прыходзяць людзі новага пакалення, і адной зарплатай іх не ўтрымаць. Патрэбны цывілізаваны распара-дак рабочага дня з выхаднымі, пакет сацыяльных даброт, набліжаных да гарадскіх. Патрэбны іншы механізм стымулявання. Падтрымліваю думку, што трэба рыхтаваць як мага больш кадраў на аснове мэтавых накіраванняў. І шукаць будучых аграномаў, ветурачоў і г.д. у выпускных класах сельскіх школ, прычым, ужо на гэтым этапе гаварыць пра магчымую пасаду і перспектывы. У далейшым, пры навучанні “заказчык” можа штомесячна даплачваць пэўную суму да стыпендыі ў адпаведнасці з вынікамі экзаменацыйнай сесіі. Пасля, ужо на працоўным месцы, малады спецыяліст атрымае “пад’ёмныя”, разавую дапамогу ў выглядзе агульнапрынятага для ўсіх гаспадарак сацпакета, а таксама льготны крэдыт на далейшае бытавое ўладкаванне. Лагічна, што, даючы такія сацыяльныя гарантыі, гаспадарка можа разлічваць на заключэнне працоўнага дагавора з работнікамі як мінімум на 5 гадоў. У абсалютнай большасці маладых спецыялістаў пасля гэтага часу пытанне замацавання ўжо не ўзнікне, тым больш пры выплаце бонусаў за высокаэфектыўную работу.

Новыя тэхналогіі патрэбна ўкараняць і ў грамадскім жыцці. Але відавочна і тое, што сёння для некаторых гаспадарак зрабіць гэта вельмі складана. Напрыклад, у СВК “Востраў-Агра” сярэдняя зарплата галоўнага спецыяліста не перавышае 3,5 мільёна рублёў. У СВК “Ліпнянка” па гэтай жа прычыне перайшоў у суседнюю гаспадарку ветэрынарны ўрач. Аднак і тут, калі пастарацца, можна знайсці, чым прывабіць моладзь: уладкаваныя аграгарадкі з дастаткова развітай інфраструктурай, прыгожыя краявіды, магчымасць атрымаць жыллё.

Кіраўнікам і спецыялістам сельгаспрадпрыемстваў варта прапагандаваць прафесію хлебароба сярод школьнікаў і адпраўляць маладых людзей на вучобу ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы. Калі ты адгэтуль родам, то ёсць вялікі працэнт верагоднасці, што спрацуе “зямное прыцяжэнне».

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *