Стратэгічна-смачная акалічнасць, ці Сінонім жыцця ў асобах і тонах

Жніўны марафон, як і належыць, закончаны ў жніўні. На ляхавіцкай хлебнай ніве шчыравалі 70 камбайнаў, каля сотні аўтамабіляў, 24 стацыянарныя і 6 перасоўных зернесушыльных комплексаў. Але самая галоўная, неабходная, нязменная ўмова ўборачнай, яе поспех, яе лёс забяспечвалася, стваралася, гарантавалася суб’ектыўным фактарам у асобах хлебаробаў.
Механізатары, вадзіцелі, работнікі ЗСК, спецыялісты, кіраўнікі працавалі ў гэты гарачы ва ўсіх сэнсах час ва ўзмоцненым рэжыме, не зважаючы на працягласць рабочага дня. Усё падпарадкоўвалася адзінай мэце: убраць да апошняга зярнятка і як мага хутчэй. Чуеце, як важка гучыць гэта, здавалася б, прывычнае сцвярджэнне. У кожнае жніво – па-піянерску!
Перш чым на паліцах харчовых магазінаў з’явіцца найшыкоўнейшая прапанова ад хлебапёкаў (цэлым боханам ці нарэзаным на лустачкі, у цэлафане і без «вопраткі», чорны, шэры, «пякляваны», бездражджавы ці на традыцыйнай заквасцы, з семачкамі і курагой, з кменам і кунжутам… усяго не пералічыш), з пасляжніўя да новага жніва шчыруюць земляробы. А мы потым перабіраем «Нарачанскі», «Зорку гандлю», «Траецкі»,
«Радзівілаўскі», «Водар», «Барадзінскі»… Кожны выбірае сабе па смаку. А вельмі сталыя людзі, якім у цяжкія ваенныя і пасляваенныя часы давялося паспытаць голад, не стамляюцца павучальна паўтараць: хлеб нясмачным не бывае. Хто без ваганняў падтрымае такую перакананасць, дык гэта людзі, якія вырошчваюць золата нашых палёў, для каго месца працы – хлебная ніва.
Яны не майстры прыгожых слоў – яны ў галоўных ролях жыццесцвярджальнага сюжэта, у якім і ў тэксце, і ў кантэксце жыццё і жыта паходзяць з аднаго кораня.
Сёлета хлебаробскі год быў няпростым, і залежала гэта ў большай ступені не ад чалавека – ад прыроды, якая «капрызіла» па поўнай праграме. Тым не менш, каля 38 тысяч тон у амаль мільённым намалоце Брэстчыны Ляхавіцкі раён забяспечыў.
Жніво завершана, уборачная працягваецца. І тэхніка, і людзі робяць сваю спрадвечную справу – забяспечваюць харчовую бяспеку краіны. Святое прызначэнне, вялікая праца. А з выхаднымі пачакаем.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і Маргарыты КУХТА.

На рахунку гэтага маладзёжнага экіпажа з ААТ «Жарабковічы» 1030 тон намалочанага зерня і 252 убраныя гектары. Старшы камбайнер Георгій Жук (на здымку на пярэднім плане) і камбайнер Аляксандр Навумчык даказалі: молада – не зелена. Сталасць вызначаецца не ўзростам. Малайцы, хлопцы!

Сярод тых аператараў зернесушыльных комплексаў, каго па праве можна назваць лепшымі, Аляксандр Пілецкі і Віктар Лойка з ААТ «Жарабковічы» (на здымку – справа). Яны перапрацавалі за сезон на М-819 4041 тону зерня новага ўраджаю, а іх калегі Андрэй Свінабурка і Яўгеній Тарабаш (на здымку – злева) – 3687 тон. Уяўляеце маштаб?! А яны яго сваімі рукамі забяспечылі.

Патомны хлебароб Аляксандр Дзядовіч (на здымку справа) з ААТ «Шлях новы» старшым камбайнерам працаваў не першае жніво. Як галоўны ў маладзёжным экіпажы ён задаваў тон, які з паўслова падхопліваў камбайнер Раман Станчык. Вынік выдатны: намалочана 1108 тон зерня з плошчы 283 гектары.

Старшы камбайнер Сяргей Бурак з ААТ «Жарабковічы» хлебаробскую навуку засвоіў дасканала. Ягонае жніво робіць гонар і яму самому, і гаспадарцы, і раёну: з 350 убраных гектараў зерневай нівы «насыпана» 1410 тон збожжа. І гэта сапраўды важкі вынік, якому былі падпарадкаваны і час, і сілы, і памкненні класнага механізатара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *