Слова сябрам раёнкі

Раёнка 75 гадоў піша пра землякоў. У кожным яе нумары ў цэнтры ўвагі – працаўнікі, прафесіяналы, нераўнадушныя грамадзяне, людзі з грандыёзнымі планамі і вялікім сэрцам. Сваімі справамі, дасягненнямі, марамі яны натхняюць, падтрымліваюць, падштурхоўваюць, дапамагаюць.
Але гэты нумар адметны. Сёння ўзялі слова героі нашых публікацый, якія вырашылі расказаць пра сваё сяброўства з «ЛВ».

Андрэй СТУДЗЯНІЧНІК, начальнік РАУС:
– «Ляхавіцкі веснік» – гэта, перш за ўсё, крыніца дакладнай інфармацыі і не толькі мясцовай, прамая сувязь з насельніцтвам. Раёнка заўважае тое, міма чаго іншыя раўнадушна прахо-дзяць. Дзейсных прапаноў ад газетчыкаў паступае нямала. Удзячны за тое, як на старонках выдання падаюцца матэрыялы міліцэйскай тэматыкі – цікава, актуальна і інфарматыўна, прафілактычна. І ці патрэбна тлумачыць чаму ў калектыва РАУС 100-працэнтная падпіска на «ЛВ»?!

Аляксандр ВІТКО,   намеснік старшыні  СВК «Ляхавіцкі»:
– Пра нашу газету магу сказаць шмат добрага, як, дарэчы, і вельмі многія землякі. Прыемна, што часта і цікава пішуць пра вяскоўцаў і, у прыватнасці, пра нас, аграрыяў. Для людзей вельмі важна, каб іх працу заўважалі, цанілі. «Веснік» заўважае – і гэта заўсёды істотная падтрымка.
Са святам, дарагая раёнка!

Генадзій САКУЦЬ,  дырэктар ТАА «Трансэлектракамплект»:
– Раённая газета заўсёды ў мяне на стале. Ніколі не чытаю яе павярхоўна, на скорую руку, а ўдумліва, змястоўна. Многія работнікі «Трансэлектракамплекта» – таксама прыхільнікі раёнкі.
Радуюся кожнай перамозе «Ляхавіцкага весніка» ў творчых конкурсах.
Спадзяюся, што наша прадпрыемства будзе і ў далейшым надзейным дзелавым партнёрам, адданым сябрам любімай газеты. З 75-ым днём нараджэння, «Ляхавіцкі веснік», з юбілеем, сябры-газетчыкі!

Сяргей ПАМАЗАНСКІ, урач:
–Мая любімая, родная, надзвычай цікавая – такая для мяне раёнка. Пасябраваў з «ЛВ» яшчэ школьнікам, і з часам гэта сяброўства больш умацавалася. Дзякуй «Веснік», за твой погляд на жыццё, за артыкулы і нарысы пра землякоў. Дзякуй за ўвагу да аховы здароўя і да медыкаў. Разам мы стаім на варце здароўя жыхароў Ляхавіччыны. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, ты малады, прыгожы і сучасны.

 

Надзея ПАТАПЧЫК, стараста в. Бенькаўцы:
– «Ляхавіцкі веснік» – гэта свет. У ім усе навіны – раёна, вобласці, краіны, а яшчэ расказы пра землякоў, экскурсы ў гісторыю. Кожная з рубрык – цікавая, мне асабліва падабаюцца матэрыялы, што друкуюцца пад рубрыкамі «100 радкоў ад рэдактара», «Маналогі Вольгі Барадзіной». І, бадай, галоўнае, за што бязмежна паважаю раёнку, – яе любоў і ўвагу да чытача і адданасць роднай беларускай мове.
Па серадах і суботах мае аднавяскоўцы-землякі з нецярпеннем чакаюць паштальёна – трэба бачыць, з якім задавальненнем і ўвагай разглядаюць і чытаюць яны свежы нумар «ЛВ».

