Свята, якое хочацца забраць з сабой… і пакінуць назаўсёды ў сэрцы. XXXII Дзень беларускага пісьменства ўжо стаў старонкай вялікай гісторыі

XXXII Дзень беларускага пісьменства ўжо стаў старонкай вялікай гісторыі. Мінулыя выхадныя – 6 і 7 верасня – Ліда стала цэнтрам прыцягнення творчых сіл і натхнення, цёплых сустрэч і цікавых знаёмстваў, для многіх гэтыя дні падарылі кніжнія адкрыцці, адказы на пытанні і, канешне, безліч эмоцый. Літаральна ў рэжыме анлайн з «ЛВ» фотасюжэтамі з Ліды дзяліліся супрацоўнікі Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Пра ўражанні расказала дырэктар ЦБС Вольга Пляшэвіч:
– Мы, «купалаўцы», штогод чакаем першыя выхадныя верасня, ведаем, што Дзень пісьменства, дзе б яго ні прымалі, падорыць цуд, эмоцыі і ідэі для далейшай работы. Гэта як глыток свежага паветра, як змена рэалій. З калегамі даўно вырашылі, што свята кнігі, нашага беларускага сакавітага слова, мы заўжды наведваем, якая б кропка на карце нас ні чакала.
Пачнём з Ліды… Гістарычна гэты горад заварожвае, а ў прыгатаваннях да свята пісьменства ён проста расцвіў у аздабленні элементаў творчасці. Дзясяткі інтэрактыўных пляцовак прымалі гасцей, да ўсяго хацелася дакрануцца. Свята прыносіць шмат новага. Трапілі з калегамі на адкрыццё абноўленага магазіна «Кніжны свет» – колькі там цудоўнай літаратуры, і, што самае прыемнае, бачыць, як гэты аб’ект чакалі лідчане. Значыць, беларусы ведаюць сваю літаратурную спадчыну і чакаюць навінкі сучаснікаў.

Намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі падкрэсліў: вельмі важна, што наша краіна захавала дзяржаўную сістэму рэалізацыі кніжнай прадукцыі. Для нас гэта не камерцыйны праект, як у шмат якіх краінах свету. Ён нясе сацыяльную нагрузку і выконвае ідэалагічную задачу. Важна, каб чытачы адкрывалі новых беларускіх аўтараў, кнігавыданне не стаяла на месцы, а ўмовы, у якіх прадаецца беларуская кніга, былі дастойнымі.

З кожным годам бачыцца актыўны ўдзел біблятэк у свяце. Акрамя традыцыйных выстаў, гэта і вялікая інтэрактыўная работа.
Сёлета нашы супрацоўнікі сталі ўдзельнікамі круглага стала
«80 гадоў Вялікай Перамогі: бібліятэчныя ініцыятывы і праекты». Падчас сустрэчы была прадстаўлена выстава рукапісных часопісаў і газет часоў Вялікай Айчыннай вайны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. Гэта сапраўдны бясцэнны скарб. Дзяліліся напрацоўкамі і рэгіянальныя бібліятэкі. Сёння і наша купалаўка на сайце прэзентавала праект «Гісторыя ў асобах», дзе мы сабралі галерэю са звесткамі пра абаронцаў Ляхавіччыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Канешне, здзівіў Фестываль кнігі і прэсы. Чым багаты, тым ганарымся. Колькі кніжнай прапановы! Гэта і класіка, і навінкі ад беларускіх аўтараў, з якімі, дарэчы, можна пазнаёміцца, паслухаць урыўкі з твораў і, канешне, зрабіць здымак на памяць. Вось ён, фестываль, – знаёміць, аб’ядноўвае, натхняе. Наша традыцыя – сус-
трэцца з таленавітым земляком дырэктарам аднаго з буйнейшых беларускіх выдавецтваў «Мастацкая лiтаратура» Алесем Бадаком. Гэта заўжды па-роднаму – шмат расказаў, пытанняў-адказаў, планаў і перспектыў. Дарэчы, мы дамовіліся пра адну калабарацыю. Канешне, цёплая сустрэча чакала, думаю, можна сказаць дакладна, з сябрам купалаўкі –  дырэктарам выдавецтва «Беларусь» Алесем Карлюкевічам.

Ляхавіцкія бібліятэкары заўсёды з задавальненнем сустракаюцца з Алесем Бадаком.


У гэтым годзе, напрыклад, кожны рэгіён прадставіў свой крэатыўны павільён. Канешне, Першы рэгіён – гэта тое, што трапіла ў самае сэрца. Беларускае адзінства адчувалася ў сугуччы ўсіх выстаў і павільёнаў – побач з рэспубліканскай прапановай і рэгіянальныя выданні, і ўсе мы разам прадстаўляем нашу Беларусь.
Стрыжнем сёлетняга свята стала 500-годдзе выхаду першай беларускай кнігі – «Апостала» Францыска Скарыны. Кожны жадаючы мог дакрануцца да факсімільнага выдання кнігі «Апостал», зробленага ў фармаце «покетбук».
Шмат жывых размоў, аўтограф-сесій. Запала ў душу сустрэча з беларускімі «Песнярамі» – публіка не шкадавала зорак і закідала пытаннямі. Канешне, закранулі і літаратурныя густы, склалі спіс твораў, якія павінен прачытаць кожны беларус, гаварылі пра самы дарагі скарб беларусаў – мову.
Святочнае адкрыццё – гэта феерыя талентаў беларускай эстрады! І гэта ў такой гістарычнай лакацыі – Лідскім замку! Прыемна прысутнічаць падчас раскрыцця галоўнай інтрыгі свята – цырымоніі ўшанавання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч падчас урачыстага адкрыцця рэспубліканскага свята перадала прывітальны адрас ад Кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам і гасцям фестывалю. «Дзень беларускага пісьменства будзе садзейнічаць развіццю культурнай спадчыны Беларусі, – выказала ўпэўненасць віцэ-прэм’ер. – Лепшыя прыклады беларускай літаратуры належаць не толькі нашаму народу, але і ўсяму свету».