Рэнесанс на ніве жывёлагадоўлі. У мінулую пятніцу ў памяшканні Навасёлкаўскага СДК прайшоў раённы конкурс прафесійнага майстэрства

У мінулую пятніцу ў памяшканні Навасёлкаўскага СДК прайшоў раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод работнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы, узнаўленні статкаў і племянной рабоце.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Паўстае дарэчнае пытанне: чаму для такога мерапрыемства быў абраны Дом культуры, а не, напрыклад, жывёлагадоўчая ферма ці іншы спецыялізаваны на тэме аб’ект? Адзін з арганізатараў конкурсу – дырэктар племянной станцыі па Ляхавіцкім раёне РСУП «Брэстплемпрадпрыемства» Надзея Цямчык адказала прыкладна так: фермы і ўсяго з ёй звязанага ў жыцці гэтых людзей і без таго хапае. На ёй яны літаральна днююць, нярэдка «прыхопліваюць» ночы. Як правіла, з’яўляюцца вопытнымі спецыялістамі-практыкамі, і патрабаваць ад іх дэманстрацыі нейкіх мэтавых вопытаў выглядае нават некалькі крыўдным.
У той жа час ад гэтых спецыялістаў у многім залежыць фарміраванне колькасці і якаснага складніка жывёлагадоўчых статкаў сельгаспрадпрыемстваў. А з улікам таго, што эканоміка гаспадарак больш як напалову залежыць ад работы жывёлагадоўлі, то і сельгаспрадпрыемстваў у цэлым.
Перадапошні раз конкурс праходзіў каля пяці гадоў назад. І вось адраджэнне.
Паспаборнічаць за конкурсныя прызы, абмяняцца індывідуальнымі прафесійнымі напрацоўкамі, пагутарыць у вузкай лакацыі сабраліся профільныя спецыялісты ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія, у адпаведнасці з рэгламентнымі ўмовамі, спаборнічалі ў чатырох конкурсных намінацыях. Першая – на лепшага аператара па штучным асемяненні БРЖ. А з улікам таго, што тут было вызначана аж тры пераможныя месцы, яе ж, верагодна, можна лічыць асноўнай. Акрамя таго, конкурс назваў лепшае звяно і лепшага спецыяліста са стажам работы па штучным асемяненні больш за 15 гадоў, лепшага заатэхніка –селекцыянера, які працуе на малочнатаварным комплексе, абсталяваным даільнай залай.
Тэарэтычная частка спаборніцтва ўяўляла сабой адказы на спецыяльныя, тэматычна-профільныя пытанні. Апошніх было да трох дзясяткаў, з якімі, па назіраннях, канкурсанты справіліся прыкладна за паўгадзіны. Але тэорыя ўплывала на агульны вынік толькі на 25 працэнтаў. Аснова – практыка: на
75 працэнтаў поспех залежаў ад вынікаў рэальнай работы спецыяліста ці спецыялістаў у папярэднім 2024 годзе.
Асноўны момант – выхад цялят на
100 кароў. У ідэале гэта прапорцыя можа выглядаць як 100 на 100. Сярэдняя мінулагодняя рэальнасць Ляхавіцкага раёна складае, па словах Надзеі Цямчык, 69 на 100. Што на дзве адзінкі больш за сярэднеабласную.
Падчас узнагароджання гучалі прозвішчы спецыялістаў «Ляхавіцкага», «Начы», «Жарабковічаў» і іншых сельгаспрадпрыемстваў.
Па выніках мерапрыемства аргані-затары ў асобе ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, раённай племстанцыі і раённай арганізацыі профільнага прафсаюза абяцалі вызначыцца з кандыдатамі на ўдзел у аналагічным абласным конкурсе. Ён запланаваны на сярэдзіну жніўня, пляцоўкай павінна стаць іванаўская зямля.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.