Камбайну абед не патрэбен. У ЗАТ «Фораланд» працягваецца ўборка алейнай культуры

У мінулым годзе сярэдні рапсавы гектар ЗАТ «Фораланд» аддзячыў аграрыям больш як 40 цэнтнерамі насення. Зараз уборка алейнай культуры толькі разгортваецца. Аднак, працаўнікі закрытага акцыянернага таварыства зрабілі і робяць усё, маюць падставы і спадзяванні, што ў бягучым сезоне атрымаецца спрацаваць яшчэ з большай эфектыўнасцю.


У фазу ўборачнай спеласці вый-шла 855 гектараў азімых пасеваў алейнай сельгаскультуры. І гэта самы маштабны рапсавы клін пасля жарабковіцкіх 880 гектараў. А было яшчэ больш. Дзясяткі азімых гектараў не вытрымалі веснавых прымаразкаў. Яшчэ большыя плошчы атрымалі «выбарачнае» пашкоджанне. Давялося карэкціраваць пасяўныя карты. Вымаражаныя, а таксама ўчасткі, вернутыя ў сельгасабарот, дзякуючы нядаўнім работам па раскарчоўцы, адрадзіліся грэчкай.

– Вы б паглядзелі, якая ў нас грэчка! – эмацыянальна адзначыў у гутарцы адзін з працаўнікоў таварыства, занятых на ўборцы рапсу.
А яна працягвалася сваім чарадом. Мінулы чацвер стаў у «Фораландзе» другім рапсаўборачным днём. Пасля «зажыначнага» панядзелка ўзнікла неабходнасць паставіць жніўны караван на двухдзённую паўзу. Мэта – даць час даспець стручкам з чорным насеннем.

Першы погляд, як правіла, заўважае нешта нетрывіяльнае. У звыклай, увогуле, жніўнай кругаверці камбайнаў, аўтамабіляў-адвозчыкаў сабранага ўраджаю адметнасцю падаўся так званы бункер-перагрузчык. Прычэп да трактара, функцыянальна спецыялізаваны на «адборы» насення-зерня-збожжа з-пад камбайна, дастаўцы ўраджаю на край уборачнага палетка і перагрузцы яго ў аўтамабіль. Чаму не напрамую з камбайна ў аўтамабіль? Аграном ЗАТ «Фораланд» Аляксандр Кажакар тлумачыць:
– Па-першае, сустракаюцца мяс-ціны, участкі поля, якія для аўто з’яўляюцца «непралазнымі». Напрыклад, пераўвільготненыя. Па-другое, аб’ём пагрузчыка складае больш за тры дзясяткі кубічных метраў. Гэта дазваляе за адзін рэйс апаражніць збожжавыя бункеры трох камбайнаў. Ёсць і трэцяе: для выгрузкі ўраджаю камбайну не абавязкова спыняцца, можа рухацца ў штатным жніўным рэжыме і паралельна разгружацца. Праўда, тут патрэбна майстэрства сінхроннай работы і камбайнера, і механізатара бункера-перагрузчыка. У нас гэта ўмеюць, спраўляюцца.
Пра выключную важнасць жніўных хвілін гаварыў і ўпраўляючы фермерскай гаспадаркай «Фартуна» Аляксандр Азарка, які, як і звычайна на сезон, з крэсла ўпраўляючага перасеў за пульт кіравання збожжаўборачным камбайнам.
– Мінуты на жніве маюць, як мінімум, гадзінную каштоўнасць. Сёлета з-за час-тых дажджоў, магчыма, як ніколі. Давайце лічыць: на выгрузку аднаго бункера неабходна да дзясятка мінут. А за доўгі дзень у полі камбайн можа набраць і 20 бункераў. Калі для кожнага такога разу спыняць работу камбайна – узнікае недазваляльна вялікая страта жніўнага часу. І гэта толькі для адной уборачнай машыны. А калі іх, напрыклад, пяць, як у нас сёння? Лічу, што ў ідэале камбайн у полі павінен працаваць без перапынкаў, – растлумачыў сваё бачанне справы ўпраўляючы-камбайнер.
І яшчэ пра цану часу на жніве: падчас абеду, калі да ўборачнай нівы пад’ехала «палявая кухня», большасць, наколькі можна было бачыць, уборачных машын засталася ў рабоце. У тым ліку і машына Аляксандра Азаркі. На пытанне «А свайго напарніка вы адправілі жаць?» пачулі: «Я не адпраўляў, ён сам. Пасля памяняемся. А камбайну абед не абавязковы».
Дарэчы адзначыць, у абодвух работнікаў у экіпажы аднолькавы статус – камбайнер. Так, па меркаванні, дасягаецца найлепшая эфектыўнасць работы, больш справядліва, аднолькава адказна. Сумесна рыхтуюць машыну да жніва, ажыццяўляюць рамонт у ходзе сезона, калі ў тым здараецца неабходнасць, прыкладна аднолькавы час праводзяць за штурвалам. І зробленае-заробленае таксама дзеляць на дваіх.
Акрамя размешчанага за некалькі кіламетраў ад Малога Гарадзішча не асабліва ўраджайнага сёлета 120-гектарнага поля, на якім і ажыццяўлялася ўборка рапсу гібрыда «дамінатар», у ЗАТ «Фораланд» маюцца і іншыя палеткі з гэтай алейнай сельгаскультурай, размешчаныя на іншых землях, і, як тут мяркуюць, з выгадна іншай ураджайнасцю.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.









