Быць гаспадаром. На парадку дня апаратнай нарады ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама стаялі актуальныя пытанні жыццядзейнасці раёна

Добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў па-ранейшаму на кантролі ўлады.

Усяго месяц спатрэбіўся старшыні Альхоўскага сельвыканкама Вячаславу Кулаку, каб выправіць большасць недахопаў, выяўленых землеўпарадкавальнай, прыродаахоўнай і санітарнай службамі ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета. За гэты час падкошана трава, уключаны ў севазварот землі пасля зносу старых будынкаў, ліквідаваны несанкцыянаваныя сметнікі, зроблена многае іншае, што пацверджана фотаздымкамі, прадстаўленымі на апаратнай нарадзе ў кіраўніка раёна ў мінулы панядзелак.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі адзначыў: нягледзячы на выкананую работу над памылкамі, нельга пускаць справу на самацёк, займацца ёй трэба пастаянна. Нельга быць староннім назіральнікам, трэба адчуваць сябе адказным гаспадаром і па-гаспадарску ставіцца да ўтрымання падпарадкаванай тэрыторыі, падкрэсліў кіраўнік раёна, звяртаючыся да старшынь сельвыканкамаў.
На парадку дня апаратнай нарады было і актуальнае пытанне лазневага абслугоўвання насельніцтва. Акцэнт зроблены на яго сацыяльным і эканамічным складніках.
Размова ішла і пра камунальныя даўгі. ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» запазычыў камунальнікам амаль 81 тысячу, КСУП «Ліпнянка» – больш за 19 тысяч рублёў, «Тальмінавічы» – амаль 14 тысяч, ААТ «Шлях новы» – 12 тысяч рублёў. Даўжнікі камунгаса ёсць не толькі ў нашым раёне, але і па-за яго межамі. Прычым, як адзначыў дырэктар ЖКГ Аляксандр Жук, усе згаданыя сельгаспрадпрыемствы, акрамя «Шляху новага», не выконваюць складзены графік вяртання даўгоў.
Кіраўнік раёна на гэты конт выказаўся катэгарычна: даўгі трэба вяртаць, і заканадаўства прадастаўляе вялікія магчымасці ў рабоце па іх спагнанні.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *