Толькі «за»! На Брэстчыне пачаў работу маладзёжны парламент пры Брэсцкім аблсавеце дэпутатаў

Мінулы чацвер для Брэстчыны адзначыўся важнай палітычнай падзеяй. У гэты дзень самыя актыўныя юнакі і дзяўчаты з рэгіёнаў вобласці прынялі ўдзел у першай сесіі маладзёжнага парламента пры Брэсцкім абласным Савеце дэпутатаў. 44 перспектыўныя і зацікаўленыя прадстаўнікі маладога пакалення з гэтага моманту сталі паўнацэннымі членамі нядаўна створанага кансультацыйна-дарадчага органа.
Першая сустрэча прайшла ў арганізацыйным фармаце. Як і дыктаваў парадак дня, выбралі старшыню маладзёжнага парламента. Аднагалосным рашэннем ім стала Юлія Рагашчук, якая працуе ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста. Намеснікам старшыні абрана загадчыца юрыдычнага сектара Іванаўскага райвыканкама Ганна Хачатран, сакратаром – Яна Фралова з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Акрамя гэтага, выбраны – старшыні камісій, прэзідыум.
Важнасць і значнасць гэтай падзеі для Брэстчыны адзначыў старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч. маладзёжны парламент павінен стаць пляцоўкай, на якой яго члены змогуць прадстаўляць свае ініцыятывы ў органы мясцовага самакіравання. Не менш важна і тое, што гэта дазволіць прыцягнуць юнакоў і дзяўчат да больш актыўнага ўдзелу ў грамадска- палітычным жыцці вобласці. І хто як не моладзь зможа заўсёды трымаць руку на пульсе і быць у курсе меркаванняў, прапаноў, заўваг равеснікаў па сацыяльна-эканамічных пытаннях.
Знаёмствы, абмен кантактамі, ідэі – сустрэнемся ў мэсэнджарах і на наступнай сесіі. Толькі ўжо з планам работы і канкрэтнымі справамі!
А іх безліч, ёсць і яшчэ  будуць. Прыклад якаснай  работы прадэманстраваў на экране і расказаў старшыня маладзёжнага парламента пры Брэсцкім гарсавеце дэпутатаў Павел Ялавы.
Першы крок зроблены, няхай ён будзе добрым стартам для вялікіх пачынанняў.

Маргарыта КУХТА.