Адной нівы рупліўцы. Ідзе жніво ў «БелДане»

Артур Гутырчык.

На палях ЗТАА «БелДан» каля Волькі шчыруюць магутныя «Нью Холанды». У кабінах – кандыцыянеры і іншыя выгоды для камбайнераў.
– Тэхніка выдатная. На ёй працаваць у радасць. Мне ёсць з чым параўноўваць. 40 гадоў назад яшчэ падлеткам першы раз сеў у кабіну старэнькай «Нівы» ў якасці памочніка і жаў разам з камбайнерам Міхаілам Зубікам на палях калгаса «Ленінскі шлях». Потым садзіўся за штурвал розных камбайнаў у гаспадарках востраўскай зоны. Быў час – зусім адыходзіў ад сельгасвытворчасці. Цяперашні камбайн не прамяняў бы ні на які іншы, – расказвае хлебароб Іосіф Ламанос. Для яго сёлетняя ўборачная ў «БелДане» – пятая.
Іосіф Мікалаевіч шчыруе на адным полі з маладым, але дастаткова вопытным калегам Артурам Гутырчыкам. Прыгожае відовішча: па жніўным полі з розных бакоў плывуць жоўтыя веліканы. Дарэчы, у адрозненне ад іншых гаспадарак, тут на камбайне працуе адзін механізатар. Усяго ў «БелДане» на жніве задзейнічаны чатыры адзінкі такой тэхнікі, на якой трэба ўбраць 3800 гектараў.
– Да ўборкі рыхтаваліся, як заўжды, старанна. А вось надвор’е, канешне, падвяло. Ураджайнасць меншая, чым летась, адпаведна і намалоты, – расказвае Артур Гутырчык.
Яшчэ некалькі хвілін на фотасесію – і ён разам з Іосіфам Ламаносам адпраўляецца на іншае поле. Пакуль няма дажджоў, варта паспяшацца. Звычайна камбайны на палетках ад світання, лічы, да паўночы.
А тым часам адзін за адным на сустрэчу з камбайнамі, каб забраць намалочанае зерне, спяшаюцца аўтамабіль і трактар. Для вадзіцеля МАЗа Яўгенія Петрашэвіча гэта першы месяц на першым у яго жыцці жніве.
– Да такога рытму прывык хутка. За дзень раблю 5-6 рэйсаў па маршруце «поле-элеватар». Канешне, хуткасць неабходны складнік, але важная і акуратнасць у перавозцы зерня, асабліва, у такі не вельмі ўраджайны год, – разважае Яўгеній Петрашэвіч. З такой шафёрскай жніўнай тактыкай згодны і яшчэ адзін навічок Аляксандр Азарчык. У пазажніўным раскладзе ён у «БелДане» вадзіцель, зваршчык, слесар.
З году ў год механізатары гэтага сельгаспрадпрыемства сярод раённых лідараў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур – яны любяць сваю справу і робяць яе па-майстэрску. І сёлета, напэўна, не стане выключэннем.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Аляксандр Азарчык

Іосіф Ламанос

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *