Энергетычная сіла сіласу. У сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна працягваецца ўборка траў трэцім укосам
Не навіна, што кукурузны корм валодае высокай энергетычнай каштоўнасцю. Зыходзячы ў тым ліку з гэтай сваёй уласцівасці, ён можа па праве займаць аснову рацыёна буйной рагатай жывёлы. Аднак спецыялісты не стамляюцца гаварыць пра адносна бедны бялковы, вітамінны, мінеральны складнік каралеўскай культуры. Таму нястомны ў сваіх патрабаваннях дапаўняць-пашыраць кармавую праграму жывёльных статкаў за кошт іншых фуражных кампанентаў.

Напрыклад, добрым дапаўненнем лічыцца сена, прыгатаваны на аснове асобых траў сянаж. Зараз, дарэчы, у сельскагаспадарчых
арганізацыях раёна працягваецца ўборка траў трэцім укосам. Па стане на 8 верасня, касавічныя работы праведзены на больш як 75 працэнтах вызначаных для гэтага плошчах. Скошанае хутка ўбіраецца з зялёных палеткаў і прыбіраецца ў месцы захоўвання ў адпаведнасці з прызначэннем. У сенасховішчах раёна ўжо знаходзіцца каля трох тысяч тон сена, а ў поліэтылен прэс-рулонаў і кармавыя траншэі нарыхтавана больш за 100 тысяч тон сянажнай масы. У пераразліку на адну ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім атрымліваецца 13 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў. З перавышэннем сярэднераённага паказчыка спрацавалі ЗАТ «Белпрампрыбор»,
СУП «Ліпнянка», ААТ «Нача», СВК «Ляхавіцкі» і асобныя іншыя гаспадаркі. Аднак ні адна з іх не перавысіла свой мінулагодні на тую ж дату ўзровень корманарыхтоўкі.
А на мяжы мінулага і бягучага тыдняў на парадку дня раённых аграрыяў «прапісалася» яшчэ адна корманарыхтоўчая тэма – уборка кукурузы на сілас.
У раённых планах гэтага года вызначана нарыхтаваць 177,8 тысячы тон сіласнай масы, што некалькі больш за заданне мінулага года. 46 тысяч тон гэтага тыпу корму плануе закласці ААТ «Жарабковічы», планы «Шляху новага» адстаюць ад названай лічбы на дзясятак тысяч тон і знаходзяцца на другім маштабным месцы ў раёне. На трэцім радку – СУП «Ліпнянка», сховішчы якога пасля завяршэння зялёнай кукурузнай уборкі павінны быць запоўнены не менш чым трыма дзясяткамі тысяч тон кукуруза-сіласнага корму. І так далей, з паніжэннем да 10 тысяч тон у «Белпрампрыборы».
Асобныя гаспадаркі раёна сезон кукурузнай уборкі ўжо распачалі. Напрыклад, тая ж «Ліпнянка» і СУП «Белазем’е», якое, па стане на раніцу мінулага панядзелка, ужо нарыхтавала больш як паўтара дзясятка тон сіласнай масы. Працуе «Белазем’е» з выкарыстаннем дабаўкі-кансерванту. Колькасць з’яўляецца толькі адным бокам корманарыхтоўкі. Не менш,
калі не больш важным яе складнікам уяўляецца якасць гатовага прадукту – будучага сіласу.
Сіласная кампанія ў раёне пачалася і з кожным днём становіцца на больш хуткія рэйкі, верагодна, праз дзень-два-тры можна будзе гаварыць пра факт яе масавасці ў раёне.
Іван КАВАЛЕНКА.

