Дзейсны прыём супраць грыпу. Вакцынацыя ў разгары. А вы прышчапіліся?

На дзвярах амаль кожнага кабінета паліклінікі вісіць аб’ява пра паступленне вакцыны «Грыпол плюс» для правядзення прышчэпак супраць грыпу. Кожны жадаючы прышчапіцца можа звярнуцца да ўчастковага педыятра, урача агульнай практыкі.
Кампанія па імунізацыі супраць адной з самых каварных інфекцый поўным ходам ідзе і ў Ляхавіцкім раёне. Як і ў мінулыя гады, можна вакцынавацца ва ўстановах аховы здароўя:  у горадзе – у паліклініцы, у сельскай мясцовасці – ва ўрачэбнай амбулаторыі ці на ФАПе.
Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў адзна-чыў, што сёлета плануецца прышчапіць 10090 жыхароў нашага раёна (каля 40 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва). Па стане на пачатак гэтага тыдня імунізацыю прайшлі больш за 35 працэнтаў землякоў.
Многія арганізацыі папярэдне заключылі дагаворы з райбальніцай на імунізацыю (64 калектыўныя заяўкі для 1993 работнікаў). Брыгады медыкаў выязджаюць па ўказаным адрасе і робяць прышчэпку амаль што на працоўным месцы.
Міхаіл Куляшоў адзначыў, што кіраўнікі многіх прадпрыемстваў і ўстаноў разумеюць важнасць гэтай кампаніі і аказалі падтрымку ў арганізацыі своечасовай імунізацыі супрацоўнікаў. Найбольш актыўна работа праведзена ў лясгасе, камунгасе, райпо, ДРБУ-200, ПМС, ПМК-13, ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы», ТАА «Інтэрлак», гандлёвы дом «Уладзімір», на кансервавым і торфабрыкетным заводах, раённым вузле электрасувязі, у раёне электрасетак, «Трансэлектракамплекце», дзе ўзровень ахопу прафілактычнымі прышчэпкамі складае амаль 100 працэнтаў ад запланаванай коль-касці. У мінулы панядзелак такі медыцынскі дэсант высадзіўся ў райвыканкаме.
Медыкі ў сваім меркаванні адзіныя: самы эфектыўны сродак прафілактыкі грыпу – вакцынацыя. Своечасова зробленая прышчэпка ад грыпу папярэдзіць захворванне, а калі інфекцыі не ўдасца пазбегнуць, хвароба будзе праходзіць у лёгкай форме і без ускладненняў для здароўя.
Прышчэпачная кампанія, якая сёлета ў раёне пачалася 27 верасня, завершыцца да 1 снежня.

ФАКТ

Супрацьгрыпозная вакцынацыя – гэта не толькі клопат пра здароўе работнікаў, але яшчэ і эканамічны разлік. Своечасова атрыманыя прышчэпкі дазваляюць сфарміраваць калектыўны імунітэт, што садзейнічае змяншэнню выпадкаў непрацаздольнасці. Дарэчы, падлічана: на кожны долар, выдаткаваны на вакцынацыю, атрымліваецца эканамічны эфект у памеры 12,5 долара.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.