Звароты: вырашана станоўча. Адрасныя зручнасці

Прамыя лініі, сустрэчы прадстаўнікоў улады з працоўнымі калектывамі, землякамі, электронныя  звароты – гэта ўсё дае магчымасць кіраўніцтву раёна валодаць сітуацыяй, ведаць канкрэтныя адрасы праблем, якія хвалююць гараджан і вяскоўцаў. Дзякуючы ў тым ліку падобным падказкам наш раён пераўтвараецца, становіцца больш утульным і зручным для жыцця. І, канешне, прыцягальным для моладзі.

Надзвычай важна, што ўзнятыя праблемныя пытанні не застаюцца незаўважанымі. У гэтым пераканаліся жыхары вуліцы Цітовіча ў райцэнтры. Шмат гадоў ліўневая каналізацыя, якая праходзіла пад ёй, дастаўляла нязручнасці гаспадарам аднаго з тутэйшых дамоў, уносіла не самы прыгожы і прыемны штрых у выгляд іх падворка.
Справа ў тым, што ўся вада з вуліцы працякала праз іх участак, часам там утваралася цэлая канава. Занепакоеныя гараджане звярнуліся за дапамогай да раённай улады.
І вось цяпер зусім іншая карціна. Сітуацыю выправілі камунальнікі: пракладваецца ліўнёўка з захаваннем усіх тэхналогій.

Дарожная бяспека і зручнасць руху – таксама ў полі зроку кіраўніцтва раёна. Чаканы падарунак атрымалі ад РУП«Брэстаўтадар» жыхары вёскі Літва. Участак аўтадарогі Баранавічы-Ляхавічы недалёка ад аўтобуснага прыпынку «9-ы кіламетр» падрос у шырыню перад паваротам на Літву. Цяпер, як і прасілі вяскоўцы, тут з’явілася пераходна-скорасная паласа. Дарэчы, папярэдне праводзіўся маніторынг патоку машын у гэтым накірунку, вывучалася мэтазгоднасць з’яўлення такога дарожнага элемента. У выніку прынята станоўчае рашэнне.


Неаднойчы жыхары вёскі Задвор’е калектыўна звярталіся ў камунгас па пытаннях добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі. Сёлетнія абнаўленні парадавалі вяскоўцаў. Па-першае, з’явіўся «міні-дыснэйлэнд». Цяпер арэлі, горкі, балансіры, пясочніцы і нават мапед на спружыне – усё гэта ў распараджэнні задворскіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Яшчэ адзін пункт з разраду выкананага –адрамантавана  асвятленне ў пад’ездах дамоў № 31 і № 32 па вуліцы Камсамольскай у Задвор’і, у двары з’явіліся і лавачкі.
І такіх адрасоў шмат па ўсім раёне. Трэба разумець, што любы зварот, заўвага, просьба не застаюцца па-за ўвагай улады. Безумоўна, не ўсё можна вырашыць тут і цяпер: патрабуюцца пэўны час, сродкі, неабходна ўсебакова вывучыць сітуацыю і знайсці аптымальны варыянт ці кампраміс. Да таго ж не ўсе пажаданні могуць быць увасоблены ў жыццё. Тым не менш, адказныя службы настроены на канструктыўную размову, імкнуцца дапамагчы па максімуму і зрабіць малую радзіму яшчэ больш прыгожай.
Маргарыта КУХТА.