Як зберагчы веласіпед. Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ляхавіцкага РАУС

З кожным годам расце колькасць веласіпедаў. На жаль, разам з тым і колькасць іх крадзяжоў. І менавіта нядбайнасць саміх грамадзян часцей за ўсё становіцца прычынай учынення крадзяжоў веласіпедаў.
Старшы ўчастковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Міхаіл СЦЕПАНЬКОЎ у мэтах прафілактыкі крадзяжоў транспартных сродкаў рэкамендуе прытрымлівайцца некалькіх правілаў.

Не пакідайце веласіпед на ноч у пад’ездах, на лесвічных пляцоўках, каля сваіх дамоў. Забірайце яго дадому (напрыклад, на балкон) або пастаўце ў падвал. Майце на ўвазе, недарагі трос не перашкода для зламысніка.
Днём не пакідайце веласіпед без нагляду, нават ненадоўга. Або прышпіліце тросам з патоўшчаным металічным стрыжнем ці металічным ланцугом. Прымыкайце веласіпед за кола і раму, а лепш за абодва колы і раму. І пажадана, каб транспарт знаходзіўся ў полі зроку камер відэаназірання.
Сфатаграфуйце веласіпед, запішыце назву мадэлі, указаны на раме нумар, зрабіце гравіроўку на асноўных дэталях (колах, рулі, раме).
Калі побач з веласіпедам заўважыце падазроных асоб, і тым больш, калі яны ламаюць замок, выклікайце міліцыю або папрасіце аб гэтым прахожых. Не забудзьце ўказаць месца, куды павінны прыбыць супрацоўнікі міліцыі, і не спалохайце злодзеяў.
Ніколі не купляйце веласіпед без дакументаў. Так вы рызыкуеце стаць гаспадаром крадзенага транспарту і матывуеце злодзеяў на ўчыненне новага крадзяжу.