Мінор, аднак…Тэма навядзення парадку, тым больш у Год малой радзімы, актуальная літаральна для ўсіх працоўных калектываў, для кожнага жыхара раёна

Тэма навядзення парадку, тым больш у Год малой радзімы, актуальная літаральна для ўсіх працоўных калектываў, для кожнага жыхара раёна. Планамернае вывучэнне сітуацыі, станоўчы ўплыў на яе дакладным і аб’ектыўна наладжаным кантролем, канкрэтна пастаўленыя задачы па выпраўленні памылак і, канешне, справаздачы адказных асоб па пытанні – усё гэта штотыднёва на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама. У мінулы панядзелак у аб’ектыве ўвагі былі КСУП «Тальмінавічы» і ПМК-17 – праблемныя адрасы на вытворча-эканамічнай карце раёна. І, як здалося, многія праблемы «культывуюць» тут уласнаручна.

Карціна смеццем

Факт сумны і бясспрэчны: КСУП   «Тальмінавічы» сёння – гэта клубок праблем, даўгоў-запазычанасцяў, які ўтварыўся не за адзін год. Трэба было вельмі «пастарацца», каб дайсці да сённяшніх складанасцяў. Прычын мноства, выдаткаў яшчэ больш. Пра адзін са складнікаў праблемы асобна. Здаецца, тут фарміруецца спажывецкая псіхалогія, якая падказвае простае выйсце –  чакаць: пакуль нехта прыйдзе, нешта зробіць, і ўсё адразу паправіцца. КСУП чакае. Асабістых намаганняў змяніць сітуацыю да лепшага – мізер. Меры па аздараўленні сітуацыі прымае раённая ўлада.
Сельгаспрадпрыемства павінна развівацца, адпаведна вытворчасць – умацоўвацца і прымнажацца, людзі – разлічваць на вартую зарплату (менавіта зарплату, а не палучку!), адэкватную высокаэфектыўнай працы. Усё гэта ў «Тальмінавічах» пакуль з дакладнасцю да наадварот.
Чароўнай палачкі ў прыродзе не існуе, а вось народная мудрасць наконт таго, што вочы баяцца, а рукі робяць, актуальная і сёння. Інфармацыя прыродаахоўнай, санітарнай, землеўпарадкавальнай службаў аб стане парадку і добраўпарадкавання на тэрыторыі прадпрыемства, падмацаваная фотаздымкамі на экране, стварае маштабную «карціну смеццем». Недагледжаныя фермы, мехдвор, зараснікі дзікіх траў і кустоўя, звалкі непатрэбшчыны, рэшткі будматэрыялаў, горы металалому, аварыйныя будынкі… А яшчэ лапіны земляў, якія даўно павінны быць уведзены ў сельскагаспадарчы абарот і якія працягваюць «валяць трутня» з-за неразваротнасці і безадказнасці суб’ектыўнага фактара.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі запатрабаваў ад кіраўніцтва КСУП канкрэтнай работы па навядзенні парадку на тэрыторыі прадпрыемства. Праграма мінімум – паўсюдна ўжо сёння пачынаюць наводзіць парадак: на мехдвары шчыруюць механізатары, на фермах – жывёлаводы і г. д. Іншымі словамі, дзе чалавек працуе, там ён пастаянна «дзяжурыць» па чысціні.
Адначасова трэба тэрмінова пераразмясціць статак БРЖ на дзве фермы (само сабой зразумелае, на ўпарадкаваныя фермы), што ва ўсіх сэнсах будзе на карысць і жывёлаводам, і статку, і парадку.
Кіраўнік раёна паставіў задачу перад ПМС і ЖКГ: заключыць дагаворы з КСУП «Тальмінавічы» на выкананне імі работ у гаспадарцы па сваім профілі ў кантэксце навядзення парадку на зямлі. Напрыклад, меліяратары сістэмна і паслядоўна (на платнай аснове) абкошваюць тэрыторыю, знішчаюць кустоўе. Вяртаюцца на колішнія аб’екты, дзе працавалі і пакінулі пасля сябе кучы смецця, і будаўнікі, каб выканаць работу над памылкамі.
Атрымаўшыя дамашняе заданне кіраўнікі службаў і прадпрыемстваў штотыднёва будуць рабіць справаздачу аб фактычна выкананым.

Хоць плот гарадзі

«Парадкавая» тэма ў дачыненні ПМК-17 практычна не адроз-ніваецца ад папярэдняга адраса. Рэшткі дрэваапрацоўкі, абы якое, дакладней, абыякавае стаўленне да добраўпарадкавання тут, на жаль, сведчыць пра запушчаны хранічны працэс. Дарэчы, і з дзясятак участкаў, што знаходзяцца ў карыстанні гэтай будаўнічай арганізацыі, але размешчаны за яе межамі, можна выкарыстаць як ілюстрацыю вэрхалу.
Самае сумнае, што некалі ўзорная перасоўная механізаваная калона страціла ўсё, што напрацоўвалася на працягу дзесяцігоддзяў. Важныя і важкія аб’екты, на якіх шчыравалі будаўнікі сямнаццатай, – у мінулым, шматлікія перадавікі галіны з гэтай арганізацыі адсутнічаюць (дзе праяўляць прафмайстэрства, калі будуюць зусім мала?). Выручка ад выкананых работ за сем месяцаў, як прагучала ў справаздачы начальніка ПМК Пятра Юзэфовіча, склала 259 тысяч рублёў, прычым ад будаўніча-мантажных работ – толькі частка гэтай сумы, астатняе – транспартныя паслугі, здача ў арэнду… Усяго 35 чалавек сёння працуе ў калоне. На пытанне старшыні райвыканкама аб канкрэтных мерах па яе развіцці прагучала маўчанне. Чаму няма падрадаў? Якія дагаворы заключаны? Дзіўна, але першым і ці не адзіным аб’ектам будаўнічых намаганняў названа… агароджа, здаецца, для аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў. Хоць плот гарадзі…
Ні работы, ні парадку. На жаль, гэтай сумнай і крыўднай выснове няма чаго супрацьпаставіць. Вялікія даўгі калоны і калоне, пасіўнасць і прывычка да заняпаду, апушчаныя рукі і многае іншае прывяло ПМК-17 у тупік. Сёння раённая ўлада прапрацоўвае аптымальны шлях рэарганізацыі гэтай будаўнічай арганізацыі. Ёсць прымальны варыянт.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *