Дыстанцыя – тысяча. У Ляхавіцкім раёне ўшаноўвалі першага вадзіцеля-тысячніка
Які камбайнер ці вадзіцель на жніве не жадае стаць тысячнікам? Запаветны паказчык дасягаюць і перасягаюць працавітыя, настойлівыя, адказныя. У гарачы ўборачны час з’яўленне на рахунку хлебароба чатырохзначнай камбінацыі – падзея знакавая. І яна, дарэчы, адзнака ўсім працаўнікам, якія шчыравалі, каб хлебны каравай быў шчодрым.
У мінулую нядзелю на зернесушыльным комплексе ААТ «Жарабковічы» звыклы графік працы быў крыху парушаны прыемнай падзеяй: віншавалі першага ў раёне вадзіцеля-тысячніка. Сёлета ім стаў Аляксандр Сокал (на здымку), на чыім рахунку тысяча тон перавезенага ад камбайнаў на зерняток збожжа была зафіксавана яшчэ ў суботу ўвечары.
На жніве ён не навічок, і быць сярод перадавікоў для Аляксандра – справа знаёмая: летась яго ўшаноўвалі сярод пераможцаў раённага спаборніцтва на жніве. Ды і раней не раз адзначаўся ў ліку лепшых. Перавезці 120-140 тон збожжа за дзень на МАЗе для вадзіцеля Сокала – не праблема, за рулём аўтамабіля ў сваёй гаспадарцы ўжо 17 гадоў. Машыну адчувае і ведае ўсе сакрэты хуткай і ашчаднай дастаўкі зерня. А ад аператыўнасці і акуратнасці вадзіцеляў у многім залежыць вынік агульнай працы.
Саша павышаную ўвагу да сваёй асобы ўспрымае спакойна, нават сціпла, адзначае, што ўсе яго калегі – майстры.
Тысячніка з працоўнай перамогай павіншаваў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Іван Шматко. Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура ўручыла вадзіцелю падзяку галіновага прафсаюза. Падарунак перадавіку падрыхтаваў і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
А яшчэ ў гонар героя падзеі прыгожа лілася песня – музычнае віншаванне за ўдарную працу ад самадзейных артыстаў з народнага ансамбля народнай песні «Крыніца» Людмілы і Мікалая Ламакаў.
Цёплыя словы, пажаданні і наказы – і Аляксандр Сокал зноў на маршруце: на палетках чакаюць камбайны.
Дарэчы, жарабковіцкі збожжавы клін змяншаецца штодзень, плошча зжатага перайшла за экватар – па стане на 31 ліпеня ўбрана 61,2 працэнта ад плана. Намалочана 8140 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 47,5 цэнтнера з гектара.
ДАРЭЧЫ
Пакуль нумар рыхтаваўся да друку, стала вядома, што тысячу тон збожжа перавезлі таксама Ігар Каўроўскі і Міхаіл Праневіч з «Жарабковіч», Юрый Тарабеш са «Шляху новага».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара. Больш фота тут