Шчасце ў тысячах – тысячах тон збожжа

У жніўных сюжэтах заўжды шмат шчасця. У фінальным кадры мы бачым сціплых і разгубленых ад увагі хлебаробаў, шмат віншаванняў і пажаданняў не збаўляць тэмп… А да гэтых пераможных момантаў – вялікая праца, па-за кадрам застаецца жыццё без усмешкі, бо дайсці да чаканых тысяч тон – гадзіны, дні, тыдні напружанай работы, часам у манатонным рэжыме, часам з хваляваннямі за сюрпрызы ад надвор’я і спадзяваннямі, што тэхніка не падвядзе.

У раніцу нядзелі звыклы парадак мехдвара ААТ «Шлях новы» зрушыла прыемная імпрэза. Замест трактарнага гулу гучалі віншаванні. Заўвага! Першыя ў раёне тысячныя віншаванні! Лілася песня ў гонар жніўных першапраходцаў. Сёлетнім адрасам, дзе віталі першую перавезеную тысячу тон зерня, стала адкрытае акцыянернае таварыства «Шлях новы»… Спыняць тэмп тутэйшыя хлебаробы не сталі і паставілі наступны рэкорд – яшчэ адна перавезеная тысяча тон зерня таксама ўсыпалася ў бункер МАЗа «Шляху новага».
Як заўжды, таварыства падыходзіць да падзеі стыльна! Сёлета жніўныя тысячнікі апрануліся ў новыя брэндзіраваныя футболкі –
каб ведалі сваіх герояў.

З надпісам на майцы «Першы вадзіцель-тысячнік» віншаванні прымае Мікалай Царык. Імя рэкард-смена гучала мінулым сезонам у чатырохтысячным маштабе. А сёлета механізатар першым адкрывае рэкорды тысячных рубяжоў раёна.
– Самае важнае, што за гэтай тысячай гучыць наша прадпрыемства – наш «Шлях новы». Не падвядзём і далей! – вось так Мікалай Царык адказвае на пытанне «Як адчувае сябе першы тысячнік раёна?».
А яго вопыту і майстэрству можна толькі пазайздросціць – у гаспадарцы з 1988-га, дзесяцігоддзе дакладна ўжо ёсць і ў заліку жніўнай справы. Таму такія перамогі – не выпадковасць, хутчэй – прафесійная заканамернасць.
За калегам па цэху, лічы, тут жа сваю тысячу перавёз і механізатар Мікалай Камінскі. Прафесійны шлях працягласцю амаль 40 гадоў
у «Шляху новым» – рэцэпт паспяховасці механізатара. Ну і, канешне, добрыя ўмовы для працы – падрыхтаваны да жніва МАЗ, абеды і падвячоркі, ураджайная ніва, баявы настрой і, дай Бог, спрыяльнае надвор’е.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык:
– Уборачная-2025 не падобная па характары на іншыя. Неаднойчы ўжо гаварылася, што анамальна цёплая зіма і вясеннія замаразкі зрушылі звыклы працэс. Дасявалі, ёсць і страчаныя гектары. Тым не менш, плошчы з зернем павінны быць убраны сваечасова і максімальна ашчадна. Яшчэ адна адметнасць сёлетняга жніва – гэта тое, што культуры паспяваюць амаль адначасова. Не паспелі ўвайсці ў азімыя ячмень і рапс, як ужо даспелі яравы ячмень і пшаніца. Жаць і жаць бы, а надвор’е ізноў падкінула ападкі. Вялікая нагрузка на зернесушыльныя комплексы. У мінулым годзе дасушка не заўжды была патрэбна, цяпер жа вільготнасць збожжа высакаватая, зерне трэба дасушваць. А гэта энергетычна і часава затратна. Таму надзея на нашых рупліцаў на розных участках работы.

