Урокі для душы

Значыцца ў школьных планах і супрацоўніцтва з прыходам храма свяціцеля Мікалая Цудатворца вёскі Дарава. Пачатак задуманаму быў пакладзены 30 кастрычніка мінулага года, калі прыхаджане ў дар школьнай бібліятэцы перадалі кнігі маральна-духоўнай тэматыкі.

Разам з настаўнікамі і адміністрацыяй школы настаяцель храма наведаў сем’і, што патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі. Найбольш цеснае супрацоўніцтва паміж школай і праваслаўнай царквой пачалося з прыходам у храм новага настаяцеля айца Іаана. У другім паўгоддзі навучальнага года ў 9-11 класах ён правёў цыкл гутарак аб галоўных і вечных чалавечых каштоўнасцях. Айцец Іаан стаў частым госцем таксама ў школьнай спартзале, удзельнічаў у шэрагу іншых выхаваўчага кшталту мерапрыемствах.

Сумесна з вучнямі 9 класа была праведзена акцыя пад назвай «Адзінокая магіла» па добраўпарадкаванні месца перапахавання ахвяр Першай сусветнай вайны на могілках у вёсцы Малое Падлессе.

Супрацоўніцтва працягваецца ў летні час. Адзін з дзён работы ў школе профільных аздараўленчых лагераў «Эўрыка» і «Ратавальнік»прайшоў пад дэвізам «Мы — валанцёры». Рабяты не проста пабывалі на экскурсіі ў храме Мікалая Цудатворца ў Малым Падлессі, але і вынікова папрацавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі Свята-Троіцкага храма, асвячэнне якога прызначана на 14 ліпеня.

А 24 чэрвеня айцец Іаан арганізаваў наведванне вучнямі 9 класа храма ў вёсцы Сынкавічы. Школьнікі ў прамым сэнсе змаглі дакрануцца да гісторыі — на яго ачышчаных ад тынкоўкі і фарбы сценах можна разглядзець біблейскія надпісы, выкананыя ў 13 стагоддзі.

Знаёмства са спадчынай праваслаўнага дойлідства рабяты працягвалі ў Жыровіцкім манастыры.

Хочацца спадзявацца, што наладжанае супрацоўніцтва пасадзейнічае ўмацаванню маральна-духоўных якасцяў вучняў школы, дазволіць выхаваць у іх лепшыя чалавечыя якасці, што спрадвеку ўласцівы беларускаму народу.

Таццяна ДАШКЕВІЧ,

намеснік дырэктара

Дараўскага дзіцячага

сада-сярэдняй школы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *