Акцэнт на мадэрнізацыю, інавацыйныя праекты і выкарыстанне рэзерваў. Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці працаваў у Ляхавіцкім раёне

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі ў мінулую пятніцу працаваў у Ляхавіцкім раёне. Адным з адрасоў рабочай паездкі стала ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».

Памочнік Прэзідэнта пацікавіўся тэхналагічным працэсам перапрацоўкі льнотрасты з моманту яе пастаўкі на завод да выпуску прадукцыі. Дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун расказаў, што сёлета пад ільняныя палеткі адведзена тры тысячы гектараў. Ужо ўбрана палова льнотрасты, якая з палёў адпраўляецца ў шохі, далей –
у цэхі для перапрацоўкі. Аляксандр Ломскі пацікавіўся сёлетняй ураджайнасцю, якая сапраўды радуе – пяць тон з гектара. Для параўнання, аналагічны леташні паказчык – чатыры тоны з гектара. Вал істотна пераўзыходзіць мінулагодні ўраджай – ужо нарыхтавана 6 500 тон трасты. Толькі станоўчыя ўражанні – так ахарактарызаваў памочнік Прэзідэнта работу цэха па вытворчасці доўгага валакна і падкрэсліў, што доўгае валакно – гэта фінансавая стабільнасць завода. Дарэчы, доўгае льновалакно ідзе высокім нумарам – 1,04. Памочнік Прэзідэнта пабываў і ў цэху, дзе выпускаюць ільняны алей і атрымліваюць ільняныя жамерыны, пазнаёміўся з працэсам і паказчыкамі вытворчасці. Па словах дырэктара прадпрыемства, са студзеня па ліпень уключна выпушчана 54 тоны льнянога алею (154 працэнты да ўзроўню 7 месяцаў 2024 года) і 234 тоны жамерын
(150 працэнтаў).
Не застаўся без увагі Аляксандра Ломскага і цэх, дзе
ўсталявана лінія катанізаванага льновалакна. Гэты інвестпраект Ляхавіцкага льнозавода рэалізаваны па праграме «Адзін раён – адзін праект». Дырэктар завода адзначыў, што прадукцыя, якая выпускаецца з мая 2024 года, экспартаарыентаваная, ляхавіцкае катанізаванае льновалакно адпраўляецца ў Кітай і Турцыю. Сёлета за 7 месяцаў выпушчана 205 тон такога валакна. Пакуль цэх працуе ў дзве змены, але як толькі будзе завершана ўборачная, у работу ўключыцца і трэцяя змена. Яшчэ адна важная акалічнасць інавацыйнага праекта – з запускам новай лініі дадаткова створана 25 працоўных месцаў. А паказчык 9 працэнтаў рэнтабельнасці сведчыць, што ў ільнозавода стабільная фінансавая сітуацыя.
Памочнік Прэзідэнта падкрэсліў, што ні ў якім разе нельга забываць пра мадэрнізацыю вытворчасці, бо без гэтага ў любога прадпрыемства не будзе далейшага развіцця. Таксама разглядаліся варыянты павелічэння пасяўных плошчаў, выкарыстанне розных відаў пасяўнога матэрыялу і іншыя вытворчыя моманты.
– Гэта прадпрыемства для Ляхавіцкага раёна з’яўляецца адным з валаўтваральных і перспектыўных. Уся тэхналогія, усе параметры вытрымліваюцца. Прадпрыемства сёння гатова да нарыхтоўкі льнотрасты, яе захоўвання і перапрацоўкі ў поўным аб’ёме. Сёння
ёсць інтарэс да нашай ільнопрадукцыі на знешніх рынках. Завод дынамічна працуе, развіваецца, з вельмі добрай рэнтабельнасцю і добрымі фінансавымі паказчыкамі,
– сказаў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці.
Рэзервы адназначна ёсць, і іх неабходна выкарыстоўваць – на гэтым акцэнтаваў увагу Аляксандр Ломскі падчас наведвання МТФ «Літва» ААТ «Шлях новы». Таксама памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці дэталёва разбіраўся ў падрыхтоўцы і складніках кармавой базы жывёлы. Размова з дырэктарам ААТ «Шлях новы» Андрэем Коктышам і работнікамі МТФ ішла пра надоі і прывагі, захоўванне кармоў і павелічэнне разнастайнасці і спажыўнасці кармавога стала, пра выкананне санітарных нормаў і правілаў утрымання жывёлы і іншыя важныя аспекты жывёлагадоўлі.
Разам са старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама Мікалаем Марозам памочнік Прэзідэнта Аляксандр Ломскі наведаў і іншыя аб’екты раёна.


Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.