Больш агра, чым сэрвіс

Вадзіцель ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» Аляксандр Маляр.

Часам асаблівасці надвор’я вымушаюць аграрыяў двойчы ўваходзіць у адну і тую ж раку – спачатку ўбіраць высокую частку поля, пасля – яго больш нізкі сектар

Ляхавіцкі райаграсэрвіс – арганізацыя комплексная. У адных руках тут знаходзяцца дзве карты – палявая і сэрвісная. Пры гэтым першая з іх уяўляецца больш казырнай, паколькі пераважную большасць сваіх дывідэндаў акцыянернае таварыства «знаходзіць» на жывёлагадоўчых аб’ектах і сельскагаспадарчых палетках. Як і для ўсіх паляводаў, зараз самай надзённай задачай для работнікаў райаграсэрвісу з’яўляецца ўборка збожжавых, зернебабовых, рапсу.
З апошняй культуры пачыналі: больш за тры сотні алейных гектараў, камбайнаванне якіх завяршыць у бліц-рэжыме не атрымалася. Дажджы перманентна выстаўлялі на шляху ўборшчыкаў свой мокры шлагбаўм. Даводзілася выгадваць: сонца ў акно – камбайн на поле. Іх, адаптаваных для работы на рапсавым палетку, у райаграсэрвісе квартэт. Ці роўна палова з васьмі, задзейнічаных у сёлетняй жніўнай кампаніі. У тым ліку агрэгат «бізон». З шэрагу сабе падобных ён вылучаецца колерам – стрымана жоўты – і сваім працоўным стажам, які набліжаецца да двух дзесяцігоддзяў. У чым сакрэт даўгалецця? Правільны адказ на пастаўленае пытанне мог бы гучаць так: ашчадная эксплуатацыя, кваліфікаваны догляд за работай вузлоў і механізмаў, іх своечасовае, у выпадку неабходнасці, «лячэнне». Як-ніяк, сэрвіс сельскагаспадарчай тэхнікі таксама з’яўляецца адным з вытворчых актываў арганізацыі.
– З васьмі задзейнічаных на жніве экіпажаў сем сфарміраваны штатнымі работнікамі. Толькі на адзін камбайн запрасілі спецыяліста з іншай гаспадаркі раёна, – дае кадравы расклад галоўны аграном прадпрыемства Мікалай Каплыноў.
Мікалая Іванавіча і частку ўборач-нага кантынгенту ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» мы знайшлі на адным з палёў, дзе на тую спрыяльную гадзіну вялася работа. Што называецца, у дзве рукі, паколькі ніву дзялілі два камбайны, і комплексна, улічваючы той факт, што літаральна ўслед ім сваю работу выконваў рулонны прэс-падборшчык. Салома –
таксама «хлеб». Тым больш – ва ўмовах сёлетняй сельскагаспадарчай рэчаіснасці.
На гэта поле – адразу за вёскай Задвор’е – сэрвісаўскія хлебаробы ўжо выходзілі. Дэбютавалі некалькі часу назад з мэтай скамбайнаваць яго больш высокі і на той час ужо спелы ўчастак. Паніжаныя гектары палетка ў фазу гатоўнасці выйшлі пазней і былі ўбраны ўжо з другога заходу.
Вільготнае надвор’е не дае перадыху зернесушыльным комплексам. Што да райаграсэрвісу, то ачышчальна-сушыльныя комплексы прадпрыемства працуюць і ў Альхоўцах, і ў Малым Гарадзішчы. Чысцілі і сушылі насенне рапсу – з прыкладна 15 працэнтаў бункернай вільготнасці да неабходных складу 6-7 працэнтаў. Азімая пшаніца паступае на зерняток і таго больш вільготнай.
За пшаніцай прыйдзе чарга трыцікале, іншых збожжавых і зернебабовых культур.
Сонца бралася ў зеніт, калі на палетак завярнула палявая кухня. Ці – сталоўка на колах, дзе на пасадзе шэфа працуе Яніна Кучура. Яна і на кухні ў якасці повара, і на палявых выездах у ролі карміцелькі. Распавядае, што гарачымі абеда-мі – першая, другая, трэцяя стравы – харчаванне ўдзельнікаў жніва ў райаграсэрвісе не абмяжоўваецца. Яшчэ так званы падвячорак у выглядзе сухога пайка.
Той абед у полі хіба толькі па складзе страў можна назваць паўнацэнным. Па часе гэта была вельмі непрацяглая вольная ад работы паўза. Камбайнеры, механізатар-машыніст прэс-падборшчыка, вадзіцель аўтамабіля-адвозчыка зерня хутка спешыліся, аператыўна падсілкаваліся і зноў у вытворчую баразну. Пры гэтым, знайшлі момант і нагоду, каб абмяняцца жартамі. Што ж, добры настрой з’яўляецца найлепшым памочнікам. Не толькі на жніве, але і ў любой іншай справе.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Старшы камбайнер
Анатолій Буйкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *