Поўная перамога дзюдо. Другі адкрыты турнір па дзюдо памяці Сяргея Свянтэцкага завяршыўся ў Ляхавічах

Маці героя Ала Свянтэцкая і намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Хазалбек Атабекаў

7 лістапада герою споўнілася б сорак

Нягледзячы на тое, што афіцыйная трактоўка рэспубліканскімі спаборніцтвы не пазіцыянуе, рэальнасць дае цвёрдую падставу разглядаць іх іменна ў такой якасці. Мінск, Брэст, Кобрын, Жодзіна, Смаргонь, Давыд-Гарадок Столінскага раёна, Івацэвічы і Новыя Стайкі гэтага ж раёна, магутны дэсант з Баранавіч і Баранавіцкага раёна, канешне ж, гаспадары-ляхавічане, якія выставілі на дамашняе татамі аптымальна-максімальны склад удзельнікаў. Усяго каля 250 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 9 да 15 гадоў удзельнічалі ў турніры.

І вось загад па зале: камандам пастроіцца для правя-дзення ўрачыстага адкрыцця турніру. Сярод яго гасцей і, у пэўнай ступені, гаспадароў намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, камандзір Уладзімір Гаўдур і ваеннаслужачыя вайсковай часці 7404, у спісы асабовага складу якой навечна залічаны радавы Свянтэцкі, маці героя Ала Свянтэцкая, намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Хазалбек Атабекаў, член нацыянальнай зборнай Беларусі па дзюдо Уладзіслаў Цярпіцкі, чый шлях у вялікае дзюдо пачынаўся, умоўна, з гэтай залы, іншыя.
Палкоўнік Атабекаў у звароце да спартсменаў, арганізатараў мерапрыемства, гасцей назваў турнір вялікай справай у імя памяці салдата, загінуўшага пры выкананні воінскага абавязку. Барацьба дзюдо, па меркаванні намесніка камандуючага ўнутранымі войскамі, з’яўляецца спортам, які загартоўвае характар, фарміруе асобу, найлепшым чынам рыхтуе будучых абаронцаў Айчыны.
На спаборніцтвах было ўсё, што суправаджае падобнага кшталту спартыўны раўт: барацьба характараў, эмацыянальнасць, моманты радасці ў выніку ўдала і вынікова праве-дзенага дзеяння і наадварот, засмучэнне ў выніку, калі рэферы на татамі аб’яўляў пераможцам схваткі твайго саперніка.
Як адзначыў трэнер-выкладчык СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Віктар Богуш, ні адна з каманд не дамінавала і ні адна не выпала з медальных разборак. Кожная дружына павезла ў свае гарады прызы з ляхавіцкага турніру.
У Ляхавічах жа засталіся тры залатой вартасці турнірныя ўзнагароды. Вызначыліся юнакі, выхаванцы ўжо адзначанага вышэй трэнера Богуша: мацнейшыя ў сваіх узростах і вагавых катэгорыях былі нашы Мацвей Анікей, Мікіта Пінчук і Раман Бацкалевіч. У дадатак да тройкі пераможцаў, выступленне многіх ляхавіцкіх дзюдаістаў атрымалася прызавым. Асаблівую масавасць у гэтым праявілі дзяўчаты, у якіх сем другіх месцаў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *