Час зрабіць чыстую «рэвізію». У Год добраўпарадкавання ад кожнага патрабуецца ўнесці ўклад у справу добраўпарадкавання

Падтрыманне парадку і чысціні – не толькі эстэтыка, але і адзін з фактараў, якія ўплываюць на здароўе, бяспеку і агульны дабрабыт насельніцтва. У Год добраўпарадкавання гэта пытанне нумар адзін.

«Усе тэрыторыі неабходна прыводзіць у парадак і рабіць так, каб было прыгожа», – у гэтым Прэзідэнт Беларусі бачыць галоўную задачу па добраўпарадкаванні.

На Ляхавіччыне кантроль за аховай навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, утрымання тэрыторый і навядзення парадку на зямлі ажыццяўляе ва ўзаемадзеянні з іншымі службамі райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Пракуратура Ляхавіцкага раёна разам з райінспекцыяй абследавала як тэрыторыі агульнага карыстання, так і падведамасныя тэрыторыі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, правяла наглядна-аналітычныя мерапрыемствы і падагульніла выяўленае. Прадстаўленне пракуратуры аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб зямлі, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць, разгледжана на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама.
Начальнік інспекцыі Іна Траяноўская адзначыла, што сёлета выяўлена 171 парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 11 вінаватых асоб, аформлена 45 адміністрацыйных спраў. А сума штрафу склала больш за 20 тысяч рублёў. Прад’яўлена сем прэтэнзій за засмечванне навакольнага асяроддзя адходамі на суму каля васьмі тысяч рублёў. Па выяўленых фактах складзена сем прадпісанняў, выдадзена 12 рэкамендацый, накіравана 63 інфармацыйныя пісьмы аб ухіленні выяўленых парушэнняў. Большая частка парушэнняў на рахунку суб’ектаў гаспадарання ў галіне абыходжання з адходамі, а таксама ў населеных пунк-тах на тэрыторыях агульнага карыстання. Па словах Іны Траяноўскай, многія факты безгаспадарчасці ўхілены, па некаторых яшчэ вядзецца работа, але ёсць і тыя, якія яшчэ чакаюць рэагавання. Напрыклад, не прыняты меры па навядзенні парадку на тэрыторыі агульнага карыстання ў вёсцы Грушаўка.
Пасля вынесенага прадстаўлення ўбраны адходы на землях сельскагаспадарчага прызначэння паміж Траццякоўцамі і Рагачамі, у Тухавічах, у Начы, на могілках у Залужжы, Крывошыне і г. д. За парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі меры адміністрацыйнага ўздзеяння прыняты ў адносінах да суб’ектаў гаспадарання, службовых і фізічных асоб.
Начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Наталля Крымская расказала, што дзеля навядзення чысціні і парадку, эфектыўнага выкарыстання земляў распрацаваны планы па зносе непрыгодных ці неэксплуатуемых вытворчых будынкаў і збудаванняў сельгасарганізацый, уцягванні ў гаспадарчы абарот земляў, а таксама занятых драўнінна-хмызняковай расліннасцю.

Дзякуючы зносу неэксплуатуемых сельгасаб’ектаў, вызвалена тэрыторыя плошчай больш за 2,5 гектара.

Наталля Крымская адзначыла, што ў раёне кожны метр зямлі на ўліку і на кантролі. Так, пры змене даных, спецыялісты аддзела землеўпарадкавання абнаўляюць зямельна-інфар-мацыйную сістэму раёна.
Аддзел землеўпарадкавання з пачатку года правёў больш за 40 абследаванняў зямельных участкаў, прадастаўленых разнастайным суб’ектам гаспадарання. У паловы выяўлены парушэнні ў плане карыстання і аховы земляў на тэрыторыі большай за паўсотню гектараў.
15 парушэнняў дапусцілі фізічныя асобы. Наталля Крымская падкрэсліла, што найбольш складаным населеным пунктам у плане засмечвання з’яўляюцца Тухавічы, дзе пастаянна фіксуюцца факты забруджвання тэрыторыі і ўтварэння стыхійных сметнікаў жыхарамі шматкватэрнікаў.
Вялікую ўвагу спецыялісты аддзела землеўпарадкавання райвыканкама надаюць і меліярацыйным сістэмам. З пачатку года абследавана 12 аб’ектаў на плошчы больш за 1000 гектараў. Нездавальняючую ацэнку і адміністрацыйны пратакол за невыкананне мерапрыемстваў па ахове земляў атрымала службовая асоба адной з арганізацый раёна, а некаторыя атрымалі прадпісанні аб ухіленні парушэнняў.
Складзена 21 адміністрацыйная справа за парушэнне заканадаўства аб выкарыстанні і ахове земляў. Аб’яўлена сем папярэджанняў, накладзена дзевяць штрафаў на суму больш за 2200 рублёў, а астатнія матэрыялы знаходзяцца на разглядзе ў судзе.
Пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка абазначыў, што ў Год добраўпарадкавання ад кожнага патрабуецца ўнесці ўклад у справу добраўпарадкавання. Для землекарыстальнікаў гэта навядзенне парадку і падтрыманне чысціні, эфектыўнае выкарыстанне земляў і ўцягванне іх у сельгасабарот і г. д. Выкананне мерапрыемстваў па ўхіленні выяўленых парушэнняў узята пракуратурай на кантроль. Пракурор закрануў пытанне стану палёў фільтрацыі і адзначыў, што патрабуецца прывядзенне гэтых аб’ектаў у належны стан, а таксама падтрыманне іх эфектыўнай работы.
Так што зараз самы час правесці «рэвізію» свайго ўчастка ці падведамаснай тэрыторыі і надаць ёй чысты выгляд.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.