Свет ведаў кніга адкрывае. Сёлета юбілейны ХХV Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Іванаве і будзе прысвечаны тэме малой радзімы

Дзень беларускага пісьменства традыцыйна адзначаецца ў першую  нядзелю верасня. Сталіцай яго ў розныя гады былі Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе (таксама двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь,   Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў – гарады з багатай культурнай і літаратурнай спадчынай. Для сёлетніх – юбілейных –  урачыстасцей абраны гасцінны берасцейскі горад Іванава. Арганізатары абяцаюць цікавую насычаную праграму, багатую на сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, прэзентацыі кніг і выдавецтваў, выставы народнай творчасці і экспазіцыі, прысвечаныя кнігадрукаванню – старадаўняму і сённяшняму.
Пачнецца ў Мінску і завершыцца ў Іванаве традыцыйная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў».

Іванава будуецца, рэканструюецца, упрыгожваецца, запрашае гасцей – рыхтуецца з размахам прыняць свята. Крок за крокам, мерапрыемства за мерапрыемствам – з мноствам планаў і задумак набліжаецца да ХХV Дня беларускага пісьменства і Ляхавіччына культурная. Нямала запамінальных сустрэч пакінула ўжо свой след у памяці землякоў. Па-сапраўднаму яркай падзеяй стала раённае свята «Флер’яноўскія чытанні», якое ў чэрвені ў былым маёнтку Бохвіцаў сабрала землякоў, неабыякавых да творчасці, культурнай спадчыны, тых, хто шануе свае карані і родную мову. А прывітальнае пісьмо Міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, натхнёныя словы вядомага земляка, пісьменніка і паэта Алеся Бадака, душэўныя выступленні паэтак Галіны Жывіцы і Клаўдзіі Трысцень, тэатралізаваныя пастаноўкі, чытанне вершаў, шматлікія выставы надалі фэсту яшчэ большую значнасць, непаўторнасць, каларыт.
«Флер’яноўскія чытанні» не адзінае культурна-асветніцкае мерапрыемства, ініцыятарам і арганізатарам якога стала раённая купалаўка.
– Галоўнае прызначэнне Дня беларускага пісьменства – адлюстраваць сувязь беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай нашага народа. Таму, несумненна, свята мае непасрэднае дачыненне да адукацыйных устаноў, выдавецтваў і, канешне ж, бібліятэк. Не выключэнне і бібліятэкі нашага раёна, – расказвае загадчыца аддзела цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Лізавета Мацулевіч.
Зараз супрацоўнікі купалаўкі займаюцца падрыхтоўкай вельмі цікавай сустрэчы з таленавітай зямлячкай – паэткай, краязнаўцай, неардынарным чалавекам Галінай Зыранавай. Раёнка абавязкова праанансуе гэта мерапрыемства.
А тым часам Лізавета Мацулевіч прадаўжае экскурсію ў недалёкую будучыню. Вось што нас чакае ў жніўні. У Навасёлкаўскай сельскай бібліятэцы пройдзе гадзіна беларусазнаўства «Люблю сівых вякоў паданні», а ва Ураджайнінскай СБ – завочнае падарожжа ў мінулае «Кнігі і людзі: век ХХ».
Верасень стане ў нашым раёне месяцам пісьменства. На ўсім яго працягу, акрамя кніжных паліц і выстаў, што абавязкова афармляюцца ў кожнай бібліятэцы, плануюцца акцыі, урокі ведаў, гадзіны культінфармацыі, тэматычныя вечарыны, інтэлектуальныя гульні і многае іншае. Аматары літаратуры з Ляхавіцкага і Пружанскага раёнаў збяруцца ў нашай купалаўцы на міжрэгіянальную творчую сустрэчу.
Вялікія планы і ў сельскіх бібліятэк. Начаўская запросіць хлопчыкаў і дзяўчынак на гутарку «Свет ведаў кніга адкрывае», Канюхоўская рыхтуе біблія-графічную гадзіну «Падарожжа да вытокаў кнігадрукавання». Жадаеце даведацца, адкуль наш род і наша мова? Тады вам на ўрок ведаў, які правядзе Тальмінавіцкая СБ.
Як бы ні вабілі сучаснікаў прасторы інтэрнэта, электронныя кнігі, але адчуванні і настрой, якія атрымліваеш ад непасрэднага датыкнення да папяровай старонкі друкаванай кнігі, ні з чым не параўнальныя. Хто любіць чытаць, няхай абавязкова зазірне ва Ураджайнінскую сельскую бібліятэку на ўрок ведаў «Майстры беларускай прозы», у Федзюкоўскую СБ – на конкурс знаўцаў «Кніга – мая сапраўдная любоў», Сваятыцкую – на гадзіну інфармацыі «Я кнігу адкрываю»…
Да Дня беларускага пісьменства застаецца не так многа часу. Давайце сустрэнем яго з добрай кнігай.
Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта https://ru.wikipedia.org

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *