Год у медыцыне пачынаецца з падарункаў. Ляхавіцкая райбальніца атрымлівае падарунак за падарункам. Прычым усе абноўкі неабходныя, важныя і чаканыя


У мінулую пятніцу ў Ляхавіцкай ЦРБ старшыня райвыканкама Мікалай Мароз сустрэўся з медыкамі – работнікамі розных падраздзяленняў райбальніцы. Галоўны ўрач медустановы Аляксей Майсей падзякаваў раённай уладзе за падтрымку медыцыны і адзначыў, што і ў 2025 годзе ўстановам аховы здароўя выдзелена значнае бюджэтнае фінансаванне, накіраванае ў тым ліку на капітальны рамонт галоўнага корпуса бальніцы і набыццё неабходнага медыцынскага абсталявання. Такім чынам даволі працяглы спіс медыцынскіх абновак, атрыманых райбальніцай у мінулым годзе, сёлета прадоўжаны. Аднак вернемся да медыцынскага папаўнення – 2025.
– Літаральна ў апошнія дні мінулага года наша ЦРБ атрымала істотнае тэхнічнае абнаўленне коштам каля 580 тысяч бюджэтных рублёў. Сярод важкіх абновак – па шэсць профільных рэанімацыйных шматфункцыянальных ложкаў і гемадынамічных манітораў, інжэктар для КТ-апарата, які істотна пашырыць функцыянальныя магчымасці апарата камп’ютарнай тамаграфіі, сучасны наркозна-дыхальны апарат, новы апарат для штучнай вентыляцыі лёгкіх, транспартны ШВЛ-апарат для транспартавання цяжкіх пацыентаў у спецыялізаваныя клінікі; фетальны манітор для жаночай кансультацыі, які дапамагае праслухоўваць сэрцабіцце плода; электракаагулятар для хірургаў, – дзеліцца радаснымі падзеямі галоўны ўрач.
І гэта далёка не поўны пералік медабсталявання, што папоўніла райбальніцу. Частка яго набыта за кошт ільготнага крэдыту, выдаткаванага Кітаем для Беларусі на рэалізацыю праекта «Асна-
шчэнне арганізацый аховы здароўя Рэспублікі Беларусь медыцынскім абсталяваннем». Размова ідзе пра сучасны апарат для правядзення ультрагукавога даследавання экспертнага класа і відэакалонаскапічную ўстаноўку (у дадатак да відэагастраскапічных стоек, атрыманых раней).
І чарговы падарунак не прымусіў сябе чакаць. Пад апладысменты прысутных Мікалай Мароз уручыў Аляксею Майсею ключы ад новага аўтамабіля «Газель NEXT», набытага для ЦРБ за кошт сродкаў, заробленых землякамі на раённым суботніку. Старшыня райвыканкама выказаў упэўненасць, што транспартны сродак, які папоўніў бальнічны аўтапарк, паспрыяе паляпшэнню аказання меддапамогі насельніцтву.
Мікалай Мароз акцэнтаваў увагу медыкаў на тым, што сярод асноўных задач бягучай пяцігодкі якасці – павелічэнне працягласці жыцця беларусаў і дэмаграфічная бяспека.
І як яны будуць вырашацца, у многім залежыць і ад работнікаў устаноў аховы здароўя, якія лечаць не толькі медыкаментозна, але і добрым словам, падтрымкай і ўвагай.
Кіраўнік раёна запэўніў, што і ў далейшым дапамога галіне аховы здароўя будзе істотнай.
Таксама падчас сустрэчы размова ішла пра замацаванне маладых кадраў, настаўніцтва, павышэнне якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА








