Алейны падыход. У ААТ «Жарабковічы» Ляхавіцкага раёна наладжана вытворчасць рапсавага алею

Макуху гатовы прапанаваць на продаж, расказвае намеснік дырэктара гаспадаркі Леанід Варвашэвіч.

Час дыктуе змены, рухае тэхналогіі, падымае на паверхню вытворчага працэсу новае, адмаўляе ў выкарыстанні неактуальнае. У выпадку з жывёлагадоўчай фермай «Жарабковічы» неактуальным стаў кармавы цэх. Капітальная пабудова фактычна не выкарыстоўвалася. Да нядаўняга часу, пакуль не адрадзілася ў прынцыпова іншай для сябе ролі, аднак, што цікава, часткова захаваўшы свае ранейшыя «кармавыя» функцыі.

Цэх стаў заводам па перапрацоўцы насення рапсу. Параўнальна невялікім, кампактным, дастаткова сучасным, запраграмаваным «расшчапляць» насенне алейных культур – не абавязкова і не толькі рапсу – на дзве фракцыі. Галоўным прадуктам з’яўляецца алей, пад вытворчасць якога і быў рэалізаваны праект. Але і макуха, што застаецца ў сухім астатку, таксама прадукт. Каштоўны, кармавы, які раней жарабковіцкія гаспадарнікі набывалі ў іншых. З нядаўняга часу піраміда перавярнулася: макухі і сабе хапае, і на продаж застаецца.
Пра тое, што сабой уяўляе новая вытворчасць, расказаў і паказаў намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Леанід Варвашэвіч. Ён нагадаў, што макуха – каштоўная дабаўка да кармоў жывёлы, багатая карыснымі мікраэлементамі, пратэінамі, мае вялікую энергетычную каштоўнасць. Выкарыстоўваецца ў якасці аднаго з інгрэдыентаў пры прыгатаванні камбікармоў.
Аснова – рапсавы алей, які ў жарабковіцкім выкананні пры-значаны для выкарыстання ў тэхнічных мэтах. У сярэднім насенне гэтай культуры прыкладна на трэць складаецца з алею. З мэтай здабычы апошняга гас-падарка закупіла камплект неабходнага тэхналагічнага і дапаможнага абсталявання. У аснове тэхнічнай спецыфікацыі –
прэсы. У «Жарабковічах» іх два, абодва могуць працаваць як паасобку, калі ёсць у тым неабходнасць, так і ў тандэме. Праектная магутнасць кожнага прэса разлічана на перапрацоўку 200 кілаграмаў насення ў гадзіну.
Як адзначыў Леанід Варва-шэвіч, неабходную падрыхтоўку і магчымасць стаць за пульт кіравання тэхналагічнай лініяй атрымалі чатыры работнікі. Вытворчасць аўтаматызавана, для кіравання працэсам дастаткова аднаго аператара. Яго функцыі хутчэй кантралюючыя, а характарыстыкі і паказчыкі асноўных параметраў работы адлюстроўваюцца на маніторы камп’ютара. З яго можна ўносіць і некаторыя папраўкі і рэгуліроўкі ў работу абсталявання.
У дзень, калі на жарабковіцкім «алейным заводзіку» пабывалі карэспандэнты раёнкі, ён працаваў у рэжыме двух прэсаў.
У спецыяльную ёмістасць-зборнік струменіўся свежа-выціснуты алей, сістэма кан-веераў транспартавала макуху ў выдзелены засек. На той момант яе назбіралася ўжо доб-рая горка. Рэгуляваў працэс аператар Андрэй Свінабурка –  электрык па прафесіі, мнагапланавы і старанны спецыяліст. Зусім нядаўна ён нёс вахту на адным з зернесушыльных ачышчальных комплексаў гаспадаркі.
Акрамя мантажу і вытворчай даводкі базавага абсталявання, усе аднаўленча-будаўнічыя і іншыя работы выканалі самі жарабковіцкія майстры. Адрамантавалі дах, замянілі на сучасны пластык вокны-дзверы, сцены і падлога выкладзены керамічнай пліткай, ззяе свежасцю столь. Для персаналу ўпарадкавалі санітарна-бытавыя памяшканні. У наступным годзе запланавана выканаць тынкоўку вонкавых сцен, «пад ключ» разабрацца з добраўпарадкаваннем сумежных тэрыторый.
Што датычыць сыравіны, Леанід Варвашэвіч тлумачыць: аснову склада фарміруе ўраджай, сабраны з уласных палеткаў, партыю зерня набылі ў суседнім «Шляху новым», частка запасу – насенне КСУП «Тальмінавічы». Гэтай гаспадарцы жарабковіцкія аграрыі дапамаглі з уборкай, а разлік атрымалі насеннем.
Само ААТ прыступіла да разліку з фірмай-партнёрам за пастаўленае вытворча-тэхналагічнае абсталяванне. Пакуль гаворка пра «бартарную» схему разліку: першая «шматкубовая» партыя жарабковіцкага алею ўжо адпраўлена ў залік аплаты за куплены і абсталяваны вытворчы актыў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аператар цэха Андрэй Свінабурка за работай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *