Рэпетыцыйнае тэсціраванне

«ЛВ» пацікавіўся, як жылкамунгас у халады збіраецца стварыць камфортнае надвор’е ў дамах і кватэрах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях

Без перабольшання, ацяпляльны сезон для камунальнікаў доўжыцца круглы год. Гэта не толькі падача цяпла ў жылыя дамы, установы і на прадпрыемствы, але і падрыхтоўка да зімы. Сёлета ў маі зацвердзілі мерапрыемствы, сярод асноўных – работы па замене і рамонце цеплавых сетак, кацельняў, падрыхтоўка цэнтральных цеплавых пунктаў, водаправода, каналізацыі, добраўпарадкаванне, выраб пашпартоў гатоўнасці, паверка прыбораў уліку, падрыхтоўка спецыялізаванай снегаўборачнай тэхнікі, іншае. І, канешне, работа над мінулагоднімі памылкамі. Трэба сказаць, што з кожным ацяпляльным сезонам іх становіцца менш, падкрэслівае дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Аляксандр Жук.

З запланаваных 4,2 кіламетра цеплавых сетак па стане на 15 жніўня заменена пакуль 1,8 кіламетра. На ўсіх 24 кацельнях, што знахо- дзяцца на балансе камунгаса, завершаны прафілактычны рамонт абсталявання і яго выпрабаванні, ачышчаны ўсе 78 катлоў, прафілактычны рамонт праведзены на чатырох цэнтральных цеплавых пунктах.
Гэту статыстыку агучыў Аляксандр Жук і запэўніў, што хутка будзе пастаўлена кропка і ў рамонце сістэм ацяплення (104 аб’екты), цеплаізаляцыі ў жылых дамах. Прадаўжаюцца прамыўка інжынерных сетак, рамонт артэзіянскіх свідравін, замена помпаў на каналізацыйна-помпавых станцыях.
Што датычыцца жыллёвага сектара, то да сярэдзіны верасня завершыцца рамонт балконаў і лоджый, стыкаў сценавых панэляў па дзесяці запланаваных адрасах і не толькі ў райцэнтры. Рамонт дахаў у шматкватэрніках завершаны на 90 працэнтах аб’ектаў (усяго запланавана 2200 квадратных метраў).
Бясспрэчна, землякоў непакоіць, ці будзе ў кватэрах зімой цёпла? Адказ на пытанне непасрэдна звязаны, у тым ліку, з нарыхтоўкай мясцовых відаў паліва.
– Мерзнуць не будзем. Нарыхтоўка дроў і торфабрыкету ідзе па графіку. На ўсіх кацельнях, дзе складзіруецца паліва, створаны належныя ўмовы для захоўвання, зроблены спецыяльныя навесы. Штодзённа вядзецца ўлік колькасці назапашанага, – зазначае кіраўнік жылкамунгаса. Праўда, названыя ім лічбы не здаліся вельмі важкімі: ёсць трэцяя частка ад неабходнага запасу дроў і толькі шостая – торфу.
Атрыманне пашпартоў гатоўнасці аб’ектаў – абавязковая працэдура напярэдадні ацяпляльнага сезона. Усе спажыўцы павінны атрымаць такі дакумент да 1 кастрычніка. Што маем сёння? Па стане на 10 жніўня 10 абследаваных кацельняў атрымалі ад дзяржпрамнагляду допуск да эксплуатацыі. Прыборы ўліку цяпла ўстаноўлены на ўсіх кацельнях. Што тычыць жыллёвага сектара, то такія дакументы маюць толькі 16 са 171 шматкватэрніка, якія знаходзяцца на балансе камунгаса.
Рыхтуюцца да ацяпляльнага сезона сельпрадпрыемствы, установы культуры і адукацыі. Пэўную работу правялі і ў раёне газазабеспячэння. У прыватнасці, выканана комплекснае прыборнае абследаванне газаправодаў, замяняецца састарэлае газавае абсталяванне газаразмеркавальных пунктаў, праводзіцца тэхнічнае абслугоўванне газавых прыбораў у кватэрах гараджан і вяскоўцаў.

ДАРЭЧЫ

З 24 кацельняў, што знаходзяцца на балансе камунгаса, 17 (адна пераведзена летась) сілкуюцца мясцовымі відамі паліва.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *