Прафесія ў спадчыну. Сённяшнія героі «ЛВ» не проста настаўнікі, яны прадстаўнікі педагагічных дынастый. Знаёмцеся!

Гэта прафесія не для кожнага. Нават дакладней сказаць – для выбраных. Самых мудрых і цярплівых, настойлівых і мэтанакіраваных, усёразумеючых і ўсёдаравальных. І бадай вызначальнае патрабаванне, можна сказаць, галоўны экзамен на прафпрыгоднасць – любоў да дзяцей і здольнасць знайсці з імі агульную мову.
Настаўнік – той, хто дае сваім вучням не толькі веды, але і надзвычай важныя і каштоўныя жыццёвыя ўрокі дабрыні, спагады, справядлівасці, вучыць сапраўднаму сяброўству і ўменню цаніць не толькі сваю, але і чужую працу, адрозніваць добрае ад дрэннага, рабіць па сумленні.
Той, чые слушныя заўвагі і парады вучні будуць памятаць доўгія гады і пасля таго, як школа стане для іх прыгожым і шчымлівым успамінам.
А яшчэ той, чый узорны жыццёвы і прафесійны прыклад падштурхнуў самых старанных і ўседлівых школьніц і школьнікаў таксама выбраць для сябе няпросты педагагічны шлях.
Калі ж «у педагогіку» ідуць тыя, хто з дзяцінства адчуў на сабе, як гэта часам горка і заўсёды ганарова – дзяліць сваіх маму, бацьку ці бабулю з іншымі дзецьмі, перажываць, што самыя родныя людзі любяць не толькі цябе, а яшчэ сотні рабят, – гэта, лічы, наогул вышэйшы бацькоўскі педагагічны пілатаж.
Сённяшнія героі «ЛВ» не проста настаўнікі, яны прадстаўнікі педагагічных дынастый. Знаёмцеся!

Наталля Маслоўская і Дзіяна Джафарава, мама і дачка – калегі.

– Мы там, дзе патрэбны, – так коратка, але дакладна на пытанне, чаму выбралі гэту прафесію, такую «асаблівую» ўстанову адукацыі, адказаў жаноча-педагагічны тандэм у складзе дырэктара ЦКРНіР Наталлі Маслоўскай і настаўніцы-дэфектолага Дзіяны Джафаравай.

Наталля настаўніца, калі так можна сказаць, шырокага профілю – выкладала фізічную культуру, беларускую мову і літаратуру, цяпер педагог спецыяльнай адукацыі. Агульны педстаж –  35 гадоў.
Дачка Дзіяна не менш улюбёная ў педагогіку. Менавіта з гэтым пачуццём, прызнаецца яна, і трэба працаваць з дзецьмі. Маленькія наведвальнікі цэнтра бачаць свет па-іншаму, адчуваюць яго асабліва. А, значыць, побач з імі павінны быць асаблівыя людзі.

 

Калісьці яны спяшаліся ў сваю школу, каб вучыцца, а сёння самі вучаць вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак.
– Для мяне ў дзяцінстве самай цікавай і любімай была гульня ў школу. Падабалася «настаўнічаць». Тым больш, прыклад быў заўсёды побач – мая мама, – расказвае настаўніца гісторыі Крывошынскай СШ Кацярына Гачко.
Намеснік дырэктара школы Людміла Канстанцінаўна Саўчык для маладога педагога неаднойчы давала адкрыты ўрок жыцця. У маці і дачкі свае падыходы да навучання і выхавання, свае метадычныя распрацоўкі, свая манера выкладання прадмета, але ёсць і агульнае – бязмежная любоў да вучняў і адданасць выбранай прафесіі.

Школьная тэма ў сям’і Жыткевічаў з аграгарадка Конькі калі не асноўная, то першачарговая. Настаўнікі тут маці і дачка. Валянціна Міхайлаўна больш за два дзесяцігоддзі вучыць мясцовых школьнікаў граматна пісаць, лагічна выказваць думкі, любіць кнігу. Лізавета другі год выкладае гісторыю і геаграфію ў СШ №1. Апантанасць мамы школай, яе захапляючыя ўрокі рускай мовы і літаратуры запалі ў душу, пакінулі адметны след, дзеліцца Ліза. Таму пытанне аб прафесійным выбары перад ёй, па вялікім рахунку, не стаяла. Зараз калегі адзін аднаму даюць парады, дзеляцца напрацоўкамі і вопыт вельмі арганічна дапаўняецца маладзёжным крэатывам.
У СШ № 1 у адрас Лізаветы Сяргееўны не шкадуюць шчырых слоў: энергічная, адказная, творчая і вельмі любіць дзяцей.

Шчырая ўсмешка і добразычлівы позірк – гэта фірменны стыль педагагічнага дуэта з Малагарадзішчынскага ДС-СШ. Анжэла Яварчук, якая ўзначальвае гэту установу адукацыі, бясмежна шчаслівая, што яе дачка Надзея Лапіч таксама настаўніца, хаця першапачатковая адукацыя зусім
не педагагічная –
турыстычная. Але ўсё ж жаданне адкрываць свет разам з вучнямі, як кажуць, ўзяло верх. Надзея атрымала другую вышэйшую адукацыю – педагог дадатковай адукацыі, пасля адвучылася на настаўніка фізкультуры і здароўя. Жартуе, што ў іх сям’і расце яшчэ адзін будучы педагог: дачка Дамініка ў свае два гады зацікаўлена сочыць, як бабуля правярае сшыткі з матэматычнымі разлікамі, як мама рыхтуецца да заняткаў. Ды і ў дзіцячы сад пайшла ў годзік беспраблемна і з вялікім жаданнем. Дарэчы, у іх сямейнай дынастыі ёсць яшчэ педагагічны чалавек: Святлана Бялецкая сёння ўзначальвае райкам прафзаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Педагогіка – сямейная справа. Гэта і пра нашых землякоў – Любоў, Вікторыю і Анастасію Соц з аграгарадка Ліпск.
Любоў Раманаўна – вопытны настаўнік тутэйшай школы, ужо больш за тры дзесяцігоддзі вучыць чытаць і пісаць вясковых пачаткоўцаў. Буду, як мама, сцвярджалі яшчэ ў дзяцінстве яе дочкі Віка і Насця. І слова сваё стрымалі. Трэці год у Крывошынскай школе выкладае нямецкую мову Вікторыя Анатольеўна. А для маленькіх наведвальнікаў ясляў-сада
№ 1 у Ляхавічах выхавальніца Анастасія Анатольеўна – другая мама, добрая, клапатлівая і любімая.

У ТЭМУ

Ва ўстановах адукацыі раёна працуе 654 педагогі, 82 працэнты з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Дарэчы, па гэтым паказчыку наш раён – адзін з лепшых на Брэстчыне. Вышэйшая катэгорыя – гэта не толькі прэстыжна, пацвярджэнне прафесіяналізму, але і выдатны матэрыяльны стымул.

Матэрыялы падрыхтавалі Галіна КАНЬКО, Маргарыта КУХТА, Наталля ПЕРАПЕЧКА, Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Маргарыты КУХТА і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *