Грамадскі кантроль дзейсны. У Ляхавіцкім раёне мабільная група гэтымі днямі наведвае сельгаспрадпрыемствы
Зараз усе сілы, і не толькі сельгаспрадпрыемстваў, сканцэнтраваны на тым, каб своечасова, якасна, нягледзячы на сюрпрызы надвор’я, убраць вырашчаны на палетках краіны ўраджай. Раённая мабільная група ў складзе прафсаюзнага лідара аграрыяў Ляхавіччыны Вольгі Анікей, супрацоўнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, райсельгасхарчу, райЦГіЭ, Баранавіцкага міжраённага аддзела абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы гэтымі днямі наведвае сельгаспрадпрыемствы.

– Практыка маніторынгаў з удзелам прафсаюзаў у Ляхавіцкім раёне дзейнічае не першы год, і яна даказала сваю эфектыўнасць. На асаблівым прафсаюзным кантролі арганізацыя харчавання і стварэнне бытавых умоў для ўдзельнікаў жніва. Пільная ўвага надаецца выкананню правілаў аховы працы пры рабоце на зернесушыльных комплексах. Зразумела, што на жніве кожная хвіліна на вагу золата, таму маніторынг праводзілі хутка, але ўважліва. Нагадвалі работнікам аб адказнасці за асабістую бяспеку і ўласнае здароўе. Падкрэслю, што ўсе гаспадаркі раёна добра падрыхтаваліся да адказнейшай кампаніі, – адзначае старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Анікей.
У мінулы чацвер раённая мабільная група, да якой далучыўся і «ЛВ», праманіторыла стан спраў на аб’ектах СУП «Белазем’е» і ЗАТ «Белпрампрыбор».
Першы адрас – зерняток «Белазем’я». Вольга Анікей у першую чаргу звяртае ўвагу на ўмовы працы аператараў ЗСК. І, без перабольшвання, яны выдатныя. У памяшканні створаны ўсе ўмовы і для работы, і для адпачынку: камп’ютар, кандыцыянер, чайнік, канапа… Няма заўваг і ў галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалая Бурбуця наконт бяспечнай эксплуатацыі зернесушыльных машын.
– Увогуле, калі ўзнікаюць пэўныя пытанні па паляпшэнні ўмоў працы, яны, у сваёй большасці, аператыўна вырашаюцца. Яшчэ звяртаем увагу на тое, як аграрыі забяспечаны спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны, – удакладняе Мікалай Бурбуць.
А тым часам галоўны аграном СУП «Белазем’е» Раман Бубен расказвае, што сёлетняе надвор’е пакінула не зусім добры след і на палетках гэтай гаспадаркі – немалыя плошчы азімага ячменю вымерзлі, і іх давялося перасяваць. Што тычыцца вільготнасці зерня, якое паступае з палёў, то пераважная частка яго патрабуе дасушвання. У «Белазем’і» адзін ЗСК, зараз тут пакуль задзейнічаны чатыры чалавекі, а ў разгар жніва будзе працаваць шэсць чалавек.
Наступны аб’ект–ЗСК
ЗАТ «Белпрампрыбор». Усе работнікі зернесушыльнага комплексу выключна ў спецадзенні. Мікалай Бурбуць і Вольга Анікей праводзяць агляд па кожнай з пазіцый маніторынгу. Вердыкт наступны: усё згодна з правілами і патрабаваннямі аховы працы. Прафсаюзны лідар цікавіцца ў работнікаў ЗСК, як арганізаваны падвоз вады. Аператар ЗСК Іван Некрашэвіч адказвае: «Як і па ўсёй гаспадарцы, вада прывозіцца двойчы на дзень разам з харчаваннем».
На палетках «Белпрампрыбора» кіпіць работа. На адзін з участкаў зазірнула і мабільная група. Намеснік дырэктара ЗАТ «Белпрампрыбор» Андрэй Вараб’ёў адзначае:
– У нашым сельгаспрадпрыемстве пільная ўвага надаецца пытанням бяспекі, захаванню патрабаванняў аховы працы, харчаванню ўдзель-нікаў жніва. Кантроль за гэтымі пытаннямі штодзённы. У нас ёсць уласная сталоў-ка, дзе гатуюць для ўдзельнікаў жніва. Харчаванне падчас уборкі – двухразовае, амаль што бясплатнае для хлебаробаў. У сярэднім штодня харчуюцца пад адкрытым небам 20 чалавек. Паклапаціліся і пра тое, каб харчаванне было ў зручных умовах: набыты столік і стулы.
Тое, што стравы падабаюцца, было відавочным па добрым апетыце ў механізатараў, якія ў сваім напружаным графіку выдзелілі дзясятак хвілін на абедзенны перапынак.
– Кормяць смачна, стравы ў меню пастаянна мяняюцца. Сказалі, што, як і летась, за харчаванне будзем плаціць капейкі. Умовы для нас
створаны добрыя, а мы стараемся працаваць з аддачай. Галоўнае, каб надвор’е спрыяла, а мы, механізатары, не падвядзём, – зазначае вопытны камбайнер Віктар Зубік.
Дарэчы, Вольга Анікей нагадала, што ўсе хлебаробы ва ўсіх гаспадарках раёна забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. Працаўнікі ААТ «Жарабковічы», «Нача», СВК «Ляхавіцкі», ільнонасенстанцыі харчуюцца стравамі, якія гатуюць у сталоўцы «Жарабковічаў». У ААТ «Шлях новы», ЗАТ «Белпрампрыбор» свае аб’екты харчавання.
ЗАТ «Фораланд», СУП «Белазем’е» карыстаюцца паслугамі арганізацый грамадскага харчавання. У хуткім часе плануюць адкрыць уласную сталоўку ў СУП «Ліпнянка».
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.