Ірына ПІСКУН, ветэран-педагог:
– Хачу сказаць дзякуй за разумную газету, якую люблю ўсёй душой. Заўсёды бяру раёнку ў рукі з задавальненнем. І нават цяпер, калі чытаць цяжкавата з-за стану здароўя, стараюся не прапусціць ніводную цікавую публікацыю. Калектыву рэдакцыі і ўсім землякам – віншаванні з юбілеем. Добрых усім навін!

Ірына РУСАКЕВІЧ,  начальнік АДС «Жарабковічы»:
– У Жарабковічах «Ляхавіцкі веснік» – газета нумар адзін. Па серадах і суботах мы, паштальёны, з задавальненнем дастаўляем яе практычна ў кожны дом. Дзякуючы прафесіі, я з газетай разам ужо 19 гадоў. Бачыла, як яна змяняецца ад нумара да нумара, становіцца ярчэй і цікавей, як з’яўляюцца новыя рубрыкі і праекты. З інтарэсам чытаю пра жыццё раёна і пра лёсы людзей. А калі на старонках «Весніка» пішуць пра нашых, жарабковіцкіх, то яны становяцца сапраўднымі мясцовымі зоркамі.

Галіна і Алег ЗЫРАНАВЫ, в. Крывошын:
– «Ляхавіцкі веснік», ты быў, ёсць і, спадзяёмся, будзеш нашым верным, надзейным спадарожнікам на жыццёвым шляху. Колькі натхнення для творчасці дае шчыры калектыў рэдакцыі! Супрацоўнічаць з вамі – у радасць. Кожная сустрэча – ні з чым не параўнальнае глыбокае пачуццё, калі разумееш адзін аднаго з першага слова. Бярэш у рукі свежы нумар, і цябе кружыць віхур падзей, што адбываюцца навокал. Як жа добра, што ты ёсць, наша раёнка!

Ларыса ГЛЕБ,  бібліятэкар Падлескай СБ:
– Сябраваць з газетай бацька прывучыў.
Як не будзеш ты чытаць, калі ты тут жыў?
Дзед на пошце працаваў, вершы важныя складаў,
І заўжды раёнка дзядзьеў друкавала,
Я з маленства самага раёнку ўжо чытала.
Ну а потым і сама першы верш даслала.
На «Ляхавіцкі веснік» заўжды падпішуся.
Дружбаю з табою вельмі ганаруся!

Наталля ЛОЙКА,  дырэктар прыватнага  прадпрыемства «Арт-Наталі»:
– Маё сяброўства з «ЛВ» пачалося з дзелавога супрацоўніцтва. Дзевяць гадоў назад пачала ў Ляхавічах сваю справу – адкрыла кафэ «Калі ласка». Лепшая рэклама паслуг – прэзентацыя на старонках раёнкі.

Міхаіл ПЯТРОЎСКІ: галоўны спецыяліст  райсельгасхарчу:
– «Ляхавіцкі веснік», можна сказаць, быў адным з маіх першых чытанняў. Узяўся за раёнку, калі яшчэ чытаў па складах. Бацькі заўжды выпісвалі і цяпер выпісваюць нашу газету. Яна такая разнапланавая, што цікавае ў ёй можа знайсці кожны незалежна ад узросту і прафесіі. Далейшых поспехаў табе, любімая і самая лепшая газета! Наогул, у мяне асаблівыя адносіны да раёнкі. Бязмежна ганаруся тым, што ў Год моладзі стаў уладальнікам спецыяльнага, прымеркаванага да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, прыза «Ляхавіцкага весніка».

Зінаіда ДУДКО, выхавальнік дзіцячага сада:
– Колькі жыву ў Ляхавічах, раёнка для мяне – настольная газета, сябар, кансультант і крыніца дакладнай інфармацыі, неад’емная частка жыцця ўсёй сям’і. Падпісчыца з 40-гадовым стажам, чытаю яе ад першай да апошняй старонкі. А яшчэ вельмі люблю пераглядаць фотаздымкі на сайце «ЛВ». Не на ўсіх раённых мерапрыемствах можам пабываць. А электронная версія газеты дапамагае ў падарожжы па мясцовых падзеях.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *